Вы тут

З акна маёй свядомасці…


Эквадор… Далёкая, экзатычная для нас краіна вечнага лета, дзе нават у студзені тэмпература часцяком не падае ніжэй за дваццаць градусаў. Краіна высокіх гор, вулканаў, пальм, гевей, бальзавых дрэў, кавы, бананаў. Краіна мужнага народа, што змог перажыць каланіяльную навалу, войны, рэвалюцыі і адрадзіцца ў незалежнай краіне. Краіна надзвычай цікавай сінкрэтычнай культуры, што спалучае ў сабе рысы іспанскай і старажытнай індзейскай культурнай спадчыны. Даўным-даўно тэрыторыя сучаснага Эквадора ўваходзіла ў склад магутнай імперыі інкаў, і некаторыя таямніцы старажытнай дзяржавы захоўваюцца і цяпер, амаль праз тысячу гадоў!


Зразумела, што ўсё гэта не магло не паспрыяць нараджэнню індывідуальнага і яркага мастацтва Эквадора. У рамантычным па духу эквадорскім жывапісе выкарыстоўваюцца элементы індзейскага і негрыцянскага фальклору, пануюць абагульненыя выразныя формы, гучныя фарбы. Здзіўляе яркай прыгажосцю і архітэктура экватарыяльнай краіны: ад кафедральных сабораў Кіта і Гуаякіля да Мастацкай галерэі… Эквадорская літаратура, узнёсла рамантычная, жорстка рэалістычная, падкрэслена мадэрновая, на жаль, мала вядомая беларускаму чытачу. Для знаёмства з ёй рэдакцыяй абраны цікавы самабытны паэт Хорхэ Карэра Андрадэ, які ў розныя перыяды творчага жыцця звяртаўся да зусім непадобных адзін да аднаго кірункаў і, у рэшце рэшт, стварыў цікавую, так бы мовіць, рэалістычна-анімістычную, чароўную паэзію.

«Я быў дзіцём без ілюзій, жыў твар у твар з рэальнасцю, укараніўся ў зямлі, і ўсю сваю любоў аддаў сціплым прадметам, якія атачалі мяне», — узгадваў паэт. Відавочна, адсюль яго пільная ўвага да бытавой дэталі, пейзажа, нацюрморта. Аднак не трэба забывацца на тое, што паняцце «прадмет», «рэч» было для продкаў паэта, індзейцаў, надзвычай шырокім. Кожная рэч мае душу і надзяляецца траістым сэнсам: рэальным, вобразным і рэлігійным. З такога ўспрыняцця свету вырасла лацінаамерыканская літаратура з яе магічным рэалізмам. Крытык Эдманд Жалу падкрэсліваў: «Роля магічнага рэалізму заключаецца ў пошуках у рэальнасці таго, што ёсць у ёй дзіўнага, лірычнага і нават фантастычнага — тых элементаў, дзякуючы якім паўсядзённае жыццё робіцца дасягальнай для паэтычных, сюррэалістычных і нават сімвалічных пераўтварэнняў». Падобныя пераўтварэнні адбываюцца з рэальнымі рэчамі і ў паэзіі Хорхэ Карэра Андрадэ. Першыя яго зборнічкі атрымалі глыбока сімвалічныя назвы «Невымоўная сажалка» і «Гірлянда маўчання». А вось вялікая анталогія вершаў паэта носіць імя «Інвентар свету». Займаючы дыпламатычную пасаду, творца наведаў шмат краін. І ў кожнай знаходзіў знакавыя, непаўторныя вобразы, што пасяляліся ў яго сэрцы. «Я — чалавек Эквадора, які спрабаваў пазнаць свет, каб разгарнуць у ім сваё жыццё ў падарожжа… Я жыў, каб бачыць… Я намагаўся стварыць вопіс рэальнасцей свету, як я іх бачыў з акна маёй свядомасці», — тлумачыў Хорхэ Карэра Андрадэ. Давайце ж і мы паглядзім на свет праз чароўнае шкло гэтага акна.

 

Юлія АЛЕЙЧАНКА

 

 

Хорхе Карэра АНДРАДЭ

(1902—1978)

 

Кніга пяшчоты

 

На шкляное старонцы,

                     ў пераплёце аконным,

на ракіце заззялі

                        белых росаў каралі,

паказалася вечнасць

                         засынаючым копам,

і хмызняк незвычайны,

                               як галіна карала.

 

Загусцела наўколле, як смала на распіле,

а над студняй заплакаў

                              калаўрот не ад гора…

Можа, за паваротам

                           той сцяжыны Вяргілій

дзесь сустрэўся сягоння з усмешкай Тагора.

 

Як абрад ачышчэння захад сонца прымаю

і шчымлівую ласку

                           п’ю я з чашы аконнай,

дзе на споведзь спяшае лугавіна нямая

і вярба разважае над загадкай зялёнай.

 

 

Цётачка Ісаліна

 

Цётка Ісаліна, яблычны румянец.

Цётка Ісаліна, не знайсці мілей,

як падлогу мые, ажно ззяе глянец,

быццам вокны лашчыць дожджык-вадалей.

 

Цётка Ісаліна, залатыя рукі.

Цётка Ісаліна, госці на парог —

Маладзеюць вочы, саладзеюць гукі,

Значыць, сёння будзе казачны пірог.

 

Не пражыць без феі цёткі Ісаліны.

Зранку зачаруе кожны яе крок:

варыць нам кампоты альбо сушыць дыні

і слязой зацірку соліць незнарок.

 

Поўны таз варэння, малако ў бітоне…

Цётка Ісаліна, фея дзетвары.

Помню, як сягоння: цёплыя далоні,

што прапахлі дыняй, гладзяць нам віхры.

 

 

Прывычка

 

Я еду па чыгунцы часу

ў кампаніі старых каструль,

працёртых крэслаў

і дзіўна знаёмых твараў,

якія пражываюць у нумарах маёй памяці.

 

Самыя разнастайныя і неверагодныя прадметы

раз-пораз нагадваюць мне пра сябе:

манеты, аўтаручкі, гнуткія лыжкі і гэтак далей, —

аж да дзівака дамавіка,

патанулага ў плачы дзвярных завес.

 

А таксама замочныя шчыліны,

што каравуляць ля кожных дзвярэй,

і кнопкі званкоў, чуйныя, як аголеная скура,

і выключальнікі,

каторыя так паслухмяна і лоўка

хаваюць ноч, выкрасаючы дзённае святло.

 

Гэтак я і еду без прыпынкаў

па нязведаным маршруце

ў нерухомым вагоне кватэры,

дзе каструлі перамігваюцца з люстэркам,

з гэтым летапісцам хатняга быту.

 

 

Навальніца

 

На круп узгорка

промень, нябесны каваль,

ставіць пячатку кляйма.

 

З самай высокай кропкі

коціць гром

поўную бочку.

 

Падпяразваецца

сяміколерным поясам

неба пасля дажджу.

 

Пераклад Уладзіміра МАЗГО.

 

 

Патаемная біяграфія сына

 

Мікраскапічны згустак жывога,

птушкі маленькай, меншай за колас…

Толькі ўжо, як руда ў дальніх нетрах,

у мацярынскім улонні твой голас.

 

У цёмных затоках крыві паслухмянай

спее і шырыцца кропелька-кокан,

дзе прарастаць будзе старанна

сіла жыцця з нервовых валокан.

 

Павекі цяжкія яшчэ не расклеіць,

цягнешся прагна да новага свету,

што пупавінай надзейнай не змерыць…

І заварушышся ў поўнач планетай.

 

Тыкаеш маці знутры, падшыванец,

дорыш чакання і веры дзівосы.

Быццам танцуеш няведамы танец,

з гэтага часу надзелены лёсам…

 

 

Прывітанне партоў

 

Чалавек Эквадора,

паганяты цяглых жывёл, земляроб

на зямлі ў колерах дзвюх пораў года,

прадавец ракавінак і бананаў,

на беразе, спісаным агнямі і марамі,

садавод, што росціць каўчук,

гаспадар каноэ на рацэ Амазонцы,

я табе шлю прывітанне ад партоў,

ад пейзажаў прамысловай зоны.

 

Шакаладны Амстэрдам,

чаўны, як драўляныя чаравікі ў агародным канале,

дамкі, маляваныя, чыстыя,

як служкі з рахманымі рухамі

і паветра — садавода сябра надзейны.

Гамбург, зацукраны ў снезе,

з люлькай у Эльбы чахле,

марская мова скрыгочучых кранаў

і радасць марская верфей,

што калоніі ўраз заснавалі.

 

Марсель з фарбаванымі донкамі

колеру кветкавых людзей;

прадаўцы рыбы

ведаюць песні ўсіх частак свету,

і на сталах — ананас афрыканскі

побач з дыняй-касмапаліткай,

чорныя масліны

і падводная глыб

ў гулкіх бляшанках.

 

Цягнікі — акрабаты

на начных тонкіх мастах.

Караван судоў рэжа зары вадаспад.

І вось да самай сярэдзіны неба —

Парыж, найпершы порт чалавечы;

набярэжныя Сены з кніжнымі рыбакамі;

Люксембургскі сад — рай для карміліц.

Эйфелева вежа — жырафа сярод вежаў.

 

Усё пяе ўва мне, калі чую, як самалёты

міжнароднай вясны

рэжуць неба каштоўную далеч.

Я на лініі заходніх цягнікоў

заняты рэгістрацыяй свету:

адзначаю ў сваім акенцы

нараджэння і смерці небакраі,

распальваю ў сваёй люльцы

межы чытален з чарапіц у вёсках

і дрэсірую крыві маёй цырк

біццём сэрца сусвету.

 

 

Філасофія дыму

 

Пад вокладкай кніжнай — стан ружы тонкі:

квітнеюць за мурам высокім старонкі,

ды брамка сама  адчыняецца звонку.

 

А ружа над плёсам — як келіх з рубіну,

дзе пах завярнуўся пругкай спружынай,

гатовы праліцца на плёс лебядзіны.

 

Агонь жа — душа альбо думак гарэнне

той зоркі, што дорыць нябёс галашэне

і сэрцаў, щначы пацярпелых крушэнне.

 

Хоць кніга крылатая, крылы малыя:

закрылі старонку — і кнігу забілі,

хаваючы ў цёмных каморах і пыле.

 

І келіх цудоўны паб’е грозны вецер,

а дымнае полымя ў подыху смерці

сыходзіць на неба, як хворыя дзеці.

 

Згараюць пакуты і гора гадзіны…

Магчыма, таму і пасланы яны нам,

каб у небе растаць задумлівым дымам.

 

 

У трэцім класе

 

У вагоне трэцяга класа

салдат адкаркоўвае штыком

бляшанку часу.

Токар здымае

           двухкаляровую стружку з яблыка.

А дзесьці на варанёным даху паравоза

стаілася безбілетніца-поўня.

 

Берлінскія піўніцы.

Піва колеру зыркіх вачэй.

Зялёны кірмаш на плошчы Лютэра.

Статыстыкай улічана кожная хлебная драбінка,

           якую з’еў верабей.

Снегапад — першая споведзь зямлі;

«Вось і зіма!» — радасна паўтараюць

                            мужчыны і жанчыны.

Кёльнскі сабор —

сталагмітавы гай,

струмені граніту з фантана,

          што ўрэзаліся ў блакіт,

паветраны замак шэрані,

акамянелы акорд.

 

Па дарозе з Кёльна ў Парыж

у вокны кідаюцца юныя нівы.

Вецер гладзіць залатыя пасмы палёў,

што забыліся на вайну:

нават шкілетам немаўлят, зарытых

           у гэтым чарназёме,

споўнілася цяпер дванаццаць год.

 

Бельгія. Вакзальны гадзіннік паказвае час

             з дакладнасцю да стагоддзя.

Блакітныя салдацікі, блакітныя фасады.

За гэтай сцяной — Брусель.

На сялянскі калёсах два метра гарода

             едуць на кірмаш.

 

Вуліцы Парыжа быццам знаёмы з маленства,

хаця першы раз іх бачыш.

Трыумфальная арка ўкленчыла пад цяжарам гісторыі.

Птушкі на саборы Нотр-Дам,

        быццам крылатыя барэльефы.

Рулетка круглай плошчы Згоды —

там я паставіў на белы нуль поўні

         сваю надзею.

Аднойчы на выхадзе ранкам з Луўра,

         я зразумеў, што лёд —

гэта вада, што зрабілася статуяй.

 

І праз слыхавое акно па канаце белага промня

можна залезці на край небасхілу.

У гэты калодзеж часам глядзяць

хмары-вандроўнікі і галубы.

 

Пераклад Юліі АЛЕЙЧАНКІ.

 

 

Клара фон РЭЙТЭР

 

Як яблык у вазе, сіропам абліты,

твой голас вандруе на пяты паверх

ў прызрыстым кубіку ліфта.

 

Метро загайдала падземныя рухі.

У цёмным тунэлі святлее вагон

адбіткам тваёй памаранчавай скуры.

 

Аўтобус нясе па праспектах сталіцы

вачэй тваіх позірк, павейкі сярпом,

калоссем духмяным, што мне будзе сніцца.

 

Вышэй, нібы тонкая нота калібры,

у сшытку шкляным між парадных дзвярэй

мільгне профіль твой, быццам лоўкі экслібрыс.

 

 

Заклік у абарону зялёнага колеру

 

Колер зялёны марскі, адмірал зялёных адценняў.

Колер зялёны зямны, сябра ўсіх земляробаў,

прадвесне мараў аб шчасці агульным

бясконцы статак аблокаў, што  пасуцца на небе.

 

Падводнае гаю святло,

дзе расліны, жамеры ды птушкі жывуць і кахаюць

ў маўклівай любові да вечназялёнага творцы.

Зялёны водар смачнай піты, —

яна ў раслінным рондалі

вырабляе густую вадкасць

з дажджу і цемры скразной.

 

Трапічны стол, дзе сваім зялёным султанам

нацягвае сок ананас стракаты.

Хмызы на зялёных купінках,

бедныя сваякі пагоркаў.

 

Зялёная музыка мошак, што п’юць без супыну

палатно шаўковіцы шчыльнай,

маскіты, што селяцца ў скрынях,

мутна-зялёны барабанчык жабкі.

 

Зялёны кактуса шал

і дрэваў чаканне, што сеткай зялёнай збіраюць

цудоўны птушыны ўлоў.

Вось колер зялёны ўвесь, ўся радасць сусвету,

што тоне ў моры, імкнецца да неба,

па рэчцы бруіць, — у вучэльні, дзе малююць аголеную натуру,

і тускнее, быццам жывёла, пад ветрам.

 

 

Самота гарадоў

 

Не ведаючы нумара свайго.

Абкружаны мурамі і межамі.

Пад вязнем-месяцам,

месяцам з вечным ценем ля пяткі.

 

Жывыя межы паўстаюць:

адлегласць — крок да майго кроку.

 

Няма поўначы, поўдня, захаду і ўсходу.

Ёсць толькі памножаная самота,

самота падзеленая на колькасць людзей.

Бег часу па арэнах цыферблатаў,

трамваяў вантробы,

храмы з атлетычнымі спінамі,

сцены, што чытаюць па складах каляровыя словы, —

усё гэта зроблена з адзінокага выкапня,

з самотнага рэчыва.

 

Вобраз самоты:

муляр спявае на рыштаваннях,

нерухомая лужына ў нябёсах.

Вобразы самоты:

пасажыр з’ядае газету, марнуючы час,

вобраз каханай хавае лакей на грудзях.

 

Горад мае выгляд мінерала.

Гарадская геаметрыя не такая прыгожая

ў адрозненне ад той, што мы ў школе вучылі.

Трохвугольнік, яйка, кубік цукру, —

тое папросту адукацыя на свяце формаў.

Потым з’яўляецца акружына:

першая жанчына, першы месяц.

 

Дзе была ты, самота?

Я не ведаў цябе год да дваццаці.

У цягніках, у люстэрку, на фота:

ты заўсёды са мною.

 

Сяляне на настолькі самотныя,

таму што складаюць адзінства з зямлёю.

Дрэвы іх дзеці,

змену пораў года яны адчуваюць целам уласным,

прыкладам ім — жыцці маленькіх жывёлаў.

 

Гэтая самота харчуецца кніжкамі,

вандроўкамі, раялем і агеньчыкамі натоўпаў,

гарадамі, нябёсамі, аўтамабілямі,

шквалам пены,

дзе мора мяжуе з зямлёю.

Вынаходніцтвы адкрытыя ўсе.

Але няма таго, што вызваліць нас ад самоты.

 

Мапы, што скарбы хаваюць на гарышчах.

Слёзы палаюць у тытунёвым дыме.

Самоту не пахаваеш спевам гітары.

Яна шпацыруе па бедных кватэрах,

гандлюе вопраткай самагубцаў

і хавае сутнасць словаў у дратах тэлеграфных

самота.

 

Пераклад Адама ШОСТАКА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?