Вы тут

Мадэль з ДЦП не зважае на стэрэатыпы


Яна заражае сваім аптымізмам, уражвае бясстрашнасцю і здзіўляе поглядамі на жыццё. Ангеліна Уэльская — першая беларуская мадэль з ДЦП — спрабуе ламаць стэрэатыпы не толькі ў дачыненні да людзей з адрознымі магчымасцямі. Яна ўпэўнена, што кожны чалавек здольны дасягнуць поспеху, калі не будзе ствараць уяўныя межы альбо дазваляць іншым навешваць на сябе розныя ярлыкі.


У 17 гадоў Ангеліна адмовілася ад інваліднай каляскі, хоць напачатку абыходзіцца без яе было фізічна складана. Затое так яна змагла атрымліваць вышэйшую адукацыю, адчуць «смак» студэнцкага жыцця — сядзець з равеснікамі на лекцыях, выбірацца ў кавярні пасля экзаменаў. Пакуль Ангеліна рухаецца з падтрымкай, але штодзень стараецца прайсці не менш за кіламетр, і кожная такая прагулка для яе як маленькі подзвіг. Яна прызнаецца, што любіць спорт, трэніруе прэс і нават спрабавала з'ехаць на горных лыжах.

Ангеліна робіць кар'еру ў мадэльным бізнесе і ўсяму свету паказвае, якія крэатыўныя, моцныя духам і незалежныя ад стэрэатыпаў людзі жывуць у Беларусі. Напачатку ў яе было толькі вялікае жаданне стаць мадэллю. Яна глядзела шоу Тайры Бэнкс і запісвала парады, чытала Станіслаўскага. Працавала над сабой перад люстэркам, прыдумляла цікавыя ідэі, на якія адгукаліся фэшн-фатографы. Яна навучылася не заўважаць крыўдных слоў, нават пра свой псеўданім «Анёл Уэльса» (проста скарочаныя сапраўдныя імя і прозвішча) ёй даводзілася чуць: «Як такая паквапілася на падобнае». Яна прызнаецца, што мадэлінг — складаная справа, каб дасягнуць поспеху, важна не толькі ўмець сябе падаць, трэба запасціся цярплівасцю, не зважаць на адмовы, неразуменне і нават бруд, без чаго не абыходзіцца, калі спрабуеш прасоўвацца ў адзіночку, без магутных апекуноў і сувязяў. Было і такое, што пад выглядам працы ў мадэльным агенцтве дзяўчыну зазывалі аказваць секс-паслугі.

Цяпер з Ангелінай пачала супрацоўнічаць Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Удзельнічаючы ў здымках сацыяльнай рэкламы, дзяўчына расказвае маладым людзям пра новыя магчымасці, заяўляе, што важна не страціць чалавечую годнасць і веру ў сябе.

Ангеліна не баялася складанасцяў — і выйгравала. Яна пазнаёмілася з многімі вядомымі цікавымі асобамі шоу-бізнесу, выходзіла на подыум на Тыдні моды ў Маскве і годна прадстаўляла нашу краіну. Яе здымкам у ніжняй бялізне англічане ставяць лайкі і пакідаюць водгукі кшталту «абсалютная прыгажосць», амерыканцы запрашаюць да сябе, запэўніваюць, што ў дзяўчыны ёсць вялікі патэнцыял для таго, каб пакарыць іх мадэльны рынак ды і прыўнесці новае, тым больш што Ангеліна — адна з першых прафесійных мадэляў з ДЦП у свеце. Дзяўчына нават знялася ў фільме, дзе, па сутнасці, іграла саму сябе. У яе шмат ідэй і планаў, сярод якіх распрацоўка брэнда артапедычнага абутку, праца ў сферы высокай моды. І, безумоўна, Ангеліна хоча быць фінансава незалежнай — гатова заключыць кантракт з вялікімі кампаніямі і рэкламаваць іх тавары (тым больш што такі вопыт у яе ўжо ёсць). Ну, і як жа без гэтага, — яна хоча стварыць сям'ю і выгадаваць дваіх дзетак.

— Пражыць у чатырох сценах — не для мяне, — прызнаецца дзяўчына. — Нават маленькай увесь час уяўляла сябе папулярнай — спявачкай ці актрысай. Мадэлінг — гэта і любімая справа, і зыход ад складанай рэальнасці. Я вырвалася з нейкай шэрасці, цемры, пачала адчуваць, што такое свята. Мадэльная справа мяне моцна змяніла, я стала больш упэўненай, моцнай, мне прасцей завязваць новыя знаёмствы. Здаецца, я і хадзіць стала лепш.

Калі плывеш супраць цячэння, атрымліваеш развіццё. Чым бы я ні вырашыла займацца, для мяне гэта заўсёды, як маленькая рэвалюцыя.Так, я адзіная студэнтка з асаблівасцямі, якая скончыла ўніверсітэт культуры па спецыяльнасці «менеджмент сацыяльна-культурнай дзейнасці». Маладыя людзі з цэрабральным паралічом вучацца ў асноўным на бібліятэкараў, і пакуль яшчэ ніхто не адважыўся асвойваць прадзюсаванне і шоу-бізнес.

Я марыла аб тэатральнай прафесіі — і цяпер вучуся ў магістратуры Акадэміі мастацтваў. Нядаўна ўпершыню выйшла на прафесійную тэатральную сцэну, няхай пакуль толькі ў ролі фотамадэлі, але я ледзьве не заплакала, бо адчувала, што гэта маё, вось яшчэ адна мая мара збываецца. Я працую над дысертацыяй аб постдраматычным тэатры, пішу сцэнарый спектакля, у якім у якасці акцёраў могуць быць задзейнічаны людзі з адрознымі магчымасцямі, мару стварыць тэатр, у якім будуць спалучацца мода і драма. І наконт мадэлінгу ў мяне ёсць планы. Мне хочацца заявіць пра сябе ў высокай модзе, там ёсць асаблівы дух і нават філасофія. У той жа час я стаўлю сабе задачу выйсці на подыум і ў якасці ўдзельніцы шоу-паказу бялізны ад вядомай кампаніі-вытворцы «Вікторыі Сікрэт». Гэта вяршыня для прыгожых, сексуальных дзяўчат, бо адчуваю, што ўнутры я такая ж, як яны.

...Ёй пішуць з усяго свету, захапляюцца, просяць парады, дзякуюць, нават спрабуюць яе капіраваць. Былі і лісты ад людзей, якія прызнаваліся, што ім не хацелася жыць. Напрыклад, ад дзяўчыны з Грузіі, што стала інвалідам у выніку ваеннага канфлікту, альбо ад хлопца з ДЦП з Кітая. Ангеліна Уэльская для іх — як анёл, што нясе надзею.

— Я стараюся адказваць усім, хто мне піша. Але разумею, што не магу ўсім дапамагчы. Часта людзі не чуюць маіх парад, яны патрабуюць, просяць, ціснуць на жаль, маўляў, «мы з табой адной крыві, дапамажы нам стаць мадэлямі». Трэба ісці сваім шляхам, задумацца, чаго хочаш ад жыцця. Часам людзі не ведаюць, што ім трэба. Яны павінны вызначыцца з мэтамі, мець нейкі матэрыял, праекты, ідэі, прадумаць, як сябе падаваць. Інтэрнэт адкрывае магчымасці для камунікацыі. А яшчэ важна не адступаць, калі адразу не атрымліваецца...

P.S. Ангеліну заўсёды падтрымлівае сям'я. Нельга не захапляцца гэтымі людзьмі. Яны не страчваюць аптымізму і зрабілі ўсё магчымае для таго, каб іх дачка вырасла шчаслівай і жыццярадаснай. У іх шмат чаму можна павучыцца.

Загаловак у газеце: Анёл з моцным духам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».