Вы тут

Жменька памяці


Амаль праз 70 гадоў сваякі сяржанта Івашкова даведаліся, што іх продак спачывае ў беларускай зямлі.

Брацкая магіла ў Лагойску. Побач са скульптурай воіна, што сімвалізуе веліч савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сціпла ўзвышаюцца невялічкія абеліскі. Пунсовыя, з чырвонымі зоркамі, помнікі быццам выстраіліся ў адну лінію, адзін каля аднаго, — як, напэўна, тыя, каго яны ўвекавечваюць, у 1941-м...


Дач­ка сал­да­та, Яў­ге­нія Ні­кі­ці­на: «Жмень­ка зям­лі з баць­ка­вай ма­гі­лы і з та­го мес­ца, дзе ён за­гі­нуў, бу­дзе заў­сё­ды на­гад­ваць аб яго подз­ві­гу».

Іх было трое. Малодшы сяржант Сяргей Сураў, чырвонаармеец Васіль Валасянкоў і сяржант Яўген Івашкоў атрымалі заданне — абараняць участак дарогі каля Лагойска.

Ішлі першыя дні вайны. Вораг толькі-толькі заняў сталіцу Беларусі. Гэтым тром, як і многім іншым, не было наканавана дажыць да Перамогі. Не змаглі юныя салдаты паўдзельнічаць і ў самых ключавых бітвах Вялікай Айчыннай вайны. У сяржанта Івашкова заклініла кулямёт. Пакуль спрабаваў яго адрамантаваць, нямецкая артылерыя скасіла ўсіх...

— Тры салдаты, па ўсім відаць, прыкрывалі дарогу Мінск — Віцебск, — расказвае вядучы спецыяліст упраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл падпалкоўнік запасу Аляксандр Лугін. — Мяркуецца, што загінулыя складалі кулямётны разлік. Аб гэтым сведчыць знойдзены кулямёт «Максім», патроны да яго.

Але былі тут і іншыя знаходкі. Падчас земляных работ па пашырэнні дарогі рабочыя натрапілі на чалавечыя косткі. Акрамя астанкаў трох салдат і спадарожных знаходак, вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна, якія неўзабаве прыбылі на месца, паднялі з зямлі тры медальёны. Нягледзячы на павер'е, якое хадзіла сярод вайскоўцаў, яны былі запоўнены. У ходзе экспертызы — прайшло амаль 70 гадоў! — удалося высветліць, хто тут загінуў у першыя дні вайны.

Сваякі Яўгена Івашкова — толькі іх змаглі адшукаць — быццам чакалі гэтую навіну. Колькі гадоў прайшло! Яны маглі толькі здагадвацца, як склаўся лёс іх продка. Доўга не думаючы, сабраліся ў дарогу: вельмі ж хацелі наведаць яго магілу, а таксама ўбачыць месца, дзе Яўген Івашкоў прыняў апошні бой. Ужо ў кастрычніку 2008 года на лагойскай зямлі сустракалі дачку салдата, Яўгенію Нікіціну, яго ўнука Аляксандра, якія прыехалі з Ноўгарада, а таксама пляменніцу — дачку старэйшай сястры Івашкова, якая прыбыла з Санкт-Пецярбурга.

Яўгенія Нікіціна расказала, што свайго бацьку яна не памятае. Ды і як гэта магчыма, калі нарадзілася яна ў студзені 1941-га, а ўсяго праз два месяцы главу сям'і прызвалі на зборы. З іх ён ужо не вярнуўся. Хутка пачалася вайна, і родныя зразумелі, дзе можа быць іх бацька. Тое, што ад яго не было ні вестачкі, прымушала задумацца, як склаўся яго лёс, але ж надзея ўсё роўна жыла... Прайшло шмат гадоў, і ўсе прызвычаіліся да думкі, што іх продак загінуў. Толькі ніяк не давала спакою тое, што яны не ведалі, дзе ён пахаваны.

Сяр­жант Яў­ген Іваш­коў.

Супакоіліся толькі тады, калі прыехалі ў Беларусь і наведалі брацкую магілу, куды з воінскімі ўшанаваннямі былі перапахаваны астанкі загінулых. Пабывалі яны і на тым месцы, дзе летам 1941-га загінуў іх продак. Жменьку гэтай зямлі яны ўзялі з сабой — як напамін аб тым подзвігу, які здзейсніў сяржант Івашкоў, абараняючы беларускую зямлю.

kanyuta@zvіazda.by

Паважаныя чытачы, у кожным горадзе і многіх вёсках нашай краіны ёсць помнікі і пахаванні Другой сусветнай вайны. Калі вы ведаеце гісторыю іх стварэння або можаце расказаць пра людзей, якім яны прысвечаны, то падзяліцеся гэтым з чытачамі. Цікавыя аповеды будуць апублікаваны на старонках «Звязды» — такім чынам, разам з вамі мы дапаможам ажыццявіць віртуальнае падарожжа па месцах баявой славы.

Дасылайце вашы аповеды на паштовы адрас газеты «Звязда» (вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск) або па электроннай пошце (іnfo@zvіazda.by) з пазнакай — на конкурс «Абеліскі параненай зямлі».

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.