Вы тут

Новы профіль «прыкладная матэматыка» адкрываецца ў Ліцэі БДУ


Новы профіль «прыкладная матэматыка» з вывучэннем матэматыкі і інфарматыкі на павышаным узроўні адкрываецца з гэтага года ў Ліцэі БДУ.


Ва ўсім свеце сёння імкліва развіваецца вытворчасць праграмнага забеспячэння і навукаёмістых тэхналогій, што патрабуе наяўнасці кваліфікаваных кадраў: спецыялістаў па інфармацыйных тэхналогіях, праграмаванні і абароне інфармацыі. Педагогі Ліцэя БДУ таксама адзначаюць актыўны інтарэс вучняў да інфармацыйных тэхналогій і факультатыўных заняткаў па інфарматыцы. Штогод ліцэісты паспяхова выступаюць у розных рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах па гэтым профілі. Акрамя таго, многія выпускнікі Ліцэя БДУ ў далейшым паступаюць на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі ўніверсітэта.

У 2016-2017 навучальным годзе ў Ліцэі БДУ плануецца адкрыць адзін клас па прыкладной матэматыцы. Школьнікам, якія пажадаюць вучыцца па гэтым профілі, трэба будзе здаць уступныя экзамены па матэматыцы і інфарматыцы.

Такім чынам, навучанне ў Ліцэі БДУ будзе ажыццяўляцца ўжо па сямі профілях: фізічным, матэматычным, прыкладной матэматыцы, хіміка-біялагічным, хіміка-матэматычным, філалагічным і гісторыка-грамадазнаўчым.

Яшчэ адной навіной уступнай кампаніі 2016 года стане з'яўленне на афіцыйным сайце Ліцэя БДУ «Асабістага кабінета абітурыента». Зарэгістраваўшыся на гэтым электронным рэсурсе, можна будзе даведацца пра час і месца правядзення экзаменаў, вынікі іспытаў і прахадныя балы.

Прыём дакументаў ад ахвотных стаць ліцэістамі будзе весціся да 6 мая па адрасе: Мінск, вул. Ульянаўская, 8 з панядзелка па пятніцу з 9.00 да 17.00 і па суботах з 9.00 да 14.00.

Рэпетыцыйныя выпрабаванні пройдуць на серверы дыстанцыйнага навучання Ліцэя БДУ httр://е-lусеum.bу з 1 па 5 мая. А ўступныя экзамены запланаваны на 15, 22 і 28 мая.

Без экзаменаў у Ліцэй БДУ паступаюць прызёры заключнага этапу рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Дарэчы, сёлета на Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах ліцэісты заваявалі 67 дыпломаў: 23 дыпломы першай ступені, 16 — другой і 28 — трэцяй. А ў 2015 годзе кожны дзявяты абітурыент у краіне, які набраў 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, скончыў Ліцэй БДУ.

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Матэматыка + інфарматыка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.