Вы тут

Будаўніцтва ва ўмовах эканоміі


Самы старажытны горад Беларусі Полацк вядомы далёка за межамі нашай краіны сваёй прыгажосцю. У райцэнтры шмат музеяў і помнікаў, скульптур, сквераў, паркаў. Каб усё ўбачыць, не спяшаючыся, дня не хопіць. Наколькі складана ў няпростыя для эканомікі нашай краіны часы «калысцы гарадоў беларускіх» захоўваць спадчыну і будаваць новыя аб'екты?

Карэспандэнт «Звязды» задаў з гэтай нагоды тры пытанні намесніку старшыні Полацкага райвыканкама па архітэктуры і будаўніцтве Аляксандру Міхалевічу.


— Сёлета спаўняецца тры гады, як горад Полацк і Полацкі раён фактычна сталі адной адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай. Як, на ваш погляд, аб'яднанне адбілася на жыцці тутэйшых?

— На сёння магу дакладна канстатаваць, што мінусаў няма. Наадварот (і гэта не толькі мая думка), новае дыханне атрымала глыбінка. У прыватнасці, палепшыўся ўзровень абслугоўвання насельніцтва на раёне ў частцы аказання медыцынскіх і камунальных, бытавых, іншых паслуг. Гэта адбылося таму, што аб'ядналіся адпаведныя структуры. У выніку аптымізацыі штатнай колькасці кіраўнічага апарата грошы пайшлі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый: ЖКГ, адукацыі, культуры. У раёне пражываюць прыкладна 24 тысячы грамадзян і каля 85 тысяч — у Полацку. З рознымі пытаннямі ў райвыканкам, да аб'яднаных службаў звяртаюцца і жыхары Наваполацка, якія маюць дачы, працуюць у раёне. Прымаюцца адпаведныя рашэнні, аказваецца дапамога, калі трэба падтрымка.

— Напэўна, нялёгкі з фінансавага пункту гледжання час «замарозіў» работы па рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры, рэалізацыю планаў па стварэнні мемарыялаў?

— Хай не так, як хацелася б у ідэале, але ўсё не так сумна. На рэстаўрацыю славутай Спаса-Праабражэнскай царквы, першапачаткова ўзведзенай у XІІ стагоддзі, выдаткавана за апошнія два гады 4 мільярды рублёў. Там сярод іншага аднаўляюцца ўнікальныя фрэскі.

Скульптур, помнікаў новых, на жаль, у найбліжэйшай перспектыве вы не ўбачыце. Задача — захаваць тыя, што ўжо ўстанавілі. Зразумела, з часам яны старэюць, дзесьці адбываецца разбурэнне.

Наконт памятных месцаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай... Многае ўжо зроблена і не будзе пакінутым. Толькі сёлета на рамонт помніка 23-м гвардзейцам, якія ў 1944 годзе вызвалялі горад, з мясцовага бюджэту плануем выдаткаваць прыкладна 500 мільёнаў рублёў.

Каб рэалізаваць усё задуманае на мемарыяле «Пяскі», трэба прыкладна 9 мільярдаў. Падтрымка аказваецца многімі грамадзянамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі з розных куткоў краіны. Расіяне дапамагаюць у архіўных пошуках звестак пра загінуўшых. Нагадаю, што ў гэтым месцы знаходзіўся лагер смерці. Акупанты ў ім знішчалі ваеннапалонных і мірнае насельніцтва. Па некаторых звестках, колькасць палеглых перавышае 100 тысяч. Летась усталявалі Сцяну памяці з імёнамі тых, чые прозвішчы дакладна вядомыя.

— Аляксандр Мікалаевіч, якія сёлета будуць здадзеныя «пад ключ» аб'екты сацыяльнага прызначэння? Асобна, калі ласка, праінфармуйце пра будаўніцтва жылля.

— Распрацоўваецца дакументацыя для будаўніцтва садка ў мікрараёне «Аэрапорт-3». На жаль, дашкольных дзіцячых устаноў не хапае. У перспектыве трэба зрабіць, каб яны былі ў «крокавай даступнасці».

Жылля летась пабудавалі 17,8 тысячы квадратных метраў пры заданні 16 тысяч. Сёлета запланавана 26 тысяч «квадратаў». Цяпер, у залежнасці ад тыпа дому, «квадрат» каштуе ад 9 да 10,5 мільёна рублёў. У мікрараёне «Аэрапорт-6» завяршаем будаўніцтва шматкватэрнага дома.

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.