Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Вікторыя Азаранка трэці раз у кар'еры выйграла тэнісны турнір у Маямі, футбольны чэмпіянат краіны стартаваў на мінулых выхадных, а хакейны сезон скончыўся перамогай мінскага «Юнацтва». Актуальныя спартыўныя навіны — у штотыднёвым аглядзе «Звязды».


1. Вікторыя Азаранка стала пераможцай турніру катэгорыі «Прэм'ер» у амерыканскім Маямі. У фінальным паядынку яна была мацнейшай за расіянку Святлану Кузняцову — 6:3, 6:2.

Гэта трэці ў сезоне і другі запар пераможны турнір для Вікторыі — у студзені яна выйграла спаборніцтвы ў аўстралійскім Брысбене, а два тыдні таму перамагла ў Індыян-Уэлсе.

Прэзідэнт Беларусі і прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Вікторыю Азаранку з заваяваннем тытула чэмпіёнкі Mіаmі Ореn 2016 года. «Твая надзвычай яркая гульня на найлепшых кортах планеты, перамогі над самымі моцнымі тэнісісткамі свету прыносяць шмат радасці ў кожны беларускі дом, пачуццё гонару за сваю краіну і яе выдатных прадстаўнікоў», — гаворыцца ў віншаванні. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Вікторыі Азаранцы за мэтанакіраванасць і неверагодную волю да перамогі, якая плавіць стальныя нервы саперніц і разбурае іх непрыступныя бастыёны. Прэзідэнт пажадаў спартсменцы моцнага здароўя і новых перамог.

2. На выхадных стартаваў 26-ты чэмпіянат Беларусі па футболе. Найбольш вынікова яго пачаў чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ, які разграміў у гасцях брэсцкае «Дынама» (4:1). Футбалісты мінскага «Дынама» перамаглі жодзінскі «Тарпеда-БелАЗ» — 2:0. Салігорскі «Шахцёр» сустрэўся з адным з дэбютантаў элітнага дывізіёна «Гарадзеяй» і атрымаў перамогу 1:0. Яшчэ два пачаткоўцы вышэйшай лігі правялі свае стартавыя сустрэчы на выездзе і набралі першыя балы. Футбалісты «Іслачы» перайгралі наваполацкі «Нафтан» — 2:0, а мінскія «Крумкачы» ў Бабруйску згулялі ўнічыю з «Белшынай» — 1:1. У Мазыры «Славія» згуляла ўнічыю са «Слуцкам» — 1:1. Такі ж вынік у матчы гродзенскага «Нёмана» і мікашэвіцкага «Граніта». Футбалісты «Мінска» ўзялі верх над гасцямі з «Віцебска» — 1:0.

3. Беларускія спартсмены заваявалі 10 узнагарод на чэмпіянаце Еўропы па скачках на батуце. Уладальнікам двух залатых медалёў стаў Уладзіслаў Ганчароў. Ён перамог у індывідуальных скачках і ў пары з Мікалаем Казаковым выйграў спаборніцтвы ў сінхронных скачках. Мужчынская зборная краіны стала сярэбраным прызёрам у камандным турніры, саступіўшы толькі расійскім батутыстам. У спаборніцтвах жанчын беларуска Ганна Гарчанок заваявала серабро ў індывідуальных скачках. Таксама ўзнагароды рознай вартасці заваявалі беларусы на юніёрскім турніры.

4. Хакейная каманда Прэзідэнта краіны выйшла ў фінал ІХ рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод аматараў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У паўфінальным паядынку на лёдзе «Чыжоўка-Арэны» дружына кіраўніка дзяржавы сустракалася з хакеістамі Брэсцкай вобласці і перамагла — 6:3. У другім паўфінале каманда Гомельскай вобласці ў Жлобіне з «сухім» лікам 2:0 нанесла паражэнне хакеістам Мінскага рэгіёна.

Такім чынам, у фінальнай серыі за першае месца (да дзвюх перамог) згуляюць каманды Прэзідэнта і Гомельскай вобласці. Першая сустрэча адбудзецца 9 красавіка, другая — 16-га, і трэцяя, калі спатрэбіцца, — 17 красавіка. За бронзавыя медалі 9 красавіка паспрачаюцца хакеісты Брэсцкага і Мінскага рэгіёнаў.

5. Сталічнае «Юнацтва» сёмы раз у сваёй гісторыі выйграла чэмпіянат Беларусі па хакеі ў экстралізе. У вырашальным пятым матчы мінчане аказаліся мацнейшымі за хакеістаў «Шахцёра» — 4:3.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Яна вярнулася з перамогамі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.