Вы тут

Перспектыва ў кааперацыi


У сталiцы прайшло пасяджэнне дзелавога савета па супрацоўнiцтве памiж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай i Гаспадарчай палатай Сербii. Сербская дэлегацыя налiчвала больш за 130 чалавек. Гэта прадстаўнiкi дзелавых колаў i буйных кампанiй з розных сфер дзейнасцi: машынабудавання, сельскай гаспадаркi, будаўнiцтва, харчовай i хiмiчнай прамысловасцi.


Мiнiстр эканомiкi Сербii Жэлька СЕРЦIЧ лiчыць, што адносiны памiж нашымi краiнамi знаходзяцца на высокiм узроўнi. Але разам з тым ёсць магчымасць да iх паляпшэння. Таваразварот за мiнулы год склаў каля 100 млн долараў, што значна нiжэй за магчымасцi патэнцыялу двух бакоў. Да 2020 года плануецца выйсцi на паказчык у 500 млн долараў. Станоўчым фактарам для павелiчэння таваразвароту з'яўляецца дзейнае пагадненне аб свабодным гандлi, дзякуючы якому тавары бесперашкодна курсуюць памiж краiнамi.

Па словах намеснiка старшынi Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзiмiра УЛАХОВIЧА, Беларусi i Сербii неабходна прадоўжыць развiваць вытворчую кааперацыю, разумеючы тое, што абодва бакi не з'яўляюцца значнымi гульцамi сусветнага рынку ў параўнаннi з некаторымi дзяржавамi. У Сербii сёння ёсць сумесная з Беларуссю зборачная вытворчасць трактароў, таксама iдзе актыўная праца над сумеснай вытворчасцю i продажам на рынку трэцiх краiн супрацьпажарнай тэхнiкi, аптымiзуецца тавараправодная сетка. Сумесныя беларуска-сербскiя кампанii па вытворчасцi аўтобусаў на газавым палiве i тралейбусаў з'яўляюцца перспектыўным напрамкам, якi забяспечыць патрэбы Сербii, а таксама краiн блiзкага замежжа.

Акрамя паляпшэння адносiн на вытворчым узроўнi, бакi чакаюць павелiчэння актыўнасцi ў сферы паслуг. Адзiн з перспектыўных напрамкаў — гэта супрацоўнiцтва ў IT-сектары, якi ў Сербii таксама добра развiты. Сербскiя фiрмы супрацоўнiчаюць з сусветнымi кампанiямi ў гэтай галiне. Падчас форуму адбывалася падпiсанне пагаднення памiж беларускiм прадпрыемствам «Мотавела» i сербскiмi партнёрамi. Важнай тэмай у галiне машынабудавання для дзвюх краiн з'яўляецца вытворчасць аўтакампанентаў. Гэтае пытанне цяпер знаходзiцца ў актыўнай стадыi перамоў.

kryzhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?