Вы тут

Кітайскія інвестары гатовы купіць два сельгаспрадпрыемствы


Дзелавыя людзі з правінцыі Ганьсу Кітайскай Народнай Рэспублікі прачыталі інфармацыю аб магчымым продажы сельгаспрадпрыемстваў на афіцыйным сайце беларускага Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.


Там узгадваюцца і дзве гаспадаркі Іванаўскага раёна. Яны зацікавілі патэнцыйных інвестараў. Дэлегацыя правінцыі прыбыла ў Брэст і правяла перамовы з кіраўніцтвам Брэсцкага аблвыканкама. Праўда, да гэтага начальнік аддзела знешнеэканамічных сувязяў урада правінцыі Ганьсу спадарыня Ян ЛІПІН наведала іванаўскія калгасы «Кастрычнік-Агра» і «Баравіца» яшчэ ў снежні мінулага года. Цяпер жа на сустрэчы з першым намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалаем ТОКАРАМ былі абмеркаваны прававыя і эканамічныя бакі магчымай здзелкі. Партнёрам быў даведзены першапачатковы кошт гаспадарак. Так, СВК «Кастрычнік-Агра» ацэнены ў 68 мільярдаў рублёў.

Прадстаўнічая кітайская дэлегацыя наведала Іванаўскі раён. Як паведаміў карэспандэнту «Звязды» намеснік кіраўніка Іванаўскага райсельгасхарчу Пётр ДАБРАДЗЕЙ, госці засталіся задаволеныя візітам. Яны цалкам згадзіліся з пастаўленымі ўмовамі, першая з якіх прадугледжвае захаваць працоўны калектыў. Кітайскія партнёры выказалі намер пашыраць вытворчасць, напрыклад заняцца авечкагадоўляй, а на палях вырошчваць акрамя традыцыйных культур нават лекавыя травы. Госці агучылі праект па значным павелічэнні вытворчасці малака за кошт росту пагалоўя і ўдасканалення тэхналогій.

У складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі банкаў і іншых фінансавых структур, якім дадзены падрабязныя тлумачэнні пра асаблівасці беларускага заканадаўства. Спецыялісты Іванаўскага райвыканкама адказалі на ўсе пытанні гасцей. Ім таксама было растлумачана, што канчатковае рашэнне па пытанні здзелкі будуць прымаць Саўмін і кіраўнік дзяржавы.

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».