Вы тут

Нарач. Невядомыя старонкі


У кнізе «Бітва ля Нарачы. 1916» сабраны ўнікальныя дакументы і архіўныя фотаздымкі, якія публікуюцца ўпершыню.

У гэтыя дні шырока адзначылі 100-годдзе з пачатку адной з самых кровапралітных бітваў Першай сусветнай вайны — Нарачанскай аперацыі. Шэраг мерапрыемстваў адбыліся ў Мінску, Мядзельскім і Пастаўскім раёнах. Трагічныя падзеі стагадовай даўніны згадвалі падчас гістарычных чытанняў, «круглых сталоў», тэматычных экскурсій. Сапраўдным падарункам для тых, хто займаецца тэмай Першай сусветнай вайны, а таксама сімвалічным помнікам усім тым, хто загінуў ля Нарачы тады, стаў і выхад кнігі «Бітва ля Нарачы. 1916».


І дагэтуль у беларускай гістарыяграфіі не існавала грунтоўнага выдання, прысвечанага адной з найбуйнейшых аперацый таго часу. Выправіў памылку вядомы фатограф і эксперт па пахаваннях таго часу Уладзімір Багданаў. Пад адной вокладкай аўтар-складальнік сабраў унікальныя матэрыялы, якія не толькі ў дэталях апісваюць саму аперацыю, а і ахопліваюць перыяд да і пасля яе актыўнай часткі.

— Кніга — гэта не інтэрпрэтацыя тых падзей, а вялікі масіў дакументальнай інфармацыі, — падкрэсліў Уладзімір Багданаў. — Многія дакументы, перш за ўсё нямецкія, раней ніколі не былі даступнымі для рускамоўнага чытача. Асноўны раздзел складае кніга нямецкага аўтара Вальтэра Флекса, выдадзеная літаральна па гарачых слядах Нарачанскай аперацыі.

Манаграфія «Рускае вясенняе наступленне 1916 года», выпушчаная ў 1917-м, у кнізе Уладзіміра Багданава на рускай мове ніколі дагэтуль не публікавалася. Вядома, што спецыяльна для напісання гэтай кнігі Генеральны штаб выклікаў з фронту ў Берлін Вальтэра Флекса. У міжваенны час, дарэчы, пісьменніка ставілі побач з Рэмаркам і Юнгерам. І служыў ён якраз у тым палку, які ваяваў на Нарачы. На жаль, вайну ён так і не перажыў...

Упершыню ў кнізе «Бітва ля Нарачы. 1916» прадстаўлены і нямецкія «палкавыя гісторыі», напісаныя адразу пасля вайны па журналах баявых дзеянняў, рапартах і ўспамінах удзельнікаў тых падзей. Каб перакласці «палкавыя гісторыі» на рускую мову, трэба было прыкласці нямала намаганняў. Але, як прызнаецца аўтар перакладу з нямецкай мовы Уладзімір Заварошкін, гэта было вельмі цікава.

— «Палкавыя гісторыі» складаюць вельмі цікавы кавалак гісторыі, малавядомы для нас, — адзначыў ён. — Ды і ў Германіі яны выйшлі невялікім накладам. «Палкавыя гісторыі» змяшчаюць вялікую колькасць падрабязнасцяў з ваеннага побыту, з сітуацый на фронце, з асобных падзей, з якіх складвалася ўся гісторыя вайны. Сабраць гэтыя крыніцы і прывезці іх у Беларусь — гэта варта паклону.

Асобны раздзел кнігі «Мемарыял» адрозніваецца ад папярэдніх вялікай колькасцю фотаздымкаў з выявамі ваенных могілак і помнікаў Першай сусветнай вайны. Можна ўбачыць, як яны выглядалі ў гады ваеннага ліхалецця. Сучасныя ілюстрацыі паказваюць, у якім стане пахаванні знаходзяцца сёння. Іх аўтар — таксама Уладзімір Багданаў, які аб'ездзіў усе гэтыя месцы. Сярод яго фотаздымкаў адно і тое ж месца можна ўбачыць неаднойчы — аўтарам створаны цэлыя фотагісторыі пахаванняў. Менавіта дзякуючы Уладзіміру Багданаву, дарэчы, сталі вядомыя многія пахаванні, якія знаходзяцца на тэрыторыі Браслаўскага, Пастаўскага, Мядзельскага і Вілейскага раёнаў.

Усяго ў кнізе змешчана парадку 800 ілюстрацый. Каля 300 з іх — архіўныя, з асабістай калекцыі аўтара. Прычым практычна ўсе з іх публікуюцца ў першы раз. Як, напрыклад, унікальныя фотаздымкі наступлення ля Нарачы, зробленыя рускім афіцэрам Іосіфам Стаброўскім падчас бою.

Вядомы калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў даў высокую адзнаку калекцыі Уладзіміра Багданава. «Толькі адной Нарачанскай аперацыі прысвечана столькі фотаздымкаў! Па гэтай тэме такі масіў ілюстрацый прадстаўлены ўпершыню», — рэзюмаваў філакартыст.

Падчас прэзентацыі сабраліся аднадумцы аўтара і ўсе тыя, хто неабыякавы да тэмы Першай сусветнай вайны. Сярод іх — і пісьменнік Вячаслаў Бандарэнка, які прысвяціў гэтай тэме не адну кнігу.

Ула­дзі­мір БАГ­ДА­НАЎ (зле­ва) і Ула­дзі­мір ЛІ­ХА­ДЗЕ­ДАЎ  пад­час прэ­зен­та­цыі кні­гі.

— Напэўна, нам павінна было быць крыху сорамна, што дагэтуль у нашай краіне не існавала асобнага даследавання гэтай бітвы, — лічыць Вячаслаў Бандарэнка. — А між іншым, яна была вельмі цяжкая і кровапралітная. За 12 дзён ля Нарачы загінула і было паранена 78 тысяч афіцэраў і ніжніх чыноў Расійскай арміі (паводле звестак нямецкіх крыніц, 100 тысяч. — Аўт.). Гэтая аперацыя лічылася прайгранай і бессэнсоўнай. Да такіх тэм, як правіла, ваенныя гісторыкі звяртаюцца рэдка, бо ў першую чаргу ўсе памятаюць паспяховыя дзеянні і перамогі. А бітвы, якія быццам бы ні да чога не прывялі, на жаль, заўсёды знаходзяцца «на задворках».

Знаходзяцца, пакуль апантаныя пэўнай тэмай людзі не выведуць гэтую тэму з ценю. Так склалася і з Нарачанскай аперацыяй. Але цяпер гэтую важную ў нашай гісторыі падзею можна вывучаць па кнізе Уладзіміра Багданава.

kanyuta@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?