Вы тут

У Гомельскай вобласцi пачалі сяўбу раннiх яравых збожжавых культур


Гаспадаркi ўсiх раёнаў Гомельскай вобласцi прыступiлi да сяўбы раннiх яравых збожжавых культур. Комплекс захадаў, якi дазваляе забяспечыць правядзенне веснавых палявых работ у цэлым па вобласцi, прыняты, у гаспадарках масава вядуцца падрыхтоўчыя работы. Аднак пры гэтым супрацоўнiкi Камiтэта дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласцi выявiлi шэраг праблем у асобных сельскагаспадарчых арганiзацыях.


Практычна палова насення зернебабовых культур, нарыхтаванага ў гаспадарках да сяўбы-2016, мае нiзкую рэпрадукцыю, якая не дазваляе атрымлiваць высокiя ўраджаi культур. Пры гэтым у арганiзацыях Акцябрскага, Ельскага i Петрыкаўскага раёнаў на момант праверкi ўвогуле не было насення зернебабовых. Аналагiчная сiтуацыя i па насеннi шматгадовых траў. Па iх найбольш нiзкая забяспечанасць у сельгасарганiзацыях Нараўлянскага, Брагiнскага i Акцябрскага раёнаў.

Менш за чвэрць ад неабходнага назапашана мiнеральных угнаенняў. Да таго ж у шэрагу раёнаў вобласцi i асобных гаспадарках ёсць цяжкасцi з падрыхтоўкай сельскагаспадарчай тэхнiкi да сяўбы. I хоць па аператыўнай справаздачнасцi гатоўнасць машынна-трактарнага парка ў вобласцi складае прыкладна 90%, вынiкi кантрольных мерапрыемстваў сведчаць, што не ўсе гаспадаркi арганiзавалi на належным узроўнi работу па падрыхтоўцы сельгастэхнiкi. Сур'ёзныя недахопы выяўлены ў Добрушскiм, Лоеўскiм i Акцябрскiм раёнах. Напрыклад, у ААТ «Чырвоная Буда» Добрушскага раёна з пяцi энерганасычаных трактароў адзiн не адрамантаваны, а два знаходзяцца ў рамонтнай арганiзацыi, бо няма сродкаў на аплату кошту рамонту.

У КСУП «Страдубка» Лоеўскага раёна з чатырох энерганасычаных трактароў рамонт патрабуецца двум. Аналагiчныя факты нiзкай гатоўнасцi сельскагаспадарчай тэхнiкi выяўлены ў КСУП «Бывалькi» i «Ураджайны» Лоеўскага раёна, ААТ «Парэчча-Арэса» Акцябрскага раёна.

Мiж тым, як адзначаюць спецыялiсты дзяржкантролю, недастатковая работа па забеспячэннi насеннем, мiнеральнымi ўгнаеннямi i падрыхтоўцы сельгастэхнiкi можа негатыўна паўплываць на якасць сяўбы. Праблема разгледжана калегiяй камiтэта з удзелам службовых асоб аблвыканкама i райвыканкамаў, а таксама кiраўнiкоў арганiзацый. Размова iшла аб актывiзацыi ўсiх службаў, каб забяспечыць правядзенне сяўбы ў аптымальныя агратэхнiчныя тэрмiны. Таксама звернута ўвага на неабходнасць узмацнення персанальнай адказнасцi службовых асоб за падрыхтоўку i правядзенне веснавых палявых работ.

iost@zviazda.by

Загаловак у газеце: Нiзкая гатоўнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?