Вы тут

Сядзелка для хворага


Гэты напрамак работы ў Савецкім раёне сталіцы параўнальна новы. Але аддзяленне, якому было даручана аказваць тэрміновыя сацыяльныя паслугі, адразу стала запатрабаваным. Пра яго, як і пра хуткую медыцынскую дапамогу, звычайна ўспамінаюць тады, калі са старым чалавекам здарылася бяда...


Са­цы­яль­ны ра­бот­нік Іры­на Кап­ля на­вед­вае дзе­вяць па­да­печ­ных жан­чын.

Гэта можа быць нечаканы цяжкі інфаркт, інсульт ці моцная траўма ў час аўтакатастрофы. У выніку яшчэ ўчора дзеяздольны чалавек аказваецца прыкаваным да ложка. І добра, калі побач чулыя і фізічна моцныя муж ці жонка, спагадлівыя дзеці, сваякі, здольныя забяспечыць належны догляд. А калі не? Вось тут і пачынаецца ліхаманкавы пошук сядзелкі. Натуральна, спачатку вывучаюцца прапановы ў інтэрнэце. Іх дастаткова, але і цэны для пенсіянера ці чалавека з прыкладна сярэдняй зарплатай вельмі куслівыя: у Мінску адна гадзіна працы сядзелкі абыдзецца ад 3 да 5 долараў. Потым людзі звяртаюцца ў тэрытарыяльныя Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання — і нібы гара з плеч: тут цэны прымальныя — 20 тыс. рублёў за гадзіну.

Жыццё ўносіць карэктывы

— Паслугу сядзелкі аддзяленне аказвае не ўсім ахвотным. Для гэтага павінна быць адпаведнае медыцынскае заключэнне з паліклінікі аб тым, што пацыент страціў магчымасць самастойна рухацца і сябе абслугоўваць. Прасцей кажучы, гэта ляжачыя хворыя, — гаворыць загадчыца аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання цэнтра Марына Шаўцова.

Вось даволі распаўсюджаная сітуацыя. Дарослыя дзеці перавезлі да сябе з вёскі ў Мінск старую нямоглую маці ці бацьку.

Ці могуць яны разлічваць на падтрымку аддзялення?

— Мы гатовыя разглядзець і такі зварот, але пры наяўнасці мінскай рэгістрацыі. Дапамагаем у асноўным жыхарам з прапіскай у нашым раёне. Калі стваралася аддзяленне, то ўвогуле спачатку меркавалася прадастаўляць паслугу сядзелкі выключна адзінокім старым і нямоглым людзям (як правіла, інвалідам першай групы), у якіх няма ні блізкіх, ні нават сваякоў для догляду іх. І тое на пэўны і непрацяглы тэрмін, дастатковы для пераводу цяжка хворага ў інтэрнат ці афармлення яго на сацыяльны ложак. З часам узнікла неабходнасць пашырыць кола спажыўцоў паслуг аддзялення, зрабіць іх даступнымі для іншых старых людзей, не толькі адзінокіх, — расказвае Марына Мікалаеўна.

Спе­цы­я­ліст Тац­ця­на Акі­ма­ва зна­ё­міць на­вед­валь­ні­каў са срод­ка­мі рэ­абі­лі­та­цыі.

Вытрымліваюць не ўсе

Попыт на паслугі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання пастаянна расце. Бадай, самае складанае ў дзейнасці цэнтра — гэта падабраць людзей для працы сядзелкай. У цэнтр іх прымаюць па працоўнай кніжцы пасля гутаркі і падпісання тэрміновага дагавора. Работа — пры ўсёй яе відавочнай прастаце — патрабуе псіхалагічнай устойлівасці і пэўных медыцынскіх навыкаў абыходжання з цалкам ці часткова паралізаваным хворым, нярэдка са стратай маўлення, а бывае, і зроку, і слыху, часам з неадэкватнымі паводзінамі, нечаканай рэакцыяй на звычайныя словы. Псіхалагічная нагрузка таксама мае месца ў рабоце сядзелкі. І ўсё гэта за даволі сціплае ўзнагароджанне. Праўда, вядомы ўказ (які ў народзе назвалі ўказам «супраць дармаедаў») трохі павялічыў колькасць ахвотных паспрабаваць сабе ў гэтай ролі.

Але па-ранейшаму ўмовы работы сядзелкі вытрымліваюць не ўсе.

Тыя, хто застаюцца, гэта людзі, па словах Марыны Шаўцовай, з добрай душой і вялікім сэрцам. Яна расказала пра адну новенькую, якая нядаўна прыйшла ў цэнтр. Быццам бы ўсё добра спачатку складвалася: і з ляжачай бабулькай знайшла агульную мову, і яе сваякі былі задаволеныя якасцю паслугі. Раптоўна новенькая заявіла аб намеры звольніцца. Сталі разбірацца. Аказваецца, ёй... хочацца часам не проста сядзець каля ложка хворай, чытаць, нешта расказваць, слухаць успаміны аб былым, а займацца больш актыўнай працай. Маладой жанчыне знайшлі дадатковую нагрузку.

Узнікаюць часам і пытанні з атрымальнікамі паслугі. Часцей за ўсё яны хочуць бачыць у сябе сядзелку па выгадным ім графіку: дзве гадзіны раніцай і дзве гадзіны ўвечары. Для жанчыны-сядзелкі такі графік нязручны. Звычайна ўдаецца прыходзіць да кампрамісу: чатыры гадзіны запар у дзень. Гэта той мінімум, які дае нешта зарабіць. Каб было менш непаразуменняў і недарэчнасцяў паміж бакамі (спажывец і цэнтр), таксама заключаецца адпаведны дагавор. У ім вызначаюцца абавязкі сядзелкі ў кватэры хворага. Але спачатку прадстаўнік цэнтра разам з сядзелкай наведваюць месца будучай працы, знаёмяцца з пацыентам, умовамі работы. Пасля супрацоўнікі аддзялення сочаць за якасцю выканання паслуг, наведваюць сваіх падапечных, тэлефануюць ім перыядычна.

Пры­ём гра­ма­дзян пра­во­дзіць спе­цы­я­ліст ад­дзя­лен­ня  тэр­мі­но­ва­га са­цы­яль­на­га аб­слу­гоў­ван­ня На­тал­ля Жда­но­віч.

«Мясцовая ўлада нас чуе»

Дырэктар цэнтра Фёдар Лучыц ужо 11 гадоў працуе ў сацыяльнай сферы. На яго вачах адбывалася развіццё гэтай структуры, яе паступовае напаўненне новымі формамі работы. У выніку цэнтр стаў эфектыўней працаваць з тымі, каму неабходна неадкладная рэальная сацыяльная дапамога. А такіх, на жаль, менш не становіцца. Насельніцтва няўхільна старэе, а многія цяжкія хваробы маладзеюць. Фёдар Фёдаравіч гаворыць, што ён і яго калегі адчуваюць пастаянную падтрымку з боку мясцовай улады горада і раёна. Дзякуючы гэтаму нават у няпростых эканамічных умовах удаецца многае рабіць. У верасні мінулага года на пасяджэнні адміністрацыі Савецкага раёна комплексна разглядалася пытанне пра выкананне праграмы развіцця сацыяльнай сферы сталіцы. Са справаздачай выступаў і Фёдар Лучыц. Ён застаўся задаволеным размовай: многія яго прапановы, заўвагі былі пачуты і ўспрыняты мясцовай уладай.

— Паслуга сядзелкі — толькі адна з многіх сацыяльных паслуг цэнтра. Сёння на яго ўліку 370 чалавек, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе. Сярод іх 48 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У полі зроку цэнтра і 28 маладых інвалідаў, якія таксама не могуць абыходзіцца без падтрымкі. Усе яны карыстаюцца паслугамі аддзялення дзённага знаходжання, дзе не толькі бавяць час, але па меры магчымасцяў займаюцца карыснай справай.

А для дзеяздольных і энергічных пенсіянераў пры цэнтры працуюць клубы па інтарэсах.

Усяго пад дахам установы працуе пяць аддзяленняў. Спектр іх паслуг даволі шырокі: гэта і маральная падтрымка, і персанальная канкрэтная матэрыяльная дапамога, і розныя разавыя сацыяльныя паслугі, у тым ліку і магчымасць заказаць сацыяльнае таксі; набыццё лекаў і медпрэпаратаў, прадуктаў харчавання і прадметаў гігіены, прыборка кватэры, мыццё вокнаў і г.д. Кожная паслуга і яе кошт папярэдне агаворваюцца ў адпаведным дагаворы. Летась было аказана больш за 800 разавых паслуг (грошы паступаюць на пазабюджэтны рахунак). У Мінску ёсць аддзяленне сястрынскага догляду, куды можна на пэўны тэрмін змясціць цяжка хворага сваяка, каб, напрыклад, зрабіць невялікі рамонт у кватэры ці засяродзіцца на іншай неадкладнай справе. Цяпер працаздольныя родныя часцей афармляюцца на працу для догляду цяжка хворых бацькоў. І гэта таксама выйсце са складанай сітуацыі.

Гарадскія гісторыі

Работнікі сацыяльнай сферы Мінска нярэдка сутыкаюцца з прыкладамі абыякавасці і чэрствасці з боку родных у дачыненні старога чалавека, які трапіў у бяду. Вось дзве даволі тыповыя гісторыі. Маці і яе 40-гадовы сын, які часова не працуе, жывуць разам у кватэры. Пенсіі, пакуль маці была на нагах, хапала на больш-менш сціплае існаванне для абаіх. Раптоўна яе зваліў інсульт. Сын звярнуўся па дапамогу ў цэнтр, але працаваць не пайшоў, па-ранейшаму сядзіць у суседнім пакоі і чакае візітаў сваякоў. Тыя звычайна прыносяць хворай нешта смачнае паесці. Маці ёсць маці: яна дзеліцца ежай з сынам. І вельмі хвалюецца за тое, каб і надалей хапала пенсіі абаім, радуецца кожнаму яе павышэнню.

Другая гісторыя. Адзінокая старая жанчына завяшчала сваю кватэру маладой пляменніцы, відаць, не без разліку, што тая дапаможа ёй у цяжкую хвіліну. Аднак жанчына так і не дачакалася ад пляменніцы ўвагі і падтрымкі. Замест яе жанчыну даглядае сядзелка з цэнтра. Розныя бываюць сітуацыі. Аднак сумна робіцца ад таго, што ў цяжкі час чужыя бываюць больш чулымі, чым родныя.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?