Вы тут

«Дзеці падглядаюць пін-коды і крадуць грошы з банкаўскіх картак»


Менавіта з такімі злачынствамі ўсё часцей прыходзіцца сутыкацца праваахоўнікам. Аб гэтым у размове з карэспандэнтам «Звязды» паведаміў Вадзім ПЕТЫШ, намеснік начальніка арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС РБ.


— Сітуацыя ў дзіцячай злачыннасці паступова мяняецца, — кажа Вадзім Петыш. — Раней падлеткі пераважна кралі, хуліганілі, маглі машыну ўзяць чужую. Цяпер часцей здзяйсняць злачынствы ім дапамагаюць сучасныя тэхналогіі. Так, выпадкаў хакерства з боку школьнікаў мы не фіксавалі, але ўсё ідзе да гэтага. Тым часам дзеці падглядаюць пін-коды, крадуць грошы з банкаўскіх картак...

10 гадоў таму ў Беларусі ўсяго было зарэгістравана з дзясятак выпадкаў, калі падлеткі кралі з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі. У 2015-м — амаль сорак.

Ахвярамі малалетніх злачынцаў найчасцей становяцца незнаёмыя людзі, якія па неасцярожнасці «засвяцілі» пін-код. Самая вялікая сума грошай, якой атрымалася завалодаць малому парушальніку, склала крыху больш за тры мільёны рублёў.

Падобную праблему разглядалі нават на заканадаўчым узроўні і прыйшлі да рашэння знізіць планку адказнасці за крадзяжы з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі з 16 да 14 гадоў. Мера пакарання — тры гады зняволення альбо штраф. Для маладзейшых — пастаноўка на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх. Змены ў заканадаўстве пачнуць дзейнічаць ужо з красавіка.

Яшчэ адна праблема, якая клапоціць праваахоўнікаў, — захоўванне і распаўсюджванне тынейджарамі парнаграфіі. У дачыненні іх з-за гэтага міліцыя летась завяла 34 крымінальныя справы, пазалетась — 20. Дынаміка відавочная.

— Скінуў сябру з мабільніка на мабільнік інтымнае відэа — гэта распаўсюджванне, — працягвае Вадзім Петыш. — Паставіў «падабайку» пад відэа ў сацыяльных сетках, адлюстраваўся запіс у стужцы навін — ужо захоўванне. Гэта караецца законам.

Да такіх парушэнняў найчасцей прыводзіць дзіцячае глупства, жаданне пажартаваць з сябрамі, няведанне. Фігурантамі падобных спраў найчасцей становяцца не «цяжкія» падлеткі, а дзеці з добрых, забяспечаных сем'яў. Безумоўна, за падобную правіну дзіця ў турму не пасадзяць. Але і ахвотныя папоўніць кампанію «шчасліўчыкаў» на ўліку ў інспектара па справах непаўналетніх наўрад ці знойдуцца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».