Вы тут

Моцная матывацыя


Выбухі ў аэрапорце і ў метро, якія прагрымелі ў Бруселі 22 сакавіка і ў выніку якіх загінула больш за 30 чалавек і паранена больш за 230, сталі чарговым шокам для Еўропы. Ужо ў першыя гадзіны пасля тэрактаў, калі яшчэ не былі сабраныя сур'ёзныя доказы, было відавочна, што галоўным падазраваным з'яўляецца тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава». Вельмі падобны быў почырк з тэрактамі ў Парыжы, здзейсненымі 13 лістапада 2015 года, — наяўнасць самагубцаў-смяротнікаў, адразу некалькі выбухаў з кароткім прамежкам паміж імі, арышты вінаватых у парыжскіх выбухах. У прыватнасці, 18 сакавіка 2016 года ў брусельскім прыгарадзе Маленбек-Сэн-Жан быў затрыманы Салах Абдэслам, якога лічаць галоўным арганізатарам тэрактаў у Парыжы, праведзеных ім ад імя «Ісламскай дзяржавы».

Тэракты, безумоўна, паўплываюць на дыскусію аб забароне смяротнага пакарання ў Еўропе. Усё больш грамадзян ЕС будуць настойваць на яе вяртанні ў якасці меры пакарання для тэрарыстаў. Але наўрад ці яе вернуць — большасць пагодзіцца з тым, што гэтая мера пакарання не напалохае тых, хто сам узрывае сябе з мэтай забіць людзей вакол.

На ўзроўні Еўрасаюза ізноў успыхне дыскусія аб неабходнасці ўзмацніць супрацоўніцтва ў сферы бяспекі. Як правільна паказвае Джанлука Дзі Феа ў артыкуле, апублікаваным у газеце La Repubblіca 24 сакавіка, антытэрарыстычнае заканадаўства не аднолькавае ў 28 краінах ЕС, што дазваляе патэнцыйнаму камікадзэ выбіраць прытулак у Шэнгенскай зоне, дзе ён будзе чакаць моманту для нападу. Ёсць вельмі сур'ёзныя праблемы і з каардынацыяй па абмене інфармацыяй, і з жаданнем дзяліцца ёю паміж еўрапейскімі праваахоўнымі агенцтвамі. Для ЕС тое, што здарылася, стане матывацыяй узмацніць супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы бяспекі. У Еўрасаюзе яшчэ ў большай ступені стануць шанаваць тое, што беларускія ўлады затрымліваюць мноства падазроных замежнікаў, якія спрабуюць нелегальна ўехаць у ЕС, перарываюць спробы правозу ў ЕС зброі і выбухоўкі, эфектыўна змагаюцца з нелегальным транзітам наркотыкаў, якія з'яўляюцца адным з любімых спосабаў для тэрарыстаў усіх масцяў папоўніць фінансы.

Яшчэ больш маштабны тэракт з больш чым 70 ахвярамі адбыўся ў канцы тыдня на тэрыторыі Пакістана, хоць не даводзіцца сумнявацца, што на яго заходнія СМІ звернуць нашмат менш увагі. Выбух каля ўвахода ў парк з дзіцячай пляцоўкай, упадабаным месцы адпачынку сем'яў з дзецьмі, ажыццявіла арганізацыя «Джамаат-уль-Ахрара», звязаная з Талібанам. Галоўнай мэтай стала хрысціянскае насельніцтва. На тэрыторыі правінцыі аб'яўлена трохдзённая жалоба.

Да канца тыдня адбылася важная падзея для сірыйскага ўрада. Войскі прэзідэнта Асада змаглі цалкам вызваліць Пальміру. Галоўная значнасць перамогі ў тым, што яна атрымана ўжо пасля пачатку вываду паветраных сіл Расіі, што стане доказам здольнасці ўрада атрымліваць важныя перамогі пры меншай, чым раней, ваеннай падтрымцы Масквы. Тым не менш расійскія самалёты пры вызваленні Пальміры былі таксама задзейнічаны. Са стратэгічнага пункту гледжання перамога таксама важная — вызвалены горад размешчаны на трасе, якая злучае Дамаск і ўсходнюю частку Сірыі. На жаль, Пальміра, якая была нядаўна найважнейшым помнікам гісторыі хрысціянства, панесла такія страты, што ніколі ўжо не стане ранейшай, хоць прэзідэнт Асад і паабяцаў аднавіць яе.

Шэраг важных для Беларусі міжнародных сустрэч і мерапрыемстваў прайшлі на тыдні ў Мінску. 22 сакавіка адбыліся перамовы кіраўнікоў МЗС Беларусі і Польшчы Уладзіміра Макея і Вітольда Вашчыкоўскага. Міністр замежных спраў Беларусі падкрэсліў гатоўнасць дзвюх краін да вырашэння пытанняў, якія накапіліся ў адносінах, адзначыўшы: «Мы разумеем, што нейкія пытанні павінны быць вырашаны хутчэй, нейкія крыху пазней, але самае галоўнае, што з абодвух бакоў, як мне здаецца, ёсць нацэленасць на вырашэнне гэтых пытанняў, нават кампраміснае, і нацэленасць на вынік і гатоўнасць да іх вырашэння. Гэта самае галоўнае».

23 сакавіка адкрыўся Беларуска-грузінскі бізнес-форум. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, які прысутнічаў на адкрыцці, адзначыў, што тавараабарот дзвюх краін у 45 мільёнаў долараў недастатковы, у сувязі з чым трэба выходзіць на лічбу ў 200 мільёнаў долараў. Ён запрасіў грузінскі бізнес «да актыўнага выкарыстання магчымасцяў Беларусі, якія адкрываюцца ў сувязі з еўразійскай інтэграцыяй, новым «акном магчымасцяў» на заходнім кірунку і развіццём Беларуссю стратэгічнага ўсходняга вектара».

У сярэдзіне тыдня адбыўся візіт у Беларусь намесніка прэм'ер-міністра — міністра замежных спраў Славеніі Карла Эр'яўца. Сустрэчы на тэрыторыі Беларусі прайшлі ў вельмі сяброўскай атмасферы. Віцэ-прэм'ер зрабіў асаблівы акцэнт на тым, што Славенія заўсёды выступала супраць выкарыстання санкцый у дачыненні да Беларусі, і адзначыў, што яго краіна «вельмі шануе пазітыўную ролю Беларусі ў сваім рэгіёне, асабліва ў сувязі з крызісам ва Украіне».

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.