Вы тут

Байцы непаўналетняга фронту


У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі змагалася больш за 25 тысяч падлеткаў.

Яшчэ ў канцы 1944 года газета «Піянер Беларусі» прапанавала сабраць і надрукаваць успаміны юных удзельнікаў і сведак Вялікай Айчыннай. Задуму падтрымалі Кандрат Крапіва і Янка Маўр — і ў 1948 годзе выйшаў зборнік «Ніколі не забудзем». А напярэдадні 30-годдзя Вялікай Перамогі і 50-й гадавіны піянерскай арганізацыі газета «Зорька» выступіла з грамадскай ініцыятывай — сабраць юных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія змагаліся з ворагам. Так нарадзіўся легендарны батальён беларускіх арлянят.


Сёння яму — 45. Яго байцам — амаль удвая больш. З залічаных некалі ў батальён 757 чалавек засталося ўсяго каля сотні... Некаторыя з іх знайшлі ў сабе сілы, каб паўдзельнічаць у цёплай сустрэчы, якая днямі адбылася ў прэс-цэнтры Дома прэсы.

— За гады існавання батальёна беларускіх арлянят пры цесным узаемадзеянні з піянерскай і камсамольскай арганізацыямі, Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі праведзена вялікая праца па маральным і героіка-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, — адзначыў начальнік штаба батальёна беларускіх арлянят, старшыня камісіі юных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны Васіль КНЯЗЕЎ. — За гэты час адбылася вялікая колькасць мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай скіраванасці, створаны тэлевізійныя хранікальна-дакументальныя і мастацкія фільмы, выдадзены кнігі. Дзеці з вялікай цікавасцю і ўвагай слухаюць праўду пра вайну ад сваіх равеснікаў-піянераў грозных саракавых гадоў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі змагалася больш за 25 тысяч дзяцей і падлеткаў. Рана асірацеўшы, нароўні з дарослымі яны выконвалі зусім не дзіцячыя заданні: распаўсюджвалі лістоўкі, хадзілі ў разведку, шукалі зброю і перадавалі яе партызанам, былі сувязнымі, падрыўнікамі, кулямётчыкамі, ад'ютантамі армейскіх і партызанскіх камандзіраў. Разам з чырвонаармейцамі гналі нямецка-фашысцкіх захопнікаў з беларускай зямлі, вызвалялі краіны Заходняй Еўропы. На іх дзіцячых гімнасцёрках ззялі баявыя ордэны і медалі.

Героямі Савецкага Саюза — на жаль, пасмяротна — сталі Марат Казей і Зіна Партнова. Барыс Царыкаў найвышэйшай узнагароды быў удастоены за некалькі дзён да сваёй гібелі...

Разам з дарослымі аднымі з першых удар фашыстаў прынялі юныя абаронцы Брэсцкай крэпасці. Валя Зенкіна, Нюра Кіжаватава, Пеця Клыпа, Пеця Кацельнікаў і іншыя выхаванцы музычнага ўзвода дапамагалі параненым, насілі боепрыпасы, ежу, ваду.

Гомельскі юны падпольшчык і партызан Віця Кучаравы выжыў пасля двух расстрэлаў. Міша Белуш паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава. Ціхан Баран стаў беларускім Іванам Сусаніным. Мікалай Гойшык падарваў 7 варожых эшалонаў, не паспеўшы падкласці міну пад восьмы, кінуўся на рэйкі з мінай у руках. Сын палка Жора Арцёменкаў, будучы ў адным узводзе разведкі з Кантарыя і Ягоравым, разам з іншымі прыкрываў іх, калі тыя ўзнімалі Сцяг Перамогі над Рэйхстагам. Усяго ў штурме Берліна ўдзельнічала 10 сыноў палкоў з Беларусі.

Сынам палка быў і начальнік штаба батальёна беларускіх арлянят Васіль Князеў. Яго лёс падобны на лёсы ўсіх тых, хто не па гадах стаў дарослым. Калі пачалася вайна, Васілю Князеву было восем. Разам з сям'ёй жыў на Віцебшчыне. Вялікая Айчынная ў адно імгненне зрабіла круглымі сіротамі адразу траіх дзяцей.

— Усе чатыры браты і чатыры сястры маёй мамы былі ў партызанах, — расказвае юны ўдзельнік вайны. — Пасля чарговага налёту партызан на нямецкае злучэнне здраднікі выдалі некалькі сем'яў. Сярод іх была і наша. Спачатку забілі бацьку — куля дагнала яго літаральна на ганку роднай хаты. На наступны дзень злавілі маці. Яе, як і іншых партызанскіх жанок, вывелі на плошчу, абстаўленую кулямётамі. Павесіўшы жанчынам на шыі таблічкі, на якіх пазначалася, што яны партызанкі, гітлераўцы здзекаваліся з іх на вачах усіх жыхароў. Моцна закатаваных, іх прывялі да возера. Прымусілі выкопваць сабе магілы. Мама толькі і паспела крыкнуць: «Бывайце, дзеці!»

Гэтая жудасная карціна засталася ў памяці Васіля Князева на ўсё жыццё. У тое імгненне ён усё аддаў бы, каб загінуць разам з матуляй. Пацягнуўся да яе, як нямецкі бот загнаў яго ў канаву. Хлопчыка выхадзілі суседзі. Затым трапіў да партызанаў у брыгаду будучага Героя Савецкага Саюза Дзьячкова. Помніць, як у лапцях хадзіў у разведку. Дзецьмі палкоў сталі яго брат і сястра. У 1947 годзе Васіля Князева ўсынавілі.

Не ўсе непаўналетнія ўдзельнікі вайны дажылі да Перамогі. На франтах Вялікай Айчыннай загінулі 88 сыноў палкоў. У многіх у напамін аб іх страшным дзяцінстве засталіся шрамы ад куль і снарадаў. Але засталося і нешта больш важнае — чаго не ўбачыш звычайным вокам. Гэта тое, што звязвае беларускіх арлянят у адну вялікую сям'ю, якая завецца батальёнам.

Сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, старшыня Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Вікторыя МЕНАНАВА:

«Актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, якія запланаваны па святкаванні Дня Перамогі, Дня піянерскага сяброўства і памятнай даты пачатку Вялікай Айчыннай вайны, стануць і члены батальёна беларускіх арлянят. Тых, хто ў сілу фізічных магчымасцяў не зможа ў іх паўдзельнічаць, нашы цімураўцы і піянеры наведаюць дома».

kanyuta@zvіazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.