Вы тут

Не дазваляйце сабе быць моцнай


Што б мужчыны ні казалі, кожны з іх у душы марыць пра рамантычную асобу, якая нагадвае тургенеўскую паненку, нават калі ў гэты адрэзак часу ён сустракаецца з дзяўчынай «без комплексаў». Не верце, што прадстаўнікам моцнага полу падабаюцца практычныя жанчыны, рэалісткі, якія цвёрда стаяць на нагах! Сімбіёз кухоннага камбайна, пральнай машыны і пыласоса патрэбен толькі мужчыну-спажыўцу. Але такі мужчына не патрэбен вам!


Між іншым, роля непрактычнай асобы, далёкай ад штодзённасці і рэальнага свету, не толькі значна больш выйгрышная, але і прыносіць вельмі адчувальныя выгоды. Дайце мужчыну магчымасць аб вас клапаціцца. Будзьце крыху актрысай, паказвайце бездапаможнасць і збянтэжанасць у любой цяжкай (і не вельмі цяжкай!) сітуацыі. Жанчыны, якія выглядаюць слабымі і бездапаможнымі, дазваляюць нават не вельмі мужнаму мужчыну адчуць сябе моцным. А таму заўсёды выйграюць у яго вачах.

Любоў да сябе — ідэйны змест прынцыпу разумнага эгаізму, а яго практычнае выражэнне заключаецца ў тым, каб перакласці на плечы мужчыны як мага больш разнастайных абавязкаў, у тым ліку і тых, якія раней былі вашымі. Прымяняючы прынцып разумнага эгаізму з самых першых дзён вашага знаёмства з мужчынам, вы выхаваеце ў ім пачуццё адказнасці, якое вельмі спатрэбіцца, калі вы надумаеце выйсці за яго замуж.

Што для гэтага трэба?

  • Любіце сябе больш, чым свайго мужчыну. Чым больш вы будзеце зведваць цёплых пачуццяў да сябе, тым больш шанцаў, што ваш партнёр пакахае вас з той жа сілай.
  • Рабіце толькі тое, да чаго ляжыць душа, што вам цікава і выклікае станоўчыя эмоцыі. Ніколі не рабіце таго, чаго вам актыўна не хочацца рабіць. Калі вам не хочацца ехаць на дачу капаць градкі — не едзьце. Загубіўшы ўік-энд для таго, каб пасеяць пятрушку і кроп, вы, магчыма, упрыгожыце свой стол, але не сваё жыццё.
  • Не хадзіце ў госці да людзей, якія вам непрыемныя. Свайму абранніку вы гэтага, вядома, не кажыце, прымайце запрашэнне і... спакойна займайцеся сваімі справамі.
  • Калі ў вас назбіраўся поўны кошык бруднай бялізны, а вам хочацца пачытаць дэтэктыў або паглядзець любімы серыял — не адмаўляйце сабе ні ў чым. Калі муж бурчыць, што ў яго няма чыстых кашуль, — хай перыядычна мые іх сам. Рашыўшыся на сумеснае жыццё, вы не падпісвалі абавязацельствы па «бытавым абслугоўванні» яго персоны.
  • Увільваць ад непрыемных спраў можна такім чынам: ніколі не спрачайцеся з мужчынам, не кажыце, што вы лянуецеся або вам не хочацца, на словах згаджайцеся, што ўсё будзе зроблена, але пры гэтым... нічога не рабіце. А потым — разгубленая ўсмешка і: «Прабач, мілы, я зусім забылася!» або «Ах, як мне шкада, не сярдуй, калі ласка!». Ну як ён можа не дараваць?!
  • Ніколі не забывайце, што ў вас ёсць не толькі абавязкі, але і правы. Адваёўвайце сабе пабольш правоў і паціху пазбаўляйцеся ад абавязкаў.
  • Фізічная, брудная праца — не для вас. Калі са сцяны звалілася карціна — не спяшайцеся зноў яе павесіць. Любая жанчына ў стане ўбіць цвік у сцяну, але навошта ёй гэта рабіць?! Калі ў вашым доме ёсць істота мужчынскага полу — гэта яе прэрагатыва. Карціна няхай так і стаіць, прыхіленая да сцяны, да таго часу, пакуль істота, якая ганарліва называе сябе «мужчынам», не зробіць ласку дастаць драбінкі, малаток і цвік. Калі капае водаправодны кран, не спяшайцеся тэлефанаваць у дыспетчарскую, каб выклікаць слесара. Калі ў вашага спадарожніка жыцця рукі не з таго месца растуць, каб замяніць пракладку, дык хай хоць бы выкліча слесара. Заадно і павучыцца, як паправіць кран. (Дарэчы, ніякіх прамудрасцяў у гэтым няма, такую аперацыю цалкам можа здужаць мужчына нават з трыма вышэйшымі адукацыямі.)
  • Мужчын не трэба занадта шкадаваць. Любая нагрузка ім толькі на карысць. Праца ж, як вядома, малпу ператварыла ў чалавека, значыць і прадстаўніка мужчынскага полу можа ператварыць у мужчыну.
  • Беражліва стаўцеся да ўласнага добрага настрою. Ніколі не павышайце голасу, не крычыце, не спрачайцеся і не скандальце з мужчынам. Не марнуйце эмоцыі! Памятайце, што адмоўныя эмоцыі негатыўна адбіваюцца на знешнасці жанчыны.
  • Навучыцеся гаварыць «не». Праблема многіх жанчын у тым, што яны вельмі лёгка кажуць «так» і не ўмеюць прамаўляць «не». Адмаўляючы каму-небудзь, абгрунтуйце прычыну. Калі ваша матывіроўка апанента не задаволіць — яму ж горш.
  • Ніколі не вяслуйце, седзячы ў лодцы з мужчынам (сказанае, вядома ж, не варта разумець толькі літаральна). Вобразна кажучы, будзьце па жыцці штурманам, але не весляром.
  • І самае галоўнае: НЕ ПСУЙЦЕ мужчын тым, што бераце на сябе іх функцыі!

Асвоіўшы гэтыя прынцыпы, вы зразумееце, што можна атрымліваць задавальненне ад жыцця, не расчароўваючы іншых, не ўшчамляючы іх інтарэсы, але пры гэтым і не крыўдзячы сябе.

Загаловак у газеце: Уключаем... эгаізм

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».