Вы тут

Мікалай Казека: «Рызыка ў фрыстайле? Яна заснавана на досведзе, ведах»


Уласныя поспехі — справа часовая. Але ёсць тое, што можа надаць былым перамогам новае жыццё і, калі атрымаецца, «бяссмерце», — магчымасць навучыць іншага рабіць так, як і ты, і нават лепей. Наш сённяшні герой перавысіў гэтую планку: не выступаючы як фрыстайліст, выхаваў трох алімпійскіх чэмпіёнаў, якія ў гэтым відзе спорту заваявалі шэсць алімпійскіх медалёў. Мікалай КАЗЕКА, галоўны трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле, чэмпіён СССР у скачках на батуце, стаяў ля вытокаў стварэння фрыстайлісцкай беларускай спартыўнай школы, якой амаль праз тыдзень споўніцца трыццаць гадоў.

Надзею, што яна будзе надалей жыць і развівацца, даюць маладыя. Напрыклад, адзін з першых выхаванцаў Мікалая Іванавіча Дзмітрый Дашчынскі, двухкратны прызёр Алімпійскіх гульняў, ужо другі год працуе трэнерам у юніёрскай камандзе, перадае здабыты шматгадовай працай неацэнны (бо занадта дарагі ў маральным эквіваленце) досвед.

Наша размова з Мікалаем Казекам прысвечана яго дню нараджэння, які адбудзецца ў хуткім часе, і юбілею стварэння фрыстайла ў Беларусі. У гутарцы сам-насам мы разам шукалі формулу поспеху для беларускага спартсмена, разважалі пра родную мову і тое, колькі сярод нашых суайчыннікаў сапраўдных чэмпіёнаў.


— Перад тым, як сустрэцца з героем інтэрв'ю, я заўжды гляджу, як пра яго адгукаюцца дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ. Часта меркаванні супрацьлеглыя. А вас усе без выключэння хваляць!

— Не можа такога быць! (Смяецца.) Наколькі я ведаю, меркаванне пра мяне неадназначнае. Але лічу, што трэба адстойваць свой пункт гледжання ў дачыненні да справы, прафесіі. Магчыма, такое меркаванне склалася таму, што мае прапановы аказваюцца слушнымі і прыносяць спартыўны вынік. І не толькі спартыўны. Напрыклад, цэнтр «Фрыстайл», адзіны ў свеце крыты комплекс для трэніровак фрыстайлістаў, выкарыстоўваецца не толькі спартсменамі, але і як аквапарк. Людзям на радасць! Вядома, гэта дзякуючы не толькі мне, але перш за ўсё перамогам нашых спартсменаў.

— Да вас я прыйшла як да трэнера трох алімпійскіх чэмпіёнаў і... педагога?

— Безумоўна. Бо перада мной стаіць задача выхаваць, выгадаваць чэмпіёна. Гэта вялікая праца, паверце. І ў той жа час, каб вучань быў сацыялізаваным, адаптаваным да жыцця ў грамадстве. Гэта заўжды праца не аднаго трэнера, а ўсяго атачэння спартсмена.

— Калі выхоўваеце іх, на што робіце стаўку?

— Калі казаць пра першае пакаленне фрыстайлістаў, якія займаліся ў мяне, то, напрыклад, Дзмітрый Дашчынскі прыйшоў разам з татам, таму працаваць з ім было прасцей. Аляксей Грышын, неверагодна апантаны спортам, вельмі захапляўся катаннем на лыжах, меў неспатольную прагу ўдасканальвацца. Ала Цупер прыйшла даволі сфарміраванай спартсменкай, пераарыентаваць і развіць тыя добрыя якасці, якія ў ёй закладзены, было складана. Праходзяць гады, пакуль зразумееш, якія варта было закрануць струны, каб падштурхнуць усіх іх на вялікі спартыўны подзвіг. Для таго, каб гэтага дасягнуць, трэба жыць са сваімі вучнямі адным жыццём.

— Значыць, адназначнага адказу не існуе?

— Вы жадаеце пачуць рэцэпт поспеху? Яго няма. Шмат што робіцца падсвядома, і часам не можаш даць сабе справаздачу, чаму дзейнічаў менавіта так. Адчуваеш, што робіш слушна. Пасля адмотваеш пэўныя моманты, згадваеш канфлікты, без якіх не абыходзіцца, і пачынаеш разумець, што калі б іх не было, то ўсё склалася б па-іншаму, і, магчыма, не так удала.

— Калі бачыце дзіця, можаце прадказаць, ці вырасце з яго фрыстайліст?

— Калі гутарка ідзе пра лыжную акрабатыку, адзін з відаў фрыстайла, то будучы спартсмен мусіць прайсці да сваёй мэты праз шмат прыступак. Перш за ўсё трэба зразумець, ці падыходзіць ён па спартыўным характары, па складзе, захопленасці да заняткаў. Тут трэба пастаянна змагацца са страхам, пераступаць цераз боязі вышыні і памылак у рухах, умець рызыкаваць. І ўсё гэта павінна быць у балансе. Рызыка мусіць быць заснаваная на досведзе і ведах. Трэнер і спартсмен шукаюць гэтую мяжу разам.

— Сярод моладзі даволі распаўсюджаная гэткая хвароба бязмэтнасці жыцця. Ці дапушчальна гэта для вашых выхаванцаў і як вы іх увогуле матывуеце?

— Далёка не кожны спартсмен можа быць узорам мэтанакіраванасці, і часам прыходзіць займацца выключна па звычцы. Такім падабаецца прыйсці «патусавацца» ў кампаніі рызыкоўных фрыстайлістаў. Маўляў, я такі як і вы. Але на тыя вяршыні, куды вы падымаецеся, не пайду — баюся. Таму толькі адзінкі дасягаюць сапраўдных не толькі знешніх, але і ўнутраных, уласных перамог. Тых, хто пойдзе далей, бачна адразу ж, калі пачынаецца непасрэдная барацьба ў вялікіх спаборніцтвах за засваенне скачкоў. Але гэта не можа быць масавай з'явай. Сусветна вядомыя футбалісты Ліянэль Месі і Крышціяну Раналду — гэта адзінкі, вакол якіх ствараюцца зорныя каманды.

Наша задача — адшукаць асобу, вакол якой створыцца калектыў менавіта з чэмпіёнскай аўрай, якая з года ў год будзе перадавацца па эстафеце. І галоўнае не разбурыць гэта.

— З якой колькасці чалавек такую адзінку даводзіцца абіраць?

— З вялікай колькасці. У нас жа не набор, а адбор. Прыходзяць дзеці, здаюць іспыты, тэсты гімнастычнай, каардынацыйнай накіраванасці. Глядзім, каб па складзе былі хуткімі і спрытнымі. Пасля праходзіць дзесяць-пятнаццаць гадоў, перш чым дзіця пачынае выступаць. У гадоў 14, не раней. Калі добра займаюцца акрабатыкай і выконваюць практыкаванні на батуце, тады вучацца катацца на лыжах, і толькі пасля пачынаюць скакаць. Гэта доўгі шлях.

— Існуе стэрэатып, што спартсмен — не заўжды адукаваны чалавек. А вашы выхаванцы?

— Гэтае ўяўленне даўно састарэла. Неадукаваны спартсмен элементарна не вытрымае канкурэнцыі. Я заўжды прыводжу ў прыклад Уладзіміра Васіна, алімпійскага чэмпіёна па скачках у ваду (1972). Тады быў такі час, калі за спартсменаў усе бегалі здаваць іспыты, а той толькі прыходзіў, нічога не ведаючы, і перарастаў у знакамітага «нязнайку». Васін жа прыязджаў на ўсе трэніроўкі і зборы з кіпай кніг, скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін з чырвоным дыпломам.

У маёй камандзе, як і ў любой школе, ёсць тыя, хто мае шанц, і тыя, хто адстае. Ёсць тыя, якія цікавяцца, ёсць і тыя, хто не мае імпэту да новых ведаў. Цяпер, вядома, шмат што замяніў камп'ютар, любое пытанне ўвёў у пошукавік — і за секунду атрымаў тысячы адказаў. Але ёсць і тыя, хто чытае. Напрыклад, наша Саша Раманоўская ездзіць заўжды з кніжкамі. Цяпер вывучае мову: набыла кнігу на англійскай і чытае ў арыгінале.

— Добрае параўнанне са школай, бо за трыццаць гадоў, мяркую, у вас атрымалася яе стварыць.

— Мы яшчэ працягваем гэта рабіць, пастаянна паляпшаем і дадаём у яе новае. Можна сказаць, што атрымалася, але не толькі ў мяне, а ва ўсяго калектыву.

— Важная адметнасць школы — наяўнасць пераемнасці пакаленняў. Вучні радуюць вас сваім трэнерскім талентам?

— Вядома! Асабліва з плеяды тых спартсменаў, якія толькі-толькі скончылі выступаць. Са мной працаваў Васіль Вараб'ёў, Міхаіл Курловіч, пачаў трэніраваць Дзмітрый Дашчынскі, Віталь Марцінкевіч, Дзмітрый Глушакоў, яшчэ нядаўні чэмпіён свету сярод юніёраў. Гэта маладыя людзі, якія скончылі інстытут, цяпер больш не выступаюць, хоць пакуль маюць для гэтага ўсе падставы. Але адчулі «столь» і пачалі трэніраваць.

Віншаванне ад калег і ўдзячных вучняў.

— Вы адчуваеце сябе шматдзетным татам?

— Не! (Смяецца.) Сапраўды, усе яны мае выхаванцы, заўжды знаходзіліся ў полі зроку. А тое, што кожны з іх блізкі мне чалавек, дык гэта адназначна.

— Як успрымаеце іх поспехі і няўдачы?

— Не раўную да перамог, гэта 100%. Я задаволены і радуюся, калі малады трэнер знайшоў сябе, нават яго дробныя поспехі стараюся заўважыць і падтрымаць, падкрэсліць, што гэта невялікі, але крок наперад.

— А як ставіцеся да сучасных паспяховых тэхнік накшталт «візуалізацыі», калі ў думках уяўляеш усе падрабязнасці перамогі?

— Калі чалавек імкнецца да чагосьці, то ён мусіць падпарадкоўваць мэце практычна ўсяго сябе. Раз ён падпарадкоўвае сваё фізічнае, свой час, то і ў думках, падсвядома візуалізуе поспех. Напэўна, без гэтага не абыходзіцца. І я ўяўляю, як у ідэале можа зрабіць скачок.

— Вы самі не робіце элементы, але трэніруеце іншых. Як так можа быць?

— Быў такі ансамбль танца Ігара Маісеева. Ён сам не танцаваў народныя танцы, а гледачы па ўсім свеце пляскалі ў ладкі яго пастаноўкам. Падобная сітуацыя была ў Надзі Каманечы. Яе трэнер, Бэла Карайі, быў валейбалістам, але зрабіў з яе вялікую гімнастку. Пасля іміграваў у Амерыку, і ў ЗША зладзіў тое ж самае: выхаваў амерыканскую каманду алімпійскіх чэмпіёнаў па гімнастыцы. Ёсць і супрацьлеглы прыклад. Некалькі гадоў таму беларускую мужчынскую зборную па біятлоне трэніраваў Рафаэль Пуарэ, адзін з самых тытулаваных французскіх спартсменаў гэтага віду спорту. Адпрацаваў у Беларусі год, пасля на чарговай кантрольнай трэніроўцы перамог усіх сваіх падапечных, сказаў, што болей перспектывы не бачыць, і з'ехаў. І сэнс, што ўмееш сам рабіць штосьці, калі навучыць не можаш?

Што тычыцца нашых трэнераў, то Дзіма Дашчынскі знаходзіцца ў прывілеяваным стане, бо ён мышачна адчуў усе скачкі, можа іх перадаць, але ці атрымаецца ў яго? Ці хопіць сіл не зацыкліцца на тым досведзе, што мае сам? Дзіма працуе трэнерам юніёрскай каманды толькі другі год, таму вынікі яшчэ пакажа час.

— Самі на лыжах стаіце?

— Так. Усё пачыналася з эксперыментальнага збору каманды Савецкага Саюза па фрыстайле. Тады, 30 гадоў таму, я ўпершыню стаў на іх. Сабраў спартсменаў з Беларусі, і мы адправіліся ўсе разам вучыцца катацца. Да гэтага не ўмеў ніхто. Былі гімнасты, скакуны ў ваду, батуцісты, акрабаты. Мне вельмі спадабалася ездзіць на лыжах. Напэўна, шмат у чым з-за гэтага прыкіпеў да фрыстайла.

— Калісьці вы казалі, што ваша праца — гэта хобі. Значыць, ніколі не працуеце?

— Я захапляюся сваёй працай, але гэта не значыць, што больш нічым не займаюся. З задавальненнем хаджу ў трэнажорную залу, басейн, апошнім часам адкрыў для сябе хадзьбу. Зараз канец сезона, і адчування, што праца — хобі, зусім не засталося. Але тое, што яна мне падабаецца — безумоўна. Я столькі часу прысвяціў гэтаму!

Трэцяга красавіка, ужо на наступным тыдні, будзе 30 гадоў, як мы правялі першае мерапрыемства па фрыстайле сярод беларускіх спартсменаў. Тыя, хто стаіць ля яго вытокаў, лічаць гэтую дату зыходнай кропкай айчыннага фрыстайла.

— Зараз, пасля трох дзесяцігоддзяў працы, можа, сталі больш праводзіць часу з сям'ёй?

— На жаль, не. Кожны год адзін у адзін супадае з папярэднім, як пад капірку. Зімні спартыўны сезон абмежаваны, некалькі месяцаў, а астатні час — падрыхтоўка да яго. Таму паўгода для родных — я марак дальняга плавання.

— Вы выраслі ў інтэлігентнай сям'і, тата быў вядомым у Беларусі літаратуразнаўцам і крытыкам. Зараз чытаеце беларускую літаратуру?

— Як не стала таты, рэдка чытаю па-беларуску. А раней мова для мяне была чымсьці звыклым, натуральнай часткай жыцця. Мы жылі з бацькамі каля філармоніі. Да нас ледзь не кожны дзень у госці з суседняга дома прыходзіў, напрыклад, Рыгор Няхай, вядомы беларускі пісьменнік. І ўсе яны заўжды размаўлялі па-беларуску. Тады для мяне гэта не было дзівам. А цяпер, калі чую мову, адразу магу сказаць, чыста ці не вельмі размаўляе на ёй чалавек.

— Беларусы — нацыя чэмпіёнаў?

— Тое, што сярод нас яны ёсць, і гэта даволі вялікая праслойка, безумоўна.

Я думаю, што сярод беларусаў славалюбівых людзей даволі шмат. І працавітых таксама. Інакш «хачу стаць алімпійскім чэмпіёнам» ці «лаўрэатам Нобелеўскай прэміі» без канкрэтных спраў — словы ў паветра.

— І гэтага досыць, каб стаць чэмпіёнам?

— Тут мусіць быць пэўны збег абставін. Важна, каб у чалавека былі адпаведныя здольнасці. Далей — слушна абраны від спорту. У нас шмат блізкіх, роднасных відаў — гімнастыка, акрабатыка, скачкі ў ваду, фрыстайл. А дасягнуць поспеху чалавеку наканавана толькі ў адным. І трэба не пралічыцца. Таксама важна, каб з трэнерам пашчасціла, з педагогамі. І проста напаткала ўдача.

— Як думаеце, у той момант, калі фрыстайліст узлятае ўверх, выконваючы элемент, ці думае ён пра Бога?

— Пра Бога заўжды трэба думаць, ён побач з намі і ўнутры нас.

Нядаўна быў у царкве, і бацюшка так трапна нагадаў нам, што тое, што мы робім на гэтай зямлі — толькі прэлюдыя да таго вялікага, што чакае ў жыцці вечным. А жыць па запаветах, па Божых правілах — гэта вельмі правільна. Шмат якія пытанні паміж людзьмі зняліся б, калі б усе жылі згодна з імі.

pustavit@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».