Вы тут

Калі вяртаюцца перамогі


Юніёрскі чэмпіянат свету па канькабежным спорце паказаў, што краіна здольная вырасціць новых Жалязоўскіх.

Раней канькабежны спорт у Беларусі быў на асаблівым рахунку, менавіта ў гэтым відзе наш прадстаўнік заваяваў адну з першых алімпійскіх узнагарод для самастойнай дзяржавы. Да гэтага часу дасягненні беларускага спартсмена Ігара Жалязоўскага не паўтарыў ніхто, ураджэнец Оршы 6 разоў станавіўся чэмпіёнам свету, на яго рахунку мноства рэкордаў і медалі Алімпійскіх гульняў. Праз нейкі час яго справу ў Беларусі працягвала Анжаліка Кацюга, яна не раз была прызёркай чэмпіянатаў свету, выступала на Гульнях, але да алімпійскага п'едэстала так і не дабралася.


Іг­нат Га­ла­ва­цюк і яго асабісты трэнер Ларыса КАЗАКЕВІЧ.

Пасля гэтых гучных імёнаў у беларускім канькабежным спорце ўтварылася яма: нашы спартсмены толькі замыкалі пратакольныя спісы, не было моладзі, дзяцей і ўмоў. Здаецца, усё пачало змяняцца з прыняццем рашэння аб будаўніцтве ў краіне крытага канькабежнага стадыёна, бо рыхтаваць спартсменаў на адкрытых пляцоўках, ды яшчэ і пры ўмове кароткіх беларускіх зім — утопія.

Сем гадоў таму ў сталіцы з'явіўся новенькі канькабежны стадыён, сёння ён адзін з найлепшых у Еўропе. Неўзабаве вынікі спартсменаў пайшлі ўгору, у 2014 годзе быў пастаўлены шэраг нацыянальных рэкордаў, пачала з'яўляцца перспектыўная моладзь. Cёлета Беларусі ўпершыню даверылі правесці ЧЕ. Нашы суайчыннікі там прадказальна да п'едэстала не дабраліся, але прайшло крыху больш за месяц, і поспех чакаў беларусаў на юніёрскім чэмпіянаце свету. Турнір у кітайскім Чанчуні стаў самым удалым у гісторыі для нашых спартсменаў.

Дзевятнадцацігадовы Ігнат Галавацюк заваяваў званне чэмпіёна свету на дыстанцыі 500 м, разам з тым малады беларус устанавіў новы нацыянальны рэкорд, яго час — 35,72 секунды.

— Я не чакаў такога поспеху, — падзяліўся з карэспандэнтам «Звязды» новы чэмпіён, — ехаў на турнір з 8-м вынікам па асабістых рэкордах, таму з трэнерам разлічвалі трапіць у 5-ку наймацнейшых. Аднак усе зоркі сышліся, і я апынуўся найлепшым. Калі прабег дыстанцыю, Ларыса Уладзіміраўна (асабісты трэнер) сказала, што майго часу будзе дастаткова, каб стаць першым. Да мяне прабеглі 40 чалавек, я апярэдзіў іх на паўсекунды, заставалася 4 пары самых моцных. Я паглядзеў першую, яны мне прайгралі, наступную і тады зразумеў, што сваім часам забіў іх маральна.
У гэты момант быў неверагодна рады, ускінуў рукі ўгору і зразумеў — я чэмпіён свету.

Гэта не першыя ўзнагароды Ігната ў сёлетнім годзе (на юніёрскім Кубку свету хлопец падымаўся на п'едэстал тройчы). Адзначым, што менавіта так пачынаў свой шлях вялікі Жалязоўскі — у 1982 годзе ён выйграў чэмпіянат свету сярод юніёраў, а пазней дамогся поспехаў у дарослым спорце.

Пасля добрага выступлення ў асабістых забегах наша зборная паказала сваё майстэрства ў камандным спрынце. Хлопцы ў складзе Станіслава Ігнаценкі, Яўгена Болгава і Ігната Галавацюка заваявалі бронзавыя ўзнагароды.

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».