Вы тут

Малы і сярэдні бізнес павінен стварыць высокі ўзровень занятасці


Прэзідэнт падчас нарады па пытаннях развіцця пенсійнай сістэмы запатрабаваў ствараць больш магчымасцяў для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, бо менавіта там сёння эфектыўна могуць стварацца новыя працоўныя месцы. Гэтае пытанне набывае ўсё большую актуальнасць таму, што ў выпадку павышэння пенсійнага ўзросту на рынку працы з'явіцца больш грамадзян, якіх неабходна задзейнічаць. Адпаведна, павінны стварацца новыя працоўныя месцы, паколькі таксама трэба забяспечыць працай маладых выпускнікоў ВНУ.


Праграма «Малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016–2020 гады павінна стварыць высокі ўзровень занятасці насельніцтва і эканамічнага росту. Мяркуецца, што дзякуючы яе рэалізацыі на працягу бліжэйшай пяцігодкі доля малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП краіны павялічыцца да 32%. Колькасць работнікаў суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, ІП і наёмных асоб запланавана на ўзроўні 35% ад колькасці занятых у эканоміцы.

Увойдзем у 30-ку лепшых?

Па словах дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Пятра Арушаньянца, у праграме, зацверджанай урадам у канцы лютага, вялікая ўвага нададзена паляпшэнню дзелавога асяроддзя. Акрамя таго, плануецца распрацаваць стратэгію малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 2030 года і зацвердзіць яе да канца 2017 года. Да таго ж будзе створаны электронны рэестр адміністрацыйных працэдур для бізнесу, а таксама ўведзена працэдура ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння. Рэалізацыя праграмы дапаможа, як разлічваюць у краіне, да 2020 года ўвайсці ў топ-30 рэйтынга Dоіng Busіnеss. Для гэтага запланаваны канкрэтны план з 40 мерапрыемстваў і індыкатараў.

Даступныя крэдытныя рэсурсы

Што да фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва, асноўным партнёрам па рэалізацыі праграмы будзе з'яўляцца Банк развіцця Беларусі. На працягу пяцігодкі на гэтую задачу плануецца вылучыць больш за 5 трлн рублёў. Ліміты крэдытавання вызначаны з удзелам МВФ. Стаўкі фінансавай падтрымкі набліжаныя да рынкавых, але пры гэтым застаюцца даступнымі. У 2016 годзе па праграме Банка развіцця будзе рэалізавана 800 млрд рублёў падтрымкі. Памеры ставак у залежнасці ад катэгорыі будуць складаць ад 17% да 29,5% гадавых.

«Але гэта не адзіны крытэрый прывабнасці крэдытаў. Мы плануем забяспечыць доўгатэрміновую пазыку грошай. Шэраг праграм будуць даваць магчымасць фінансавання суб'екта, нават калі ў яго не хапае грашовага забеспячэння. Акрамя таго, у нас ёсць магчымасць прадастаўляць сродкі ў рамках ільготных міжнародных праграм: кітайскіх крэдытаў, падтрымкі ЕБРР», — адзначыў Пётр Арушаньянц.

Падтрымаюць экспартную ініцыятыву

У 2016–2020 гадах працягнецца ўдасканаленне інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу. Зараз існуе 85 цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва і 18 інкубатараў малога прадпрымальніцтва, якія даказалі сваю эфектыўнасць. Сярод іх можна адзначыць мінскі бізнес-інкубатар «Маладзёжная сацыяльная служба», дзе працуе больш за 700 чалавек, звыш 100 прадпрыемстваў. У рамках праграмы гэтыя цэнтры і інкубатары будуць умацоўвацца і надзяляцца новымі функцыямі. У Міністэрстве эканомікі плануюць стварыць суб'екты падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў кожным населеным пункце з колькасцю жыхароў больш за 30 тысяч чалавек. Варта адзначыць, што суб'ектамі інфраструктуры падтрымкі з'яўляюцца не толькі дзяржаўныя, але і прыватныя арганізацыі, прычым апошніх каля 70%. Таксама Міністэрства эканомікі ўзаемадзейнічае з Міністэрствам замежных спраў па пытанні стварэння цэнтраў развіцця экспарту на базе інкубатараў падтрымкі прадпрымальніцтва. Гэтая мадэль знаходзіцца яшчэ ў стадыі рэалізацыі. Плануецца, што пры кожным цэнтры будуць кансультанты, якія дапамагаюць ажыццявіць экспартную ініцыятыву прадпрымальніка.

Працягнецца фарміраванне пазітыўнага стаўлення да прадпрымальніцкай ініцыятывы грамадзян. У рамках гэтай задачы трэба будзе стварыць больш дыялогавых пляцовак, дзе дзяржава і бізнес могуць сустрэцца і знайсці агульныя рашэнні сваіх пытанняў. Ужо сёння існуе 31 грамадска-кансультацыйны савет пры дзяржаўных органах.

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Дзелавая пяцігодка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».