Вы тут

Як трапіў у музейную калекцыю фотаальбом Альфрэда Ромера?


Частку фатаграфій з асабістага альбома беларускага і польскага жывапісца, скульптара, мастацтвазнаўца, этнографа Альфрэда РОМЕРА, якія зроблены ў 1860-х – пачатку 1890-х гадоў у фотаатэлье розных краін Еўропы, экспануе Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Гэты ўнікальны збор трапіў у музейную калекцыю з... гарышча вясковай хаты ў Мастоўскім раёне.


— Аб'ектыў фотаапарата на імгненне спыніў час і адлюстраваў сваякоў, сяброў, калег Альфрэда Ромера, знаёмых і незнаёмых яму людзей. Знакамітыя мастакі і звычайныя натуршчыкі, навукоўцы і сяляне, чыноўнікі і паўстанцы, арыстакраты і простыя людзі, маладыя прыгожыя паненкі і сівыя старыя — усе яны быццам утвараюць адзінае цэлае, нібы фарбы рознага колеру на палітры мастака, — расказвае арганізатар выстаўкі, старшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі Сяргей КАЗУЛЯ.

Альфрэд Ізідар Ромер нарадзіўся ў Вільні 16 красавіка 1832 года ў сям'і мастака. Вывучаў права ў Віленскім універсітэце і адначасова браў урокі малявання ў вядомага жывапісца Канута Русецкага. У 1857 годзе бацька накіраваў сына ў двухгадовае падарожжа па Еўропе, падчас якога мастак удасканальваў свой талент у буйнейшых культурных цэнтрах Германіі, Францыі, Бельгіі, Італіі. Зрэшты, толькі мастацтвам яго інтарэсы не абмежаваліся.

За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863-1864 гадоў Альфрэда Ромера арыштавалі, накіравалі ў вязніцу Дынабурга (зараз Даўгаўпілс, Латвія), а затым саслалі ў Кастрамскую губерню. Пасля вызвалення ў 1867 годзе мастак зноў адточваў сваё майстэрства ў Еўропе, а найбольш плённы перыяд у яго творчым жыцці распачаўся, пэўна, з пераездам у 1874 годзе ў маёнтак жонкі Ванды Сулістроўскай-Каралінова (сучасны Пастаўскі раён). Тут ён стварыў цудоўныя гравюры, партрэты, пейзажы, карціны з жыцця беларускага народа і выявы архітэктурных помнікаў. Акрамя таго, Альфрэд Ромер удзельнічаў у роспісе храмаў, у яго творчай спадчыне — каля 40 бронзавых медалёў з партрэтнымі выявамі знакамітых асоб. Выпусціў кнігу «Польскія паясы, іх фабрыкі і знакі», адзін з раздзелаў якой прысвечаны слуцкім паясам.

Альфрэд Ромер памёр у Каралінове ў 1897 годзе, пахаваны ў радавой капліцы касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Троках (сучасны Тракай, Літва).

Большасць твораў Альфрэда Ромера загінула падчас войнаў, а тыя, што ацалелі, былі вывезены ў суседнія краіны. У сённяшняй Беларусі, па вялікім рахунку, засталіся дзве яго работы — «Пінская мадонна» ў пінскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і «Хрыстос і сірата» ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Камаі Пастаўскага раёна. На шчасце, не згінуў, не пакінуў Беларусь і фотаальбом Альфрэда Ромера. Яго знайшоў на гарышчы сваёй хаты жыхар вёскі Лунна Мастоўскага раёна, і ў 1981 годзе альбом трапіў у музейную калекцыю.

На выстаўцы прадстаўлены толькі 54 фотаздымкі з альбома, а ўвогуле там 755 фотаработ, гравюр, літаграфій і дакументаў. На вокладцы — ініцыялы «R. A.». У 1990-я гады з Польшчы прыязджалі прадстаўнікі роду Ромераў, якія пацвердзілі прыналежнасць альбома жывапісцу.

Адна з загадак: як гэты альбом аказаўся ў Лунне, дзе Альфрэд Ромер не жыў? Верагодна, пасля смерці мастака яго прывёз туды родны брат Альфрэда, таксама вядомы жывапісец Эдвард Мацей Ромер, які ў 1880 годзе ажаніўся з Юзэфай Чахоўскай і атрымаў у якасці пасагу маёнтак у Лунне. Яго спадкаемцы гаспадарылі там да 1939 года, аднак далейшыя драматычныя падзеі спрычыніліся да разбурэння дома Ромераў. А штосьці каштоўнае, пэўна, забралі сабе мясцовыя жыхары.

Яшчэ адна загадка: хто рабіў подпісы на фатаграфіях? Сам Альфрэд Ромер? Яго брат? Ці, можа, нехта іншы?

Дарэчы, на шэрагу здымкаў з альбома подпісаў няма. Хто на іх? У якой сувязі гэтыя людзі былі з Альфрэдам Ромерам? Зноў загадка...

Не ўсё зразумела нават тады, калі вядома, хто на фотаздымку. Напрыклад, чаму Ромер змясціў у сваім альбоме фотапартрэт прадстаўніка нясвіжскай лініі Радзівілаў, грамадскага дзеяча, мецэната Мацея Радзівіла? Якія ў іх былі стасункі?

— Я не знайшоў аналага многіх фатаграфій з альбома Альфрэда Ромера. Верагодна, яны нідзе больш не публікаваліся. Будзе выдатна, калі мы зможам дзесьці апублікаваць гэтыя работы, — кажа Сяргей Казуля.

Можа, у выдаўцоў з'явяцца адпаведныя прапановы да музейшчыкаў?

prakopchіk@zvіazda.by

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Загаловак у газеце: З гарышча — у музей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».