Вы тут

Турэцкі транзіт


Ці ўдасца Старому Свету перакрыць адзін з асноўных каналаў перапраўкі бежанцаў?

У «топе» галоўных міжнародных навін мінулага тыдня — саміт Еўрасаюза. Прадстаўнічы сход зноў-такі, быццам доўгая, але патрэбная мантра, датычыўся «вечнай тэмы» апошняга часу — праблемы бежанцаў. Стары Свет выпрабоўвае самыя разнастайныя варыянты вырашэння свайго галаўнога болю, паколькі хваля мігрантаў апошнія некалькі гадоў ніколькі не змяншаецца, а толькі імкліва шырыцца і змяняе твар Еўропы. Адзін з магчымых шляхоў выйсця, па меркаванні лідараў ЕС, — спыніць бежанцаў каля мяжы Еўрасаюза. У прыватнасці, у Турцыі. Але як перакрыць гэты канал перапраўкі мігрантаў?


«Чарга» з 885 тысяч чалавек

Турэцка-балканскі маршрут з восені мінулага года стаў асноўным калідорам транзіту нелегальных мігрантаў у Стары Свет. На тэрыторыю Турцыі яны сцякаюцца з усяго Блізкага Усходу, перш за ўсё з Сірыі, Ірака, а таксама Афганістана і іншых краін. Адтуль нелегалы цераз Эгейскае мора дабіраюцца да ўзбярэжжа Грэцыі, а потым праз балканскія дзяржавы трапляюць у асноўныя краіны Шэнгенскай зоны (Грэцыя ўваходзіць у бязвізавую прастору, што аб'ядноўвае 26 дзяржаў, аднак не мае з ёй сухапутнай мяжы). Паводле дадзеных міграцыйнай службы ЕС Frontex, цягам мінулага года па гэтым «папулярным» маршруце ў Еўропу прабраліся 885 тысяч нелегальных мігрантаў і яшчэ амаль 69 тысяч — толькі за сёлетні далёка не камфортны студзень.

Як вядома, Еўрасаюз і Турцыя на саміце 29-30 лістапада 2015 года выпрацавалі план дзеянняў па абмежаванні міграцыі. За яго выкананне Брусель паабяцаў Анкары 3 мільярды еўра, якія павінны пайсці на задавальненне патрэб мігрантаў на турэцкай тэрыторыі. На жаль, за мінулы час краіны ЕС не заўважылі колькі-небудзь значнага скарачэння плыні бежанцаў, што ставіць пад пытанне прадастаўленне Турцыі фінансавай дапамогі. Зрэшты, Брусель лічыць за лепшае ўслых не прызнаваць, што дамоўленасці з Анкарой яшчэ толкам не запрацавалі, бо ніякіх альтэрнатыўных шляхоў абмежавання міграцыі ў яго, па сутнасці, няма.

У агульных рысах план вяртання нелегалаў назад у Турцыю быў узгоднены на экстранай сустрэчы лідараў краін Еўрасаюза з турэцкім прэм'ерам яшчэ 7 сакавіка. Аднак многія еўрапейскія палітыкі выступілі супраць планаў Анкары, і абмеркаванне плана з далейшым яго зацвярджэннем было перанесена на саміт ЕС 17-18 сакавіка.

Старшыня Еўрасавета Дональд Туск здзейсніў серыю падарожжаў па краінах Балкан, а таксама наведаў і Анкару. На прэс-канферэнцыі па выніках перамоў з прэм'ер-міністрам Турцыі Ахметам Давутаглу ён заявіў: «Мы пагадзіліся, што міграцыйныя плыні застаюцца дагэтуль вельмі высокімі і патрэбныя далейшыя дзеянні. Турцыя павінна вырашыць, якім спосабам дасягнуць іх скарачэння». Па словах Туска, трэба працягваць палітыку вяртання нелегальных мігрантаў у Турцыю. «Гэта разбурыць бізнес-мадэль перавозчыкаў бежанцаў», — адзначыў ён.

Адрыятыка на замену?

Такім чынам, напярэдадні саміту склалася сітуацыя, якая дакладна вызначыла пазіцыі бакоў. ЕС хоча лімітаваць колькасць бежанцаў, якія прыбываюць, хоць бы адной тысячай у дзень, але ж у першыя два месяцы бягучага года дадзены паказчык складаў ад 2 да 2,5 тысячы ў дзень. Таму Еўрасаюз усімі сіламі імкнецца дамагчыся ад Турцыі пэўных абавязацельстваў па скарачэнні міграцыйнай плыні, у прыватнасці, шляхам вызначэння і замацавання адпаведнага паказчыка. Апроч таго, ЕС спрабуе зафіксаваць гатоўнасць Анкары прымаць назад мігрантаў, якім будзе адмоўлена ў прадастаўленні прыстанішча ў Еўропе.

Краіны ЕС таксама прапанавалі Анкары стварыць на турэцкай тэрыторыі цэнтры для падачы мігрантамі адпаведных прашэнняў. Бежанцы, чые заявы будуць ухвалены, змогуць прыязджаць у Еўропу на легальных падставах без патрэбы перапраўляцца цераз Эгейскае мора з рызыкай для жыцця. Умова для рэалізацыі гэтага плана застаецца ранейшай — стрыманне Турцыяй каналаў перавозкі нелегалаў. У Анкары таксама былі свае ўмовы — фінансавыя і палітычныя. Маецца на ўвазе: дадатковая дапамога і членства ў Еўрасаюзе. Паводле меркавання аналітыкаў, відавочна, што на саміце з пазіцыі сілы выступала менавіта Турцыя, прэзідэнт якой Рэджэп Таіп Эрдаган неаднаразова з пачатку года заяўляў, што Анкара можа «прапусціць у Еўропу мільёны бежанцаў». Як бачым, пакуль гэта аргументацыя для Бруселя дзейнічае.

Тым не менш у першы дзень саміту бакі не змаглі пагадзіцца па чатырох найбольш вострых пытаннях. Гэта юрыдычны статус здзелкі, дата пачатку яе дзеяння, дадатковыя € 3 млрд дапамогі Анкары і аднаўленне перамоў пра ўступленне Турцыі ў ЕС. Але ў пятніцу пасля працяглых перамоў пагадненне было прынята. Яно пачало дзейнічаць некалькі дзён таму назад. «Усе нелегальныя мігранты, што прыбываюць з нядзелі, 20 сакавіка, у Грэцыю праз Турцыю, будуць вернуты назад у Турцыю», — сказаў на выніковай прэс-канферэнцыі кіраўнік Еўрасавета Дональд Туск, падкрэсліўшы, што гэта будзе адбывацца «ў поўнай адпаведнасці з еўрапейскім і міжнародным правам».

У самім тэксце пагаднення адзначаецца, што «ўсе мігранты будуць абаронены ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі». «Мігранты, што прыбываюць у Грэцыю, будуць зарэгістраваны, і кожнае прашэнне пра сховішча будзе разгледжана ў індывідуальным парадку грэчаскімі ўладамі ў супрацоўніцтве з агенцтвам ААН. Мігранты, якія не будуць прасіць прыстанішча, будуць вернуты ў Турцыю, — адзначаецца ў дакуменце. — Выдаткі на вяртанне нелегальных мігрантаў будзе пакрываць Еўрасаюз».

Прэм'ер-міністр Турцыі Ахмет Давутаглу на выніковай прэс-канферэнцыі адразу ж заявіў, што ЕС забярэ з яго краіны гэтулькі ж бежанцаў, колькі верне туды нелегальных мігрантаў. Гаворка ідзе пра прынцып «адзін на аднаго», узгоднены яшчэ 7 сакавіка на саміце ЕС — Турцыя і зацверджаны ў цяперашнім пагадненні.

«Для кожнага сірыйца, які будзе вернуты ў Турцыю з Грэцыі, іншы сірыец будзе пераселены з Турцыі ў ЕС. Механізм будзе ўсталяваны пры падтрымцы Еўракамісіі, агенцтваў ЕС і іншых краін-членаў, а таксама ААН, каб забяспечыць пачатак яго рэалізацыі ў той жа дзень, калі пачнуцца вяртанні (нелегальных мігрантаў з ЕС у Турцыю)», — адзначаецца ў тэксце пагаднення. Бакі будуць сумесна маніторыць кожны месяц ход рэалізацыі ўсіх прынятых бакамі абавязацельстваў. «ЕС і Турцыя вырашылі, што сустрэнуцца зноў пры патрэбе», — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Як сцвярджаюць спецыялісты, сэнс пагаднення ў тым, каб упарадкаваць прыбыццё ў Еўропу мігрантаў, якія маюць права на атрыманне прыстанішча. Аднак, адзначае агенцтва Bloomberg, існуюць асцярогі, што закрыццё маршруту праз Эгейскае мора прывядзе да павелічэння нелегальнай міграцыі цераз Адрыятычнае мора ў Італію.

Сумныя рэкорды

Адной з умоў Турцыі Еўрасаюзу было падваенне фінансавай падтрымкі — выдзяленне € 6 млрд. Брусель адобрыў гэты пункт, аднак заявіў, што дасць Анкары новыя € 3 млрд пасля таго, як будуць выдаткаваны першыя € 3 млрд. Як гаворыцца ў тэксце пагаднення ЕС — Турцыя, супольнасць спачатку мае намер паскорыць прадастаўленне ўжо ўзгодненых € 3 млрд і забяспечыць фінансаванне адпаведных праектаў.

«Першы спіс пэўных праектаў для бежанцаў, у прыватнасці, у сферы медыцыны, адукацыі, інфраструктуры, харчавання, будзе супольна складзены цягам тыдня», — тлумачыцца ў выніковым дакуменце саміта. Пры гэтым кіраўнік Еўрапарламента Марцін Шульц заявіў на саміце, што бюджэт ЕС — «не скрыня з бязмежнымі грашамі». Варта адзначыць, што на сённяшні дзень Еўрасаюз усё яшчэ не змог адшукаць дастаткова сродкаў для першага пакета дапамогі, з якіх толькі палова выдзелена з бюджэту ЕС, а астатнія сродкі павінны сабраць краіны супольнасці. Шэраг краін, у прыватнасці Італія, рэзка выступалі супраць прадастаўлення Анкары гэтых сродкаў, тлумачачы гэта тым, што Турцыя не выконвае свае абавязкі па скарачэнні плыні бежанцаў.

Што не менш важна для Анкары, ЕС таксама адновіць перамовы пра ўступленне Турцыі ў Еўрасаюз, прыпыненыя па ініцыятыве Францыі ў 2007 годзе. Турэцкі прэм'ер таксама заявіў на прэс-канферэнцыі, што спадзяецца на атрыманне візавай лібералізацыі да канца чэрвеня. «З 72 умоў 37 ужо выкананы, застаюцца 35. Спадзяёмся да пачатку мая скончыць з гэтым», — сказаў ён.

«Еўрапарламент гатовы адыграць канструктыўную ролю, але ёсць умовы. Першае — не можа быць ніякіх скарачэнняў нашай парламенцкай працэдуры. Гэта сур'ёзнае рашэнне», — заўважыў Марцін Шульц. Па яго словах, нельга забываць, што ЕС вядзе дыялог пра візавую лібералізацыю і з іншымі краінамі і рэгіёнамі.

Такім чынам, на саміце былі ўзгоднены пытанні аб прадастаўленні Турцыі фінансавай дапамогі, аб хуткім скасаванні з ёй візавага рэжыму і аб адкрыцці новай часткі ў перамовах па ўступленні гэтай краіны ў ЕС у абмен на скарачэнне Анкарой плыні бежанцаў у Еўропу.

Цікавай была рэакцыя на рашэнні саміту саміх жыхароў Старога Свету. Літаральна на наступны дзень пасля завяршэння саміту шматтысячныя дэманстрацыі ў абарону правоў мігрантаў прайшлі ў шэрагу еўрапейскіх сталіц, уключаючы Лондан, Парыж, Вену, Амстэрдам, Дублін, Афіны. Людзі выступалі супраць таго, каб мігрантаў вярталі ў Турцыю, паколькі гэта насамрэч небяспечнае месца.

Думаю, што ўсе каментарыі тут залішнія.

І яшчэ. Прыкладам правалу практычнай рэалізацыі адпаведных рашэнняў можна назваць рассяленне мігрантаў. Паводле звестак Еўракамісіі, з кастрычніка 2015-га па люты 2016 года легальна размеркаваць па краінах ЕС атрымалася менш за 700 бежанцаў з узгодненых квот на 120 тысяч чалавек. Пры гэтым, па інфармацыі еўрапейскага статыстычнага агенцтва (Еўрастата), летась у 28 дзяржавах ЕС было пададзена 1,25 млн прашэнняў аб прыстанішчы. Гэта стала абсалютным рэкордам за ўсю гісторыю Еўрасаюза.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.