Вы тут

Прэм'ера «Макбета» адбудзецца на сцэне Вялікага тэатра 19, 20 сакавіка


Яшчэ адна опера Вердзі папаўняе рэпертуар Вялікага тэатра.

Гісторыя шатландскага караля Макбета, аповед пра людзей, сапсаваных славалюбствам, якое штурхае іх на нечалавечыя ўчынкі, — адна з самых вядомых і знакавых трагедый у спадчыне Уільяма Шэкспіра. Чатырохактная опера «Макбет» — адзін з ключавых твораў італьянскага кампазітара Джузэпэ Вердзі. Магчымасць працаваць з такім славутым, моцным і складаным матэрыялам маюць толькі высокапрафесійныя калектывы. Якраз у гэтыя выхадныя Вялікі тэатр оперы і балета прадэманструе новую оперу свайго рэпертуару і пакажа, як творчая група з гэтым справілася. Прэм'ера «Макбета» адбудзецца на сцэне тэатра 19 і 20 сакавіка.


У час напісання Уільямам Шэкспірам гэтай п'есы на англійскім троне знаходзіўся Якаў І, сын шатландскай каралевы Марыі Сцюарт. Кароль, у адрозненне ад сваёй папярэдніцы каралевы Елізаветы, імкнуўся паставіць тэатр пад асабісты кантроль, што прывяло да непрыемных вынікаў для некаторых труп. Таму

Уільяму Шэкспіру і акцёрскаму таварыству, з якім ён працаваў, пры стварэнні новай пастаноўкі трэба было ўлічваць шмат нюансаў.

Невыпадкова для новай трагедыі выбраны сюжэт з гісторыі Шатландыі, нездарма намякаецца на глыбокія сувязі паміж Англіяй і Шатландыяй, а сярод дзеючых асоб з'яўляюцца вядзьмаркі (новы кароль пісаў пра іх вучоныя трактаты).

— У Антуана дэ Сэнт-Экзюперы ёсць цудоўная навэла пра сілу мастацтва, дзе аўтар кажа, што самым любімым народам каралём Шатландыі насамрэч быў Макбет. Але так здарылася, што нядобразычліўцы яго забілі і распусцілі нядобрыя чуткі, якія падхапіў Шэкспір, потым Вердзі, а цяпер і Вялікі тэатр Беларусі. Вось так «Макбет» аказаўся ў Мінску, — кажа першы намеснік генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Уладзімір Рылатка. — Задума паставіць гэтую оперу ў нас узнікала і раней, нават былі зроблены некаторыя крокі. На жаль, з пераездам у будынак тэатра пасля рэканструкцыі ад пастаноўкі адмовіліся. Праз некалькі гадоў мы вярнуліся да гэтай тэмы і пачалі працу.

Палкаводзец караля Дункана Макбет атрымлівае прароцтва, у якім яго называюць «каралём у будучыні». Лэдзі Макбет пераконвае мужа ў тым, што трэба забіць караля, каб самому заняць яго месца. Той ідзе на злачынства, забівае Дункана і ўзыходзіць на трон Шатландыі. З гэтага пачынаецца шэраг забойстваў прэтэндэнтаў на ўладу — палкаводца Банка і яго сына, сям'і Макдуфа. За ўсімі забойствамі стаяць прагныя да славы Макбет і яго жонка. Кароль Шатландыі пачынае бачыць прывідаў, лэдзі Макбет страчвае сон.

Рэжысёрам-пастаноўшчыкам оперы стаў Міхаіл Панджавідзэ, дырыжорам-пастаноўшчыкам з'яўляецца Віктар Пласкіна, хормайстрам-пастаноўшчыкам — Ніна Ламановіч. Спектакль уключае ў сябе шмат балетных сцэн, над якімі працуюць Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў.

У оперы «Макбет» ёсць дзве рэдакцыі. Першая з поспехам прайшла ў 1847 годзе ў фларэнтыйскім тэатры «Пергола», а праз сямнаццаць гадоў Джузэпэ Вердзі стварыў новую рэдакцыю для Парыжа. Для пастаноўкі ў Вялікім тэатры оперы і балета выкарыстоўваліся адразу дзве рэдакцыі.

— Італія — радзіма оперы. Вердзі — бацька оперы. Прынамсі я не ведаю нічога лепшага за Вердзі, — кажа Віктар Пласкіна, — Вялікі тэатр мае ў рэпертуары такі джэнтльменскі набор, у які ўваходзяць «Аіда», «Трубадур», «Баль-маскарад», «Рыгалета», «Травіята». Але гэтага недастаткова, каб паказаць геніяльнага кампазітара. Да таго ж заўсёды трэба шукаць новую страву, каб падаць яе на стол, і я думаю, гэты спектакль упрыгожыць наша тэатральнае меню, гэта знакавая і важная работа для тэатра. Мы звяртаемся да «Макбета» нездарма. У першую чаргу мы думаем, хто можа спяваць у пастаноўцы, бо вельмі важна данесці задуму са сцэны, і ў нас такія людзі ёсць. Выбар упаў на Станіслава Трыфанава, Уладзіміра Пятрова і Уладзіміра Громава — тры добрыя барытоны; у сапранавую групу ўвайшлі Ніна Шарубіна, Таццяна Траццяк, Кацярына Галаўлёва. Опера «Макбет» вялікая, насычаная, разнастайная, а балетныя сцэны дадуць разрадку ад вакалу.

Ніна Ламановіч, галоўны хормайстар Вялікага тэатра, падкрэсліла, што не кожны тэатр можа паставіць такі спектакль:

— Тое, што мы можам сабе дазволіць уключыць у рэпертуар гэту оперу — гонар. У «Макбеце» вельмі складаныя вакальныя партыі, не толькі па аб'ёме, але і па драматычным напаўненні, па тэсітуры. Хор любіць спяваць Джузэпэ Вердзі, гэта кампазітар моцных страсцей, вельмі яркі і выразны — харавая гучнасць проста бязмерная.

Зварот да Шэкспіра, дарэчы, своечасовы — у 2016 годзе адзначаецца 400-годдзе з дня смерці класіка. Трагедыі «Макбет» ужо 410 гадоў, і так шкада, што яна застаецца актуальнай. Але, апроч актуальнасці, прыцягнуць увагу павінны відовішчная пастаноўка, насычаны сюжэт, драматызм падзей, забойствы, кроў, прывіды, самнамбулізм — карацей, тое яшчэ спалучэнне.

katsyalovіch@zvіazda.by

 

Загаловак у газеце: Вядзьмаркі напрарочылі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.