Вы тут

Якой колькасці насельніцтва даступна вада пітной якасці?


Большая частка сталіцы забяспечваецца пітной вадой з падземных крыніц, з паверхневых — прыкладна трэцяя частка, але і яе, як неаднойчы адзначалася, плануецца перавесці на падземныя водакрыніцы. Шэраг аспектаў, у тым ліку эканамічны, працягвае вывучацца для таго, каб урэшце вызначыцца, якім жа чынам і калі ажыццявіць такі пераход.


Паводле слоў намесніка начальніка вытворчасці «Мінскводаправод» (УП «Мінскводаканал») Рустама МАМЕДАВА, пакуль няма адказу на пытанне, што будзе з Мінскай і Вілейскай воднымі сістэмамі, пабудаванымі менавіта пад водазабеспячэнне з паверхневых крыніц. Калі «грандыёзныя пабудовы пазбавіць той нагрузкі, на якую яны былі разлічаны, то аб'екты проста нерэнтабельна будзе далей эксплуатаваць».

— Па законе аб пітным водазабеспячэнні якасць пітной вады павінна адпавядаць пэўным нарматывам, — дадае начальнік хіміка-бактэрыялагічнай лабараторыі вытворчасці «Мінскводаправод» Наталля ГРУШНІК. — Паводле вызначаных нарматываў, цэнтралізаваныя сістэмы гаспадарчага і пітнога водазабеспячэння павінны кантралявацца па пэўных паказчыках і з пэўнай перыядычнасцю. Прадпрыемства, якое забяспечвае падачу вады насельніцтву, распрацоўвае рабочую праграму вытворчага кантролю, і такая практыка ў нас заведзена з 1999 года. Сёлета рабочыя праграмы былі распрацаваны асобна для кожнага водазабору і размеркавальнай сеткі горада. У абавязковым парадку кантралююцца і паверхневыя, і падземныя крыніцы водазабеспячэння, узмацніўся кантроль пітной вады ў размеркавальнай сістэме: раённыя станцыі кантралююцца штотыдзень, а найбольш буйныя — штодня. Кантролем якасці вады на нашым прадпрыемстве займаюцца дзве акрэдытаваныя лабараторыі. Адна знаходзіцца там, дзе рыхтуецца вада для падачы з паверхневай крыніцы, а другая, бактэрыялагічная, кантралюе якасць вады з падземных крыніц. Адпавядаць стандарту па мікрабіялагічным паказчыку павінна 95 працэнтаў узятых цягам года проб — у 5 працэнтах выпадкаў дапускаюцца пэўныя адхіленні. Аднак у апошнія гады «нестандарт» не перавышае 1-го працэнта...

Дарэчы, акрамя патрабаванняў гігіенічных, існуюць і патрабаванні да фізіялагічнай паўнацэннасці вады. Гэта важна, бо вада, цалкам пазбаўленая соляў у выніку падрыхтоўкі, не рэкамендуецца для пастаяннага ўжывання. Наогул лабараторны кантроль вады праводзіцца па мікрабіялагічных, арганалептычных і абагульненых паказчыках, праводзіцца радыелагічнае даследаванне і праверка на хімічныя рэчывы.

— Асноўным праблемным момантам у падрыхтоўцы вады для яе ўжывання з'яўляецца колькасць жалеза — дзесьці яна павышаная, дзесьці адпавядае норме, — кажа начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Раман АЛЕЙНІКАЎ. — Для гэтага ў краіне будуюцца станцыі абезжалезвання. Арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі эксплуатуюць 902 станцыі абезжалезвання — гэта дазваляе выйсці на досыць высокі паказчык забеспячэння насельніцтва вадой пітной якасці: 86 працэнтаў насельніцтва краіны спажывае ваду, якая адпавядае стандарту, нарматыўным дакументам.

Што да калодзежнай вады, то карыстаецца ёю менш за 0,3 працэнта беларусаў. Праблема можа быць вырашана двума спосабамі — будаўніцтвам свідравіны, але гэта вельмі дорага, або шляхам падвозу вады арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. А ваду з калодзежа ў такім выпадку можа пакінуць для гаспадарчых патрэб.

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вада пітной якасці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.