Вы тут

Кантэнт сумлення


Нядаўна ў Расіі ўступіла ў законную сілу рашэнне суда пра «вечную» блакіроўку шэрагу сайтаў, сярод якіх апынуўся шырока вядомы ў рускамоўным сегменце сеціва сэрвіс RuTracker. З гэтым рэсурсам знаёмы, пэўна, кожны, хто калі-небудзь шукаў у інтэрнэце бясплатнае кіно, музыку, кнігі ці софт. Выпадак у нейкім сэнсе эпахальны, бо ўпершыню пад ударам Феміды апынуўся фактычна найбуйнейшы ў рунэце сайт, які займаецца распаўсюджваннем неліцэнзійнага кантэнту. У Беларусі сэрвіс пакуль даступны, але прэцэдэнт вельмі важны: па-першае, айчынныя карыстальнікі актыўна прысутнічаюць і ў расійскім сегменце сеціва (у тым ліку на тым жа «Рутрэкеры»), а, па-другое, для нашай краіны праблема пірацтва не менш актуальная, чым для суседзяў.


Вядома, пытанне неліцэнзійнага кантэнту выходзіць за межы сферы інтэрнэту. Аднак з тым, што большасць «пірацкіх» фільмаў і музыкі трапляе да карыстальнікаў менавіта праз сеціва, спрачацца немагчыма. У сваім дзяцінстве я набываў у крамах у цэнтры горада дыскі з фільмамі і відэагульнямі, нават не падазраючы, што яны зроблены дзесьці ў «падполлі» — я ж грошы плачу, якое «пірацтва»? Са з'яўленнем жа інтэрнэту фразы «скачаць фільм бясплатна» і «слухаць музыку анлайн» увайшлі ў агульны ўжытак.

Але я не ставіўся б да з'явы бясплатнага, няхай сабе і неліцэнзійнага, кантэнту кардынальна адмоўна. Як, відаць, і любы звычайны карыстальнік. Прывяду просты прыклад — падчас вучобы ва ўніверсітэце выкладчыца беларускай літаратуры замест звыклага пераліку кніг давала нам спіс... спасылак на іх у інтэрнэце. Выданняў сучасных беларускіх аўтараў у факультэцкай бібліятэцы не хапала, а ехаць у галоўны корпус ці ў «Нацыяналку», каб проста падрыхтавацца да адной пары, — не самае рацыянальнае расходаванне часу. Вось і чыталі мы літаратуру, седзячы дома за камп'ютарам. Пагаджаюся: гэта было не зусім легальна, але хто скажа, што адназначна дрэнна?

Увогуле, інтэрнэт, і гэта несумненны факт, даў надзвычай моцны штуршок самаадукацыі. Ніводная бібліятэка ў свеце не захоўвае столькі кніг, і ніводная калекцыя фільмаў не можа сапернічаць з сецівам па сваім рэпертуары... Вось толькі ці трэба за гэта плаціць? Калі не — атрымліваецца, аўтар застанецца без грошай?..

У такой сітуацыі асабіста я — за індывідуальны падыход. Вядома, бюджэт, напрыклад, студэнта наўрад ці пацягне дадатковы груз у выглядзе ліцэнзійнага кіно ці літаратуры. І маральнае права маладых людзей на бясплатнае знаёмства з шэдэўрамі сусветнага мастацтва я лічу абсалютна апраўданым. Дарослы ж чалавек, думаю, у стане набыць патрэбную кнігу ці сапраўды годны фільм за ўласныя грошы.

Дарэчы, пра «годнасць». Сучасны падыход да продажу кантэнту — у нейкай ступені латарэя і для карыстальніка. Бо ніколі не ведаеш, ці спадабаецца табе новы фільм ці новы альбом вядомай групы. Атрымліваецца, падман ужо ў іншы бок — грошы заплачаны, а таго, што хацеў, ты так і не атрымаў. У інтэрнэце даўно і паспяхова існуюць сайты, якія распаўсюджваюць кантэнт па прынцыпе «заплаці, колькі палічыш патрэбным». Спадабалася скачанае бясплатна — пералічваеш любую суму на рахунак стваральнікаў, не — можаш сэканоміць. Галоўнае тут — заставацца шчырым з самім сабой, але гэта тэма для асобнай размовы.

Дазволю сабе падзяліцца ўласным досведам. Кошт набытых мной кніг ужо даўно перасягнуў суму, за якую я мог бы купіць сабе нядрэнную электронную «чыталку», для якой без праблем можна знайсці любы з гэтых твораў бясплатна. Але я прынцыпова працягваю штомесяц прыходзіць у кніжную краму і папаўняць свае паліцы. Толькі вось трапляюць на іх сапраўды найлепшыя творы. Ці, скажам, кіно — дзякуючы інтэрнэту я знаёмы са многімі стужкамі, якія даўно лічацца сусветнай класікай, але на тым жа тэлебачанні, і тым больш на «вялікім экране», з'яўляюцца нячаста. Звычайна хаджу ў кінатэатры толькі на тыя з новых фільмаў, у вартасці якіх упэўнены або дзякуючы прозвішчам стваральнікаў, або меркаванню крытыкаў і знаёмых. Астатняе без залішніх перажыванняў скачваю з інтэрнэту...

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.