Сёння паняцце «фальклор» найчасцей асацыюецца ў нас з бабулькамі ў квяцістых хустках. Аднак зацікавіць дзяцей культурнай спадчынай магчыма і ў век інфармацыйных тэхналогій. Што такое «трашчоткі» і як правільна танцаваць сапраўдную беларускую польку, дакладна ведаюць выхаванцы ўзорнага фальклорнага ансамбля «Сунічка», створанага на базе Вулькаўскай сярэдняй школы.
«Сунічку» ўжо даўно называюць «візітнай карткай» Лунінеччыны — без яе немагчыма ўявіць аніводнае свята, якое тут ладзіцца. Кожнае выступленне ансамбля радуе вока і слых своеасаблівасцю, непаўторнасцю. Удзельнікі калектыву — школьнікі ўзростам ад 8 да 16 гадоў — спяваюць песні па-беларуску, танцуюць парамі, іграюць на шумавых інструментах і нават могуць паспаборнічаць у майстэрстве з прафесійнымі фальклорнымі ансамблямі.
Гісторыя «Сунічкі» пачалася амаль дваццаць пяць гадоў таму. Тады ў вёску прыехалі маладыя настаўнікі музыкі Уладзімір і Людміла Калянковічы, а тут ужо быў мясцовы харэограф — Ганна Лазько. Гэтыя людзі і сталі мастацкімі кіраўнікамі калектыву.
— Напачатку ніхто не меў на мэце стварэнне фальклорнага ансамбля. Мы хутчэй абапіраліся на тое, што мелі: я скрыпач, мая жонка грае на баяне — вось вам і так званы вясковы аркестр. А наш харэограф спецыялізуецца менавіта на народных танцах, — расказвае Уладзімір. — Першым часам мы проста вучылі дзяцей таму, што ведалі самі. Пасля былі конкурсы, дзе «Сунічка», пазіраючы на іншых, набіралася досведу і ўдасканальвала майстэрства.
Дзеці прыходзяць у ансамбль, калі вучацца ў другім-трэцім класе, і застаюцца ў ім да выпуску са школы. Такім чынам, разам са звычайнай адукацыяй вулькаўскія хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць дадатковую — засвойваюць на практыцы беларускую культурную спадчыну. Праз беларускія песні і танцы ўдзельнікі дзіцячага ансамбля адкрываюць для сябе ў некаторым сэнсе і гісторыю краіны, і асаблівасці чалавечых узаемаадносін, і такія аспекты жыцця, як праца, адпачынак і іншае. Апроч таго, фальклор дапамагае многім школьнікам стаць смялейшымі, пазбавіцца залішняй сціпласці. Недарма ёсць такія радкі ў прыпеўках:
«...Як гармоніка пачуюць,
Ножкі самі танцуюць».
За час свайго існавання ансамбль неаднаразова станавіўся пераможцам раённых, дыпламантам рэспубліканскіх, абласных і міжнародных аглядаў-конкурсаў народнай творчасці. Безумоўна, за гэтым стаіць плённая праца як мастацкіх кіраўнікоў, так і саміх дзяцей. Апошнія прызнаюцца, што часам замест чарговай рэпетыцыі пасля ўрокаў ім хочацца пагуляць на камп'ютары. Бо калі дарослыя артысты ставяцца да песень і танцаў у першую чаргу як да прафесійнага абавязку, за які можна атрымаць грошы, то для школьнікаў — гэта заняткі па інтарэсах, якія яны самі для сябе выбіраюць.
І тым не менш якім чынам у Вульцы ўдаецца падтрымліваць цікаўнасць дзяцей да спадчыны? Настаўнікі кажуць, што гэта залежыць ад розных фактараў, але самае важнае — усё, пра што спяваюць школьнікі, яны могуць добра сабе ўявіць. Бо што ні кажы, а асноўныя тэмы фальклору датычацца вясковага жыцця.
Дзе б ні выступала «Сунічка», яна заўсёды імкнецца падкрэсліць адметнасці не толькі свайго раёна, але і роднай вёскі. У рэпертуары калектыву шмат песень і танцаў, якія спрадвеку выконваліся ў гэтай мясцовасці, ці пра якія старыя жыхары вёскі кажуць — «гэта па-волянску». Напрыклад, полька «Шчэльніца» ўзяла сваю назву ад месца, побач з ім стаіць сучасная Вулькаўская школа. Безумоўна, такі танец вы больш нідзе не ўбачыце.
«З нагі ў нагу, з рукі ў руку, з горла ў горла», — так паміж сабой кажуць пра «Сунічку» яе мастацкія кіраўнікі, маючы на ўвазе пераемнасць традыцый. І гэта не проста словы, паколькі харэограф Ганна Лазько ў народных танцах шмат чаго пераняла ад свайго бацькі, а тэксты некаторых песень спецыяльна запісваліся ад самых старых жыхароў Вулькі.
Асаблівую ўвагу прыцягваюць сцэнічныя касцюмы «Сунічкі» — нацыянальныя строі, якія ствараліся рукамі матуль, бабуль і цётак маленькіх артыстаў. Поўнасцю аднолькавых вышыванак тут няма, бо майстрыхі падбіралі арнаменты з улікам уласных густаў і магчымасцяў. З гэтай прычыны некаторыя строі нават носяць імёны тых, хто быў іх першым уладальнікам.
Для таго каб вобраз быў народным на сто працэнтаў, адной вопраткі мала:
— Дзяўчынкі ўплятаюць у косы чырвоныя стужкі, хлопцы надзяваюць саламяныя капелюшы — здаецца, дробязі, але без іх немагчыма. А нядаўна Лунінецкі райвыканкам дапамог нам набыць адмысловы абутак, мы ім за гэта вельмі ўдзячныя, — тлумачыць Уладзімір Калянковіч.
* * *
Выхаванцы «Сунічкі» паступаюць у каледжы мастацтваў, каб працягнуць адукацыю, звязаную з народнымі танцамі і музыкай. Але не ў гэтым асноўнае прызначэнне ансамбля, на думку яго мастацкіх кіраўнікоў. Куды важней, каб кожны ўдзельнік калектыву аднойчы падзяліўся народнай спадчынай са сваімі дзецьмі.
Ганна Курак, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».