Вы тут

За абыякавасць могуць і звольніць


Звароты грамадзян — гэта і інфармацыя пра самавольства адказных асоб, сігналы наконт парушэнняў законаў. А з праявамі фармалізму можа сутыкнуцца нават старшыня Камітэта дзяржкантролю. Нядаўна ў Віцебскай вобласці падводзіліся вынікі кантролю за разглядам зваротаў грамадзян і мерамі рэагавання.


І зноў праблемы ЖКГ

— Летась у камітэт паступіла 459 пісьмовых зваротаў. Прызнаны неабгрунтаванымі 115 (пазалетась — 42), — расказаў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Вячаслаў Данілаў.

Паводле яго слоў, у 2 разы больш стала зваротаў па камунальна-бытавых пытаннях, а таксама па пытаннях дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый. Павялічылася колькасць зваротаў па несвоечасовай выплаце зарплаты. Часцей за астатніх скардзіліся жыхары Віцебска і Віцебскага раёна.

— Традыцыйныя звароты — невыкананне або няякаснае выкананне работ па бягучым і капітальным рамонце жыллёвага фонду. Таксама людзей хвалююць будаўніцтва і рамонт аб'ектаў, вонкавае добраўпарадкаванне, аплата жыллёва-камунальных паслуг... У сувязі са зменамі ў заканадаўстве абвастрылася пытанне рамонту пад'ездаў, бо цяпер ён робіцца за грошы грамадзян. Толькі ў канцы мінулага года ў Камітэт паступіла 5 калектыўных зваротаў з такой нагоды, — канстатуе начальнік аддзела экспертна-прававой работы і зваротаў грамадзян Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Вера Тарасава.

Грамадзяне скардзіліся на адсутнасць інфармацыі пра запланаваны рамонт за кошт сродкаў жыльцоў, яго тэрміны. Заяўлялі і пра неправядзенне або неналежнае правядзенне арганізацыямі ЖКГ сходаў жыхароў. Паведамлялі пра завышэнне кошту выкананых работ і няякасны рамонт, абураліся адсутнасцю належнага кантролю па гэтых пытаннях.

За рамонт — 700 тысяч з кватэры

Падчас пасяджэння калегіі камітэта быў агучаны «ўзорны факт» фармалізму: чыноўнікі прыслалі адпіску старшыні Камітэта дзяржкантролю. А ўсё пачалося падчас сустрэчы з работнікамі Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў. Была агучана праблема: без узгаднення з жыльцамі пачалі рамантаваць пад'езд, а людзям прапанавалі скінуцца па 700 тысяч рублёў з кожнай кватэры.

— Першы адказ з Аршанскага райвыканкама, падпісаны намеснікам старшыні, насіў фармальны характар. Не на ўсе пытанні былі дадзены адказы. І толькі пасля паўторнага патрабавання камітэта зварот быў разгледжаны належным чынам. Кошт работ па бягучым рамонце пад'езда знізіўся больш чым у 2 разы, — праінфармавала Вера Тарасава.

Шмат фактаў, калі кіраўнікі думаюць пра падначаленых у апошнюю чаргу. У прыватнасці, дырэктар гаспадаркі «Княж» Шаркаўшчынскага раёна не прымаў мер для своечасовай выплаты зарплаты, за што быў пакараны.

Але высноў не зрабіў. У гаспадарцы была запазычанасць, у тым ліку і ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Пры гэтым дырэктар распарадзіўся купіць новы службовы аўтамабіль. За гэта яго аштрафавалі на 600 базавых велічынь — 108 мільёнаў рублёў.

Дарэчы, у многіх раёнах выяўляюцца аналагічныя выпадкі.

І без жыроўкі можна?

Падчас выязнога прыёму кіраўніка дзяржкантролю жыхарка Віцебскага раёна паведаміла на першы погляд неверагоднае — ёй сістэматычна не дастаўлялі жыроўкі. У выніку яна несвоечасова аплачвала камунальныя паслугі. За гэта налічвалі пеню. Віцебскі райвыканкам, замест таго каб ліквідаваць прабел у працы прадпрыемстваў ЖКГ, прадаставіў інфармацыю аб адсутнасці факту парушэння. Адпіску атрымалі заяўнік і Камітэт дзяржкантролю. Кантралёрам прыйшлося выехаць на месца. Яны ўпэўніліся, што жыхарка пасёлка Янавічы гаварыла праўду.

Падчас відэасувязі кіраўнікам райвыканкамаў нагадалі, што за абыякавасць яны могуць страціць пасады.

Дэкрэтам Прэзідэнта № 5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый» вызначана, што працоўныя дагаворы (кантракты) скасоўваюцца за парушэнне ўстаноўленага заканадаўствам парадку разгляду зваротаў.

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.