Вы тут

Пра справаздачу ўчастковага інспектара міліцыі перад насельніцтвам


Штогод у Лагойскім раёне ўчастковыя інспектары міліцыі робяць справаздачу перад насельніцтвам, дэпутатамі  і актывам.


Нядаўна такую сустрэчу ў Плешчаніцкім сельскім Савеце правёў участковы Аляксей Канашонак. У органах правапарадку ён не навічок. Пасля заканчэння Акадэміі МУС вярнуўся на малую радзіму і вось ужо 8 гадоў працуе ў пасёлку. Ведае асабіста, здаецца, ці не кожнага чалавека. Людзі яго таксама добра ведаюць — іх думка, ацэнка работы шмат значаць для інспектара.

Аляксей Віктаравіч быў шчырым і нават самакрытычным перад сваёй аўдыторыяй. Ён не толькі засяродзіў увагу на правапарушэннях, але і выслухаў добрыя парады, што далі землякі.

Як высветлілася, найбольш распаўсюджаныя на яго тэрыторыі крадзяжы маёмасці, у асноўным электраінструмента, бытавой тэхнікі, будаўнічых матэрыялаў, грошай, прадуктаў харчавання. У большасці выпадкаў яны здзяйсняюцца цёмначы — з 19 гадзін вечара да гадзіны ночы. І, як правіла, у сераду, пятніцу і суботу. Самы эфектыўны спосаб прадухілення такіх злачынстваў — паставіць аб'ект на сігналізацыю.

Калі раней зладзеі найбольш кралі мабільныя тэлефоны, то цяпер яны пераарыентаваліся на веласіпеды. У гэтым звычайна вінаватыя самі ўладальнікі: забыліся замацаваць «стальнога каня», а то і проста бяспечна пакінулі ў пад'ездзе ці на вуліцы. Спахапіліся толькі праз некалькі дзён: «машына» прапала. Такія крадзяжы цяжка раскрыць: як правіла, сведкаў няма. І нават калі чалавек сам явіцца з павіннай і прызнаецца, што ўкраў веласіпед, гэтага мала: суд патрабуе доказы. Часам прапажу знаходзяць за сотні кіламетраў ад населенага пункта: у Вілейцы, Смалявічах, на рынку ў сталіцы...

Большасць правапарушэнняў і злачынстваў учыняецца ў стане алкагольнага ап'янення.

Сумесна з прадстаўнікамі пракуратуры, раённага аддзела ўнутраных спраў, сельвыканкамаў участковыя рэгулярна адпрацоўваюць населеныя пункты, каб выявіць факты вырабу самагону, незаконнай рэалізацыі спіртных напояў, у тым ліку непаўналетнім, наведваюць грамадзян, якія стаяць на прафілактычным уліку. У Лагойскім раёне летась выяўлена 73 адміністрацыйныя правапарушэнні, звязаныя з незаконным абарачэннем алкагольнай прадукцыі, у тым ліку 22 — у Плешчаніцах і на тэрыторыі сельсавета.

А нядаўна патэлефанавала ўчастковаму жанчына са Слабады. Маўляў, спойваюць сына: за некалькі дзён ён пакінуў на «кропцы» 700 тыс. рублёў. Пасля адпаведнай праверкі за дзень было складзена 7 пратаколаў. «Гэта праблема не толькі міліцыі, але і нас усіх, грамадскасці, дэпутатаў. Ад п'яніц пакутуюць сем'і, дзеці, ад алкаголю гінуць людзі. Яшчэ ў памяці выпадак, калі ў вёсцы Кастрычнік згарэлі на пажары дзве жанчыны, якія прынялі дозу», — дадаў старшыня Плешчаніцкага сельскага Савета Віктар Кірылаў.

Яшчэ адна балючая праблема, якая з'явілася апошнім часам і закранула, — незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў. За мінулы год Лагойскім РАУС выяўлена 18 злачынстваў у гэтай сферы, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх — 15.

Павялічваецца колькасць асоб, якія звязаны з незаконным спажываннем і распаўсюджаннем наркотыкаў і стаяць на дыспансерным уліку. Адна з прычын такога становішча — недастатковая прафілактычная работа і рэабілітацыйная дапамога нарказалежным асобам. Да таго ж зніжаецца ўзрост спажыўцоў наркотыкаў.

У сувязі з гэтым дэпутат раённага Савета Яраслаў Паповіч пацікавіўся, ці ўнесены так званыя «насваі» ў спіс наркатычных рэчываў. Начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрый Мілашэўскі, які заўсёды прысутнічае на такіх сустрэчах, адказаў, што самі па сабе кампаненты такой сумесі не наркатычныя. Але адназначна яны наносяць шкоду здароўю.

— На лыжаролернай трасе былі разбураны альтанкі. Ці заведзена па гэтым здарэнні крымінальная справа? — спыталі прысутныя.

Начальнік РАУС абяцаў адрасаваць запыт у следчы аддзел. Ён растлумачыў: «Мы займаемся прафілактыкай правапарушэнняў, іх раскрыццём, а напрацоўкі перадаём у Следчы камітэт, які праводзіць расследаванне, ацэньвае доказы, сітуацыю і правамоцны прымаць рашэнне».

А вось начальніка ўчастка Лагойскай камунальнай гаспадаркі Ірыну Чарненку хвалююць крадзяжы кантэйнераў, сметніц, пашкоджанні камунальнай маёмасці. «Усё гэта падсправаздачнае, каштуе грошай», — кажа яна.

— Праблему мы бачым, — адказаў участковы. — Апошні інцыдэнт з пашкоджаннем агароджы, можна сказаць, здарыўся на пустым месцы. Пасля выпускнога вечара хлопец пасварыўся з дзяўчынай і ў запале зламаў тое, што трапіла на вочы. Летам, калі ў школьнікаў, моладзі пачнуцца канікулы, адпачынак, будзем больш актыўна з вамі працаваць.

Але Ірына Чарненка на гэтым не спынілася: «Як прагнаць з палігона асоб без пэўнага месца жыхарства, якія там пастаянна корпаюцца? Я не магу ўвесь час іх пільнаваць, а яны там разводзяць агонь, могуць і больш шкоды нарабіць».

— Гэтыя людзі маюць нейкае жыллё, месца рэгістрацыі, але, так бы мовіць, страцілі сацыяльныя сувязі. Прагнаць іх адтуль нельга, паколькі палігон — гэта не рэжымны аб'ект. Але працаваць з імі трэба ўсім разам, а не толькі міліцыі. Будзем разбірацца, — паабяцаў участковы.

Пры Плешчаніцкім сельвыканкаме працуе Савет грамадскага пункта аховы правапарадку. Намеснік старшыні гэтай структуры Святлана Іванцова нагадала аб праблемах тых, хто вярнуўся з месцаў зняволення. Для працаўладкавання ім неабходны дакументы. А без грошай іх не аформіш. «Звяртаемся па дапамогу да кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў, якія даюць ім часовую працу, каб зарабілі на аднаўленне ўсіх папер».

А яшчэ Святлана Іванцова звярнула ўвагу на цяжкасці з дастаўкай на пасяджэнні парушальнікаў. «З гэтай катэгорыяй грамадзян участковым трэба актывізаваць работу. Усё астатняе вырашаем сумесна».

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Землякі дрэннага не параяць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.