Вы тут

Радаслоўную для вяскоўцаў піша стараста з Касцюковіцкага раёна


Ад вёскі Смолькі да мяжы з Расіяй усяго 2 кіламетры. Мясцовым жыхарам нават прасцей на кірмаш у Сураж з'ездзіць, чым у родныя Касцюковічы. Хлопцы імкнуцца «за мяжу» падацца, каб знайсці там працу. І ў тым, што яны яшчэ не ўсе з'ехалі, ёсць і заслуга мясцовага старасты Аляксандра Абраменкі, у якога сэрца баліць за сваю малую радзіму.

Калі б такіх было ў кожнай вёсцы хаця б па адным, жыццё там і не думала б прыпыняцца. Уявіце сабе чалавека, які выхоўвае траіх дзяцей ды яшчэ трымае на сваім падворку дзве сотні авечак і некалькі дзясяткаў свойскіх птушак. Пры гэтым паспявае ладзіць разам з жонкай культурныя мерапрыемствы для вёскі, пісаць радавод для кожнай тутэйшай сям'і і збіраць экспанаты для будучага музея.


У му­зеі бу­дзе на­ват шах­цёр­скі ліх­тар.

Мы не горш за гарадскіх

— Я тут нарадзіўся і лепшага месца на зямлі сабе не ўяўляю, — прызнаецца ён. — Некалі, яшчэ ў мінулым стагоддзі, вёска была вялікая — у 67 дамах жылі 760 жыхароў — па 11 чалавек у сям'і! Нас так і называлі — «кітайскае насельніцтва». Трэба ж было камусьці працаваць на зямлі.

Больш за ўсё яму не падабаецца, калі іх вёску называюць неперспектыўнай. Патрабуе: пакажыце, дзе гэта напісана. «Калі б не казалі, што вёска неперспектыўная, яна б і не падумала знікаць, — заклапочаны ён лёсам малой радзімы. — Правільна Прэзідэнт сказаў: загубім вёску — страцім краіну. А мы губім. Аграгарадкі ўсё не выцягнуць».

Сам Аляксандр Абраменка калі і пакідаў вёску, то толькі на перыяд вучобы. Пасля інстытута мэтанакіравана ішоў у Смолькаўскую школу, дзе 21 год адпрацаваў фізруком. «Гарадскія часам лічаць, што вясковец — гэта чалавек другога гатунку, — дзеліцца ён. — І я рабіў усё, каб дзеці, якія тут растуць, не адчувалі гэтага. Мы ездзілі на спаборніцтвы, былі найлепшымі і па валейболе, і па баскетболе, 12 гадоў займаліся велатурызмам — абышлі ўсю Беларусь і нават суседнюю Бранскую вобласць. Дзякуй старшыні сельскага Савета Сяргею Прахарэнку — ён заўсёды падтрымліваў і маральна, і матэрыяльна. Я тлумачыў дзецям, што яны нічым не горшыя за гарадскіх. Яны ж на зубок ведалі геаграфію раёна і ўсёй Беларусі.

Быў усё ж такі момант, калі Абраменка хацеў з'ехаць. У 2012 годзе школу ў Смольках закрылі, і ён гэта ўспрыняў вельмі балюча. Дагэтуль сэрца шчыміць. «У мяне дзеці ў спартзале днявалі і начавалі, — кажа ён. — Трызнілі спортам. Я за школу як мог змагаўся».

Але ён усё ж застаўся і не шкадуе. Цяпер яшчэ і сваім былым вучням дапамагае знайсці працу на вёсцы. Клапоціцца, каб і народныя рамёствы не забывалі. Ёсць тут адзін стары майстар, які здаўна валёнкі валіць. Абраменка збіраецца да яго аднаго са сваіх выхаванцаў завесці, каб майстэрства пераняў. У хлопца здольнасці ёсць.

Ра­зам з гім­нас­цёр­кай пе­рад­алі і ўзна­га­ро­ды.

Аптымізацыя з розумам

Аляксандр не любіць крывіць душой і не баіцца адстойваць сваю пазіцыю перад уладамі. Калі даведаўся, што аптымізацыя дайшла да іх — чакаць не стаў. Патэлефанаваў на суботнюю «прамую лінію» ў аблвыканкам з патрабаваннем захаваць ФАП. Казаў, што насельніцтва ў асноўным складаецца з пенсіянераў, для іх ездзіць кудысьці да ўрача — цяжкае выпрабаванне. Пытанне, дарэчы, вырашылі на карысць заяўніка. У вёсцы пабывалі мясцовыя ўлады і запэўнілі, што ФАП ніхто закрываць не збіраецца.

— Я ўдзячны за гэта раённым уладам, — кажа суразмоўца. — Магчыма, яны і так пакінулі б гэты ФАП. Але штуршок, я думаю, даў наш тэлефонны званок. І тое, што подпісы сабралі, таксама спрацавала. Калі б мы маўчалі, ФАП маглі б і закрыць.

Пенсіянеры звяртаюцца да Абраменкі з рознымі просьбамі. То комін трэба пачысціць, то нешта адрамантаваць. І ён не забываецца лішні раз нагадаць пра гэта сацыяльным службам, а потым пракантраляваць.

— А самі дапамагаеце?

— А як жа! Бяру касу ў рукі і хлопцаў за сабой вяду. Вясна прыйшла, у іх ужо бензапілы напагатове. Едзе, напрыклад, сельвыканкам нашы могілкі добраўпарадкаваць, я таксама з мужчынамі далучаюся. Большасць з разуменнем да гэтага ставіцца, хаця, чаго душой крывіць, ёсць і абыякавыя. Маўляў, а мне гэта трэба? Або вось пастаяў са старшынёй, пагутарыў — адразу пачынаюць наракаць: у любімчыкі запісаўся? Ёсць і такія, што абураюцца: а чаго Абраменка камандуе намі? Колькі людзей, столькі і поглядаў. Але нельга апускаць рукі. Адзін раз нагадаеш: прыбярыце каля свайго дома, другі, трэці... І — прыбіраюць. Вясной дзяцей збіраю, ідзем з мяшкамі ўздоўж вуліцы, смецце збіраем. Яны з маленства павінны разумець, што смеціць дрэнна. І ў нас чыста, прыгожа.

Тэ­ма вай­ны для Аляк­санд­ра Аб­ра­мен­кі ба­лю­чая.

Без працы сумна

Тое, што ён сам працаваць любіць і ўмее, відаць няўзброеным вокам. Авечкагадоўляй заняўся яшчэ да таго, як з'явілася дзяржпраграма. Але прэферэнцыямі скарыстацца не атрымалася, бо ўпарта не жадае быць фермерам. «Што ад гэтага зменіцца? Вось калі б мне тэхнікай дапамаглі, у мяне было б не 200 галоў, а 1200. І тыя, хто сёння матаецца на заробкі ў Расію, прыйшлі б да мяне працаваць. А так уся мая падтрымка — гэта жонка. І тое маральная, бо ўсю цяжкую працу мужчына павінен браць на сябе».

Старшыня Сялецкага сельскага Савета Сяргей Прахарэнка:

— Такіх людзей, як Аляксандр Абраменка, не шмат, не кожнага яшчэ ўгаворыш на грамадскія справы. А Абраменка — малайчына. Дапамагае наводзіць парадак у вёсцы, працуе старанна.

Пад чараду гаспадар купіў старыя дамы і зрабіў з іх хлявы. Кармы нарыхтоўвае сваімі сіламі. На плошчы 1,5 га летам спее ячмень, пшаніца і трэцікале. Вырошчвае бульбу, садавіну, гародніну... Некаторыя лічаць: буржуй. Гэта ўспрымае вельмі балюча. «Была аднойчы тут дэлегацыя з вобласці, — з крыўдай у голасе ўзгадвае гаспадар. — Нехта папракнуў: і пасля гэтага людзі яшчэ скардзяцца, што дрэнна жыць у вёсцы. Я ўскіпеў. Лёгка казаць, а паспрабуй у 5 гадзін раніцы ўстаць і круціцца да ночы. Каб толькі накарміць гаспадарку, трэба як мінімум 2 гадзіны. А яшчэ з балота вядзёр 30-40 вады нацягаць. Але мне цікава тое, чым я займаюся, таму і аддача ёсць».

Старшыня сельскага Савета Сяр­гей Пра­ха­рэн­ка, Але­на і Аляк­сандр Аб­ра­мен­кі.

Покліч продкаў

Абраменка перажывае, што аптымізацыя ўсё ж такі не пашкадавала іх вясковы клуб. «Чаму закрылі, не ведаю, — уздыхае суразмоўца. — Вунь у іншых вёсках і насельніцтва менш, а клуб працуе. Дзе ж нам цяпер святы адзначаць?»

Каб не страціць будынак зусім, Аляксандр прыстасаваў яго пад будучы музей. Мясцовыя жыхары яму ў гэтым ахвотна дапамагаюць.

Кожны нясе, што можа: гарлачы, калаўроты, ручнікі, сцягі, савецкія падручнікі, ёсць нават металічная калыска... Частку гэтых рарытэтаў можна ўбачыць сёння ў былым будынку клуба. Але самае каштоўнае захоўваецца ў «запасніках». У вёскі гісторыя багатая, таму Аляксандр збіраецца зрабіць музей з некалькіх блокаў: даўніна, вайна, савецкі час, савецкая школа. Асобна прадставіць сялянскі побыт.

Ганаровая месца будзе адведзена аднавяскоўцам, якія прайшлі праз пекла вайны. Аляксандр прыклаў усе намаганні, каб вярнуць з небыцця імёны палеглых суайчыннікаў. З пошукавікамі працуе ўжо не першы год і ганарыцца, што адноўлена 8 імёнаў. А яшчэ знаходзіць франтавікоў, якіх несправядліва забылі: у кнізе «Памяць» пазначана ўсяго 6 чалавек, якія вярнуліся дадому жывымі, ён знайшоў яшчэ 25.

— Вось медалі Міхала Маркавіча Вараб'ёва, — паказвае Аляксандр. — Родныя перадалі іх разам з кашуляй. З вёскі Разрытае прывезлі ўзнагароды Аляксандра Мацвеевіча Хомчанкі... Сёння шмат чаго з гэтага ідзе на продаж. Прапаноўваю: хлопцы, я дам болей, пакіньце гэта тут. Каб рэчы, якія належалі мясцовым жыхарам, не пакідалі вёску.

Вёска Смолькі — паселішча, дзе прозвішчы жыхароў амаль спрэс «рускія» — Казловы, Смаляковы, Земляковы, Праявіны, Вараб'евы. І па назве Смолькі сугучны са Смаленскам. Цяпер стараста імкнецца ўсе гэтыя таямніцы раскрыць. Нешта знаходзіцца ў інтэрнэце, але болей расказваюць старыя людзі. Яны, наогул, скарбніца мудрасці. Старажылка Еўдакія Землякова, напрыклад, можа радавод кожнага жыхара расказаць. Аляксандр гэта ўсё падрабязна запісвае: будзе чым на свята вёскі землякоў здзівіць.

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Радаслоўная для вяскоўцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».