Вы тут

Здаў бутэлькі - менш заплаціў за "камуналку"


Раней пэўны кантынгент грамадзян стаяў натоўпам пад пунктамі прыёму шклатары. Каб у суседняй краме грошы, выручаныя за здадзеныя пустыя бутэлькі, памяняць на поўную. Сёння ў Чачэрску можна ажыццявіць іншы бартар тых самых вырабаў: а менавіта, аплаціць з іх дапамогай паслугі ЖКГ. Пры гэтым адходы (яны ж — другасная сыравіна па «сумяшчальніцве») забяруць прама з дома... У выніку невялічкі Чачэрскі раён, дзе жыве каля 14,5 тысячы чалавек, практычна ачысціўся ад смецця. Шкло, паперу і пластык на вуліцы цяпер падбіраюць не толькі прыбіральшчыкі, але і грамадзяне, якія зразумелі, што такім чынам можна капейку зарабіць і аплату камуналкі зменшыць.


Сапраўды, у Чачэрскім раёне ўлады прапанавалі паўдзельнічаць у камунальным эксперыменце: разлічыцца за паслугі ЖКГ другаснай сыравінай. Сёння такія дагаворы заключаны з амаль паўсотняй людзей. Яшчэ дзве сотні за тое ж атрымліваюць грашовы разлік — таксама па дамоўленасці.

Скарыстацца новай паслугай нескладана. Тым, хто вырашыў развітацца з назапашаным смеццем, трэба патэлефанаваць у ЖКГ. Машына прыедзе па графіку, а грошы за другасную сыравіну перавядуць на асабісты рахунак спажыўца ці разлічацца з ім на месцы. Зрэшты, аплаціць камунальныя паслугі другаснай сыравінай можна і ў стацыянарных пунктах прыёму. Праўда, сюды трэба прыйсці ўжо самому, а ў астатнім усё аналагічна: узважванне, сартаванне, разлік.

Як расказала інжынер па ахове навакольнага асяроддзя КЖУП «Чачэрскае» Ларыса Зірко, новай магчымасцю разлікаў грамадзяне цікавяцца штодзень:

— Калі мы адкрылі прыёмныя пункты, нам многія пачалі тэлефанаваць і пытацца наконт асобнага збору смецця і заключэння дагавораў. Мы тлумачылі кожнаму, што ды як. Цяпер, калі чалавек вырашыў грунтоўна пачысціць свой дом ад хламу, ён тэлефануе ў дыспетчарскую камунальнікам. Калі смецця больш за 100 кг — па заяўцы машына прыедзе ў любы населены пункт на працягу тыдня і забярэ адсартаваныя макулатуру, шкло, пластык. Сума за гэта «дабро» або аддаецца на рукі, або залічваецца на асабісты рахунак плацельшчыка камунальных паслуг. У сярэднім чалавек здае ў месяц другаснай сыравіны на Br30 тысяч рублёў. Самы высокі паказчык за мінулы год — Br115 тысяч. У плацежнай квітанцыі камунальных паслуг усё распісваецца, у тым ліку — вылік за здадзеную сыравіну. Такім чынам мы не толькі спрашчаем людзям жыццё і аказваем паслугу дома, але і прывучаем да эканоміі.

Але ж канчатковая мэта — зрабіць горад і раён больш дагледжаным, лічыць начальнік КЖУП «Чачэрскае» Віктар Марчанка:

— У нас гэты працэс адрэгуляваны. Два прыёмныя пункты ёсць у Чачэрску і па адным у населеных пунктах раёна — Сідаравічах, Меркулавічах, Батвінава. Не так даўно набылі перасоўны прыёмны пункт другасных матэрыяльных рэсурсаў, цяпер адпрацоўваем схему яго эфектыўнага выкарыстання.

Між тым эксперымент у Чачэрску дазволіў раённаму прадпрыемству ЖКГ выйсці ў лідары Гомельскай вобласці па нарыхтоўцы шкла і палімераў. КЖУП «Чачэрскае» прыняло летась ад жыхароў раёна больш за 136,5 т другаснай сыравіны — гэта амаль удвая больш у параўнанні з папярэднім годам.

іоst@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Эканомія з экалогіяй

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.