Вы тут

Адкрыццё на ўзроўні сенсацыі


Які лёс чакае ўнікальныя вонкавыя фрэскі ў Нясвіжы?

Напрыканцы мінулага тыдня ў рэдакцыю «Звязды» патэлефанавалі жыхары Нясвіжа. Ім стала вядома, што на ўнесеным у спіс ЮНЕСКА касцёле Божага Цела, помніку архітэктуры канца XVІ стагоддзя, падчас рэстаўрацыйных работ выяўлены ўнікальныя вонкавыя фрэскі. Усхваляваныя мясцовыя жыхары папрасілі даведацца пра будучыню гэтага роспісу.


Наш карэспандэнт неадкладна звязалася з прадстаўнікамі Міністэрства культуры, а таксама пагутарыла з навукоўцамі, якія ўжо пачалі даследаваць фрэскі.

— Сапраўды, падчас работ па рэстаўрацыі фасадаў касцёла Божага Цела ў Нясвіжы былі выяўлены элементы насценнага роспісу. Папярэдне мы іх датуем XVІІ—ХVІІІ стагоддзямі. Пра наяўнасць фрэсак на фасадах ніякіх дакументальных звестак ці хаця б вусных легендаў, згадак не было, — распавядае намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко. — Гэты роспіс насамрэч вельмі багаты: тут відаць лікі святых, арнаменты, пэўныя сюжэты. Па папярэдніх звестках, найлепш захаваліся элементы насценнага жывапісу на галоўным і ўсходнім фасадах касцёла. Экспертаў адкрыццё ўразіла, гэта пэўнага кшталту сенсацыя для нашай культуры.

Намеснік міністра запэўнівае, што цяпер усе рэстаўрацыйныя работы спынены, у Нясвіж накіраваны найлепшыя эксперты, якія праводзяць дадатковыя даследаванні. Натуральна, фрэскі раскрываюцца не цалкам, а часткова: навукоўцы і рэстаўратары пакуль не могуць даць адназначнага адказу на пытанне, як іх захаваць. Бо падобнага кшталту работы будуць выкананы ў Беларусі ўпершыню, і нашым рэстаўратарам пакуль не вядомы тэхналогія, матэрыялы для працы з вонкавымі фрэскамі. Раней спецыялісты мелі справу адно з роспісамі ўнутры храмаў.

Напрыканцы сакавіка, падчас навукова-метадычнай нарады пры Міністэрстве культуры, будзе абмеркаваны далейшы парадак правядзення рэстаўрацыйных работ касцёла з улікам зробленага адкрыцця. Больш за тое, паколькі касцёл Божага Цела знаходзіцца пад аховай ЮНЕСКА, то ўся далейшая праца будзе каардынавацца спецыяльнай камісіяй ЮНЕСКА.

Магчымы розныя варыянты экспанавання старажытных роспісаў: іх можна дэманстраваць цалкам, раскрыўшы фрэскі і ўзнавіўшы страчаныя элементы. Але найбольш верагодным бачыцца варыянт частковага раскрыцця і экспанавання асобных фрагментаў. У будучыні, калі тэхналогіі рэстаўрацыі будуць лепш развітыя, з'явіцца магчымасць для найлепшага захавання ўнікальных элементаў дэкору фасадаў.

Аляксандр Яцко лічыць выяўленне роспісаў на фасадах адкрыццём сусветнага ўзроўню. Таму не стаіць пытанне пра тое, каб іх схаваць ці стаіць. Будуць прыкладзены ўсе намаганні, каб хаця б часткова экспанаваць фрэскі, а самі роспісы і гісторыя іх выяўлення з часам могуць ператварыцца ў легенду, якая будзе інтрыгаваць і прывабліваць у Нясвіж яшчэ больш турыстаў.

І сапраўды, у справе фрэсак на фасадах нясвіжскага касцёла ўсё яшчэ многа загадак і таямніц. Няма звестак пра тое, калі роспісы былі зафарбаваны. Мяркуецца, што гэта адбылося дакладна раней, чым у канцы ХІХ—пачатку ХХ ст.: усе дакументы, датаваныя гэтым часам, апісваюць касцёл ужо без вонкавых фрэсак. Навукоўцам патрэбна даследаваць яшчэ і пытанне, чаму багата аздоблены роспісамі звонку храм аднойчы стаў проста белым.

— Выяўленне роспісаў на фасадах касцёла Божага Цела ў Нясвіжы — вялікая радасць. Гісторыя беларускага мастацтва атрымала новы неверагодны артэфакт, — кажа доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Бажэнава, якая ўжо пабывала ў Нясвіжы і пабачыла фрэскі. — Вядома, што Нясвіж — рэнесансны горад, дзе вуліцы, плошчы па сваім убранстве нагадвалі шыкоўныя залы палацаў. Таму не дзіўна, што і храм меў такі багаты роспіс. Ужо па выяўленых элементах можна меркаваць, што мы маем справу з фрэскамі, якія рабіліся ў розныя часы: тут відаць слаі — як сімвалічныя сляды гісторыі касцёла.

На думку даследчыцы, нашы продкі схавалі ўнікальныя фрэскі пад фарбай, каб захаваць для нашчадкаў. Таму перад намі стаіць надзвычай важная і адказная задача не нашкодзіць, не спяшацца, а знайсці сапраўды аптымальны шлях працы з унікальнымі роспісамі.

Паведамляецца, што над даследаваннем фрэсак у Нясвіжы ўжо працуюць найлепшыя спецыялісты «Белрэстаўрацыі», НАН Беларусі, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж».

«Звязда» будзе сачыць за ходам рэстаўрацыйных работ у Нясвіжы і паведамляць пра лёс фрэсак у наступных публікацыях.

Дарэчы:

Цягам многіх стагоддзяў фрэска — жывапіс па сырой тынкоўцы — была вельмі запатрабаванай тэхнікай. У многім гэтаму садзейнічала даступнасць матэрыялаў, а таксама доўгі час захавання малюнка. Правільна выкананы фрэскавы роспіс не разбураецца, здольны захоўвацца стагоддзямі і нават тысячагоддзямі. Але вялікі ўплыў на такія малюнкі аказваюць прыродна-кліматычныя ўмовы. Таму натуральна, што нанясенне фрэсак на фасады храмаў ва Усходняй Еўропе — вялікая рэдкасць. Багатыя роспісы проста не вытрымалі б выпрабавання халодным вільготным ветрам, дажджом, снегам. Іншая справа — сухі і цёплы клімат, як, напрыклад, у Італіі ці Грэцыі, таму і вонкавыя фрэскі на храмах у гэтых краінах сустракаюцца часцей.

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.