Вы тут

Дыялог з прадпрымальнікамі працягваецца


Дзяржава працягвае весці дыялог з прадпрымальнікамі па праблемных пытаннях гандлю. Зацікаўленыя бакі імкнуцца згладзіць прыватныя моманты, якія спросцяць выкананне ўжо прынятых законаў. З гэтай мэтай працягвае збірацца рабочая група па пытаннях дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў пры грамадска-кансультатыўным савеце па развіцці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі. На гэтым тыдні адбылося ўжо сёмае пасяджэнне. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі саветаў індывідуальных прадпрымальнікаў гандлёвых цэнтраў і рынкаў, бізнес-саюзаў, а таксама дзяржаўных органаў.


Адзін тэрмінал на ўсіх

Міжведамасны каардынацыйны савет пры Нацыянальным банку прапануе дазволіць устаноўку і выкарыстанне аднаго плацежнага тэрмінала некалькімі ІП. Гэтае рашэнне прынята і мае на ўвазе ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у адпаведную пастанову Савета Міністраў і Нацыянальнага банка для забеспячэння магчымасці працы тэрміналаў у рамках тэхналогіі «мульцімерчант». Акрамя таго, савет пры Нацбанку прапанаваў Міністэрству гандлю рэкамендаваць прадпрымальнікам, што здаюць гандлёвыя плошчы за свой кошт, набываць, абслугоўваць і прадастаўляць арандатарам аплатныя тэрміналы. Што тычыцца пытання тарыфаў на эквайрынг (прыём да аплаты плацежных карт у якасці сродку аплаты тавару), то яны, на думку савета, павінны вырашацца на дагаворнай аснове.

Начальнік галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацыянальнага банка Аляксандр Сотнікаў паведаміў, што прапановы рабочай групы па выніках мінулага пасяджэння былі прааналізаваныя Міжведамасным каардынацыйным саветам. Ва ўрад ужо накіраваны ліст з прапановай аб тым, каб дазволіць індывідуальным прадпрымальнікам, якія маюць некалькі гандлёвых пунктаў на адным гандлёвым аб'екце, выкарыстоўваць адзін плацежны тэрмінал.

Акрамя таго, Нацбанк прапаноўвае абавязаць ІП усталёўваць плацежны тэрмінал, калі іх сярэднямесячная выручка за папярэдні квартал перавышае 300 базавых велічынь. Пры гэтым пасля ўстаноўкі тэрмінала яго трэба будзе ў далейшым выкарыстоўваць незалежна ад аб'ёму выручкі. Таксама абмяркоўваецца прадастаўленне магчымасці індывідуальным прадпрымальнікам, што абавязаны ўсталяваць плацежны тэрмінал на працягу 2 месяцаў пасля наступлення такога абавязку, працаваць без яго, маючы на руках дакумент, які пацвярджае прыём банкам-эквайрам заяўкі на тэрмінал. Рабочая група па выніках адкрытага галасавання большасцю галасоў падтрымала гэтыя прапановы.

Адказнасць падзеляць пароўну?

Таксама падчас сёмага пасяджэння рабочай групы абмяркоўвалася пытанне прымянення адміністрацыйнай адказнасці да індывідуальных прадпрымальнікаў за парушэнне тэхнічных рэгламентаў. Намеснік старшыні Дзяржстандарта Сяргей Іўлеў паведаміў, што прапанова аб зніжэнні памераў адказнасці за парушэнне ТР знайшла сваё адлюстраванне ў праекце закона, які ўносіць змяненні і дапаўненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Згаданы законапраект падрыхтаваны Дзяржстандартам і знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У ходзе абмеркавання гэтага пытання ад удзельнікаў групы паступіла дадатковая прапанова аб падзеле меры адказнасці за парушэнне тэхнічных рэгламентаў паміж вытворцам, імпарцёрам і прадаўцом. Прадстаўнікі Дзяржстандарта выказалі гатоўнасць абмеркаваць гэтую прапанову 14 сакавіка ў вузкім складзе з прадстаўнікамі Беларускага саюза прадпрымальнікаў і іншымі экспертамі. Наступнае пасяджэнне рабочай групы па пытаннях дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў плануецца 18 сакавіка.

Тым часам

Дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Пётр Арушаньянц падчас прэс-канферэнцыі аб перспектыве развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва адзначыў, што штрафы для індывідуальных прадпрымальнікаў за гандаль таварамі без сертыфікатаў плануецца паменшыць. Зараз яны складаюць ад 200 да 500 базавых велічынь. У Міністэрстве эканомікі лічаць, што гэтая мінімальная штрафная планка занадта высокая для тых, хто робіць невялікія парушэнні, гандлюючы прадукцыяй легпрама. Міністэрства прапануе ніжнюю планку штрафаў паменшыць у 100 разоў, гэта значыць да 2 базавых велічынь. Таксама ёсць артыкулы, па якіх штрафныя санкцыі вылічваюцца ў 200% ад кошту незаконна ўвезенага тавару. Паводле слоў Пятра Арушаньянца, гэтую лічбу таксама плануецца знізіць у 2 разы.

kryzhevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дэталёвы дыялог

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.