Вы тут

Школьны подыум


Якія дызайнерскія знаходкі маюць права на прымяненне ў адзенні для школы, каб не парушыць школьны «дрэс-код»? Ці можна знайсці кампраміс паміж строгасцю і індывідуальнасцю? Наколькі апраўдана захапляцца фурнітурай і аксесуарамі ў дзявочых мадэлях? Як увогуле можна дагадзіць дзяўчатам-падлеткам? Адказы на гэтыя пытанні можна было знайсці падчас прэзентацыі новай калекцыі адзення дзелавога стылю для школьнікаў канцэрна «Беллегпрам», што адбылася ў рамках выставы «Свет дзяцінства — 2016».


Стваральнікі калекцыі ЗАТ «Калінка» сцвярджаюць, што пры рабоце над дзявочым адзеннем улічылі ўсе модныя тэндэнцыі будучага сезона. Мадэлі (жакеты, камізэлькі, спадніцы, сарафаны, штаны) гарманічна дапоўненыя дэталямі з тканін у клетку і палоску, а таксама трыкатажнымі палотнамі. Вырабы дэкарыраваны аксамітавай тасьмой, строчкамі, якія імітуюць ручное шво, залатой металічнай фурнітурай і рамянямі кантраснага колеру. Камплекты, у якія ўваходзіць адразу некалькі адзінак адзення, страхуюць ад аднастайнасці і дазваляюць дзяўчатам карэкціраваць штодня свой дзелавы вобраз.

У калекцыі для дзяўчат ААТ «Славянка» знайшлося месца і карункам, і тасьме, што ўнесла «разыначку» ў строгі дзелавы стыль. У сваёй хлапчуковай калекцыі мадэльеры «Славянкі» зрабілі стаўку на прыталены сілуэт і завужаныя штаны — гэта адпавядае апошнім тэндэнцыям моды. Модныя мадэлі выкананы ў сінім колеры з полівіскознай тканіны, якая ўтрымлівае 35% віскозы. А натуральная лінія ад «Славянкі» прадстаўлена касцюмамі для хлопчыкаў і сарафанамі і касцюмамі для дзяўчат і пашытая з шарсцяных і паўшарсцяных тканін Мінскага камвольнага камбіната.

Лаканічнасць і мінімалізм, строгасць і какецтва, камфорт і прыгажосць з'яўляюцца галоўнымі характарыстыкамі калекцыі ААТ «Знамя індустрыялізацыі». Рамантычныя натуры павінны ацаніць мадэлі з валанамі, фальбонамі і аздабленнем карункамі. Асаблівую ўвагу на прадпрыемстве надаюць якасці і камфортнасці, а таму выкарыстоўваць тканіны з высокім утрыманнем натуральных валокнаў.

Самыя разнастайныя фасоны джэмпераў, жакетаў, камізэлек, світараў і сарафанаў з паўшарсцяных і баваўняна-нітронавых тканін прадставіла на суд маленькіх экспертаў ААТ «Палессе». Дыхтоўнасць, практычнасць, зручнасць, якасць і даступныя цэны — гэта менавіта тое, што робіць прадукцыю «Палесся» запатрабаванай у шырокага кола спажыўцоў.

Калекцыя адзення дзелавога стылю ад ААТ «Элод» спалучае модныя тэндэнцыі і традыцыйныя элементы класічнага школьнага касцюма. Усё адзенне лёгка спалучаецца паміж сабой, што аблягчае выбар дзецям і іх бацькам.

Калекцыя «Разумнікі і разумніцы» ад ААТ «БелКрэда» — гэта сучасны крой і высокая якасць выканання, якія забяспечваюць добрую пасадку. Для нестандартных фігур падлеткаў гэта асабліва важна. А ісці ў нагу з часам дапамагае выкарыстанне прыгожых і якасных сучасных тканін.

Яркую калекцыю адзення для заняткаў спортам прадставіла ААТ «Світанак». Палатно, якое спалучае паліэстар з эластанам, лепш за ўсё падыходзіць для спартыўнага адзення. Яно прыемнае навобмацак, не камячыцца, добра захоўвае форму і прапускае паветра, што дазваляе скуры дыхаць.

ААТ «8 сакавіка», у сваю чаргу, прадставіла спартыўную падлеткавую калекцыю «Рок-клаб». Універсальная і шамтфункцыянальная капсула ўключае штаны, легінсы, сукенкі, спадніцы, футболкі, майкі і джэмперы, у якіх будзе зручна займацца спортам. Яркая, але ў той жа час мяккая колеравая гама, робяць калекцыю жаноцкай, свежай і дынамічнай. Агульны стыль калекцыі фарміруюць геаметрычныя прынты і модныя сілуэты.

* * *

Як расказала прэс-сакратар канцэрна «Беллегпрам» Наталля КРАЎЦОВА, сёлета беларускія прадпрыемствы імкнуліся ўлічыць усе пажаданні і крытычныя заўвагі бацькоў. Бо як бы ні замілоўваліся гледачы на паказе малымі ў строгіх мужчынскіх касцюмах, аднак дастаткова толькі ўявіць сабе, як першакласнік будзе коўзацца ў ім кожны дзень, каб зразумець, што такое адзенне малапрыдатнае для штодзённага нашэння. Ва ўсялякім разе, у пачатковай школе. Галоўнае патрабаванне бацькоў — адзенне павінна быць адначасова і камфортным, і гігіенічным, і прэзентабельным. Яно не павінна камячыцца, даваць усадку пасля мыцця і хутка страчваць свой знешні выгляд.

Арганізацыі канцэрна «Беллегпрам» пазіцыянуюць сябе як вытворцаў тавараў для школьнікаў, якія клапоцяцца пра здароўе дзяцей. Пры распрацоўцы і вытворчасці новых калекцый выкарыстоўваюцца розныя інавацыі, улічваюцца папулярныя трэнды і кірункі сусветнай моды. Усяго ў вытворчасці тавараў для дзяцей школьнага ўзросту ў гэтым годзе будуць задзейнічаны 28 арганізацый канцэрна.

Яшчэ адзін кірунак працы — рэалізацыя пілотнага праекта «Школа будучыні». У бягучым навучальным годзе ім ахоплены больш як 700 школьнікаў з розных рэгіёнаў краіны. Ідэя аўтараў заключаецца ў тым, каб уніфікаваць адзенне дзелавога стылю для вучняў пачатковай школы і максімальна задзейнічаць пры гэтым патэнцыял айчынных прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці.

Але гэта зусім не азначае, што ўсе дзеці будуць апранутыя аднолькава. Нават у адной школе вучні розных класаў могуць выбіраць разам з бацькамі форму на свой густ. Галоўнае, што гэта будзе дзелавое адзенне, а выбар застанецца за навучальнымі ўстановамі.

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.