Вы тут

Найлепшы падарунак


Учора нашай Васілісе споўнілася 2 гады. У гэты дзень, як і на большасць іншых свят, апроч цацак мы падарылі дачцэ кнігу. Праўда, не зусім звычайную: галоўная гераіня аздобленага малюнкамі і аддрукаванага адзінкавым тыражом выдання — Васіліса, другасныя персанажы — нашы родныя.


З кнігамі ў маёй сям'і сябруюць з дзяцінства. Памятаю, калі надвор'е не дазваляла гуляць на дварэ, мы бавілі час не ля старэнькага чорна-белага тэлевізара «Вясна», а з кнігамі. Дзве паліцы, застаўленыя рознымі выданнямі, былі перачытаны не адзін раз. Прызнаюся, што я нават любіў хварэць, бо ў гэты час можна было чытаць, не адрываючыся на хатнія клопаты. Бывала, тэкст так паглынаў, што ты з сумам заўважаў, што непрачытаных старонак застаецца ўсё менш і менш. У такіх выпадках знарок рабіў паўзы, каб «пасмакаваць» даўжэй. Кожны раз за чытаннем ты не проста бавіў час, ты будаваў свой унутраны свет. Кнігі вучылі думаць, бачыць больш, чым ёсць перад тваімі вачыма, вабілі наперад, давалі арыенціры ў жыцці. Менавіта таму мы з жонкай цвёрда вырашылі прывіваць любоў да чытання сваім дзецям.

Калі Віка была цяжарнай, я прывёз з дому адну са сваіх любімых прыгодніцкіх кніг. З першых дзён жыцця дачкі пачаў яе чытаць, але, не заўважыўшы асаблівай рэакцыі, адмовіўся ад гэтай ідэі. Да тэмы чытання мы вярнуліся літаральна праз месяцы два. Каб вырашыць некаторыя справы, нам на некалькі гадзін давялося пакінуць малую з маёй сястрой. Калі вярнуліся, засталі такую карціну: нянька сядзела ля ложачка і чытала, а Васіліса ўважліва слухала. Сястра патлумачыла, што толькі так змагла супакоіць малую. І мы зноў пачалі чытаць.

Першую кнігу Васілісе набылі, калі ёй не было 10 месяцаў. З таго моманту дачка стала сапраўднай аматаркай чытання. Раніцай, удзень, увечары яна заўсёды гатова бавіць час за кнігамі. Безумоўна, як усе дзеці, яна гуляе з цацкамі, любіць лётаць па кватэры і шукаць шкоду. Але, калі запытацца, што будзем рабіць, то яна імгненна адкажа: «Чытаць». Менавіта таму з усіх падарункаў дачка больш за ўсё радуецца кнігам. І, трэба сказаць, апошніх ужо назбіралася нямала. Васілісіна бібліятэка сёння налічвае больш за 50 выданняў, розных паводле фармата, зместу і колькасці старонак. Усе яны ўжо не адзін раз перачытаны. Часам нават здаецца, што дачка ведае іх на памяць. Прынамсі, пасля доўгага перапынку яна з лёгкасцю аднаўляе ў тэксце знарок прапушчаныя фразы, добра памятае герояў і іх прыгоды, нярэдка падчас размовы нават цытуе казкі. Калі ж надыходзіць час чытання і ты даеш ёй магчымасць самой выбраць кнігу, яна аж трымціць ад хвалявання, пераглядае вокладкі, агучвае назвы і са шчасцем у вачах прымае рашэнне.

Мы перакананы, што менавіта дзякуючы кнігам дачка пачала рана размаўляць і сёння без цяжкасцяў будуе сказы. Можа патлумачыць, што ёй неабходна, дзе была, што бачыла. Больш за тое, яна сама пацягнулася да вучобы. Васіліса ведае ўсе літары і ўжо спрабуе чытаць простыя словы. І ўсё гэта адбываецца без прымусу. Проста ёсць інтарэс, які мы развіваем. Дзеля гэтага не толькі набываюцца новыя кнігі. Мы намагаемся агарадзіць яе ад тэлевізара і камп'ютара, якія ніколі не ўключаем пры дачцэ. І хоць малая і ўмее сама ўключаць той жа тэлевізар, але цікавасці да яго не мае. Тут, на мой погляд, значная заслуга жонкі, якая ніколі не старалася заняць час Васілісы мульцікамі. Не буду спрачацца наконт карысці апошніх — мы проста аддалі перавагу кнігам.

Я пішу гэты тэкст і не ведаю, як Васіліса адрэагуе на наш падарунак, ці спадабаецца ёй кніжка пра сябе? Хутчэй за ўсё, яна ўважліва паслухае, мы перачытаем кнігу не адзін раз, а потым малая папросіць працяг гісторыі, які, магчыма, яна будзе чытаць ужо сама.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.