Вы тут

А, у, ы... або Першы гук — ён самы важны


Настаўнікі б'юць трывогу: дзеці няздольныя адрозніваць гукі, а значыць, не могуць засвоіць граматыку! Новае пакаленне не толькі не прамаўляе іх правільна, але і не чуе, і не адрознівае на пісьме. Адсюль рост парушэнняў чытання і пісьма (дыслексій і дысграфій).


Мульцік — выключыць

За апошнія 10-15 гадоў у значна большай колькасці дзяцей пачалі выяўляцца парушэнні, звязаныя з маўленнем. І такая тэндэнцыя характэрная не толькі для нас, але і для многіх іншых краін.

У чым прычына? Адназначнага адказу няма, але давайце паразважаем. Усё за тыя ж апошнія гадоў дваццаць лад жыцця і дарослых, і малых вельмі моцна змяніўся. Практычна ўсе дзеці надзвычай шмат часу праводзяць перад тэлевізарам і камп'ютарам. Яны перасталі гуляць на вуліцы. У іх наогул няма часу на гульні! А гульня для дашкольніка — не проста забава ці гультайства. Гэта важны момант развіцця, фарміравання ўяўленняў пра свет і сваё месца ў ім.

Сучасныя бацькі нават радуюцца, што дзіця гадзінамі сядзіць перад тэлевізарам і не дастаўляе клопату. Уключыць мульцік — самы просты спосаб нейтралізаваць гарэзу. Але ж гэта шкодна для зроку, для псіхікі ўрэшце. Вялікі аб'ём зрокавай інфармацыі ўздзейнічае на дзіцячы мозг, які не ў стане гэту інфармацыю перапрацаваць. Хуткая змена вобразаў і карцінак знясільвае нервовую сістэму, эмацыйная сфера перагружаецца, парушаецца сон і г.д.

Амерыканская асацыяцыя педыятраў правяла ў канцы 1990-х гадоў даследаванне таго, як тэлебачанне ўплывае на псіхіку дзіцяці.

І дала рэкамендацыі: да паўтара года дзецям наогул нельга глядзець тэлевізар! З 1 года 6 месяцаў да 3-х — максімум 15 хвілін у дзень, з 6-ці да 8-мі — не больш як паўгадзіны!

— Бацькі цяпер нават ганарацца, што дзіця ў тры годзікі жыве ў згодзе з камп'ютарам, — разважае настаўнік-лагапед 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Таццяна ЛАСІЦКАЯ. — Важна разумець, што камп'ютар, як і тэлевізар, не можа замяшчаць сабой усё астатняе. Добра, калі выкарыстоўваць іх у разумных межах, а не для таго, каб пазбавіць сябе лішняга клопату. Для паўнавартаснага развіцця маўлення дзіцяці неабходны суразмоўца! Ні тэлевізар, ні камп'ютар ім не з'яўляюцца!

Само не з'явіцца...

— Першае, на што неабходна звяртаць увагу, калі дзіця расце, — гэта разуменне ім таго, пра што кажуць іншыя людзі, — тлумачыць Таццяна Ласіцкая. — Калі дзіця не разумее маўленне іншага чалавека, яго ўласнае маўленне будзе фарміравацца з затрымкай. Абавязкова трэба ісці да лагапеда, калі да 2 гадоў дзіця не размаўляе або ў 2 з паловай кажа так, што яго ніхто не разумее. Сцвярджэнне аб тым, што да 3 гадоў трэба пачакаць і маўленне з'явіцца само, памылковае. Размаўляць дзіця будзе, але што гэта будзе за маўленне, якой якасці?

Сёння шмат дзяцей маюць затрымкі маўленчага развіцця, абумоўленага парушэннем кантактаў з дарослымі. У такіх выпадках патрабуюцца працяглыя заняткі па карэкцыі з псіхолагам і лагапедам. І чым раней яны пачнуцца, тым эфектыўней гэта будзе.

Моркву — жаваць

Змянілася і сучасная сям'я.

Бабулі і дзядулі цяпер працуюць і жывуць асобна ад унукаў. Яны ўжо не спяваюць калыханкі і не заўсёды расказваюць казкі. Мамы і таты таксама: па-першае, не ўмеюць, па-другое, не жадаюць, па-трэцяе, ім няма калі.

А падчас чытання казак, вершаў фарміруецца слыхавое ўспрыманне і ўвага — уменне слухаць і чуць. Гэта і ўплывае на фарміраванне фанематычнага слыху, неабходнага для чытання і напісання.

Неяк незаўважна змяніўся нават характар дзіцячай ежы. Моркву і яблык, якія трэба грызці, выцеснілі пюрэ. Некаторыя мамы да двухгадовага ўзросту даюць ежу, перацёртую праз блэндар, хоць дзіця ўмее добра жаваць. Усё гэта дрэнна адбіваецца на развіцці артыкуляцыйнага апарату. Бо падчас жавання ў роце ствараюцца пэўныя змычкі для фарміравання зычных гукаў. Ужыванне аднаго яблыка або адной морквіны ў дзень — нармальная неабходнасць.

У развіцці маўлення ўзрост ад нараджэння да 3 гадоў вельмі важны. Гэта час імклівых змяненняў у псіхічным і фізічным развіцці. Усё, што мы паспяваем закласці да гэтага ўзросту, дзіця пасля развівае і выкарыстоўвае. Нездарма ў нашай краіне агульнапрынятым лічыцца штогадовы агляд лагапеда з ранняга дашкольнага ўзросту і да моманту паступлення ў школу.

Як западозрыць парушэнні маўлення?

У 4 месяцы дзіця не ўсміхаецца, няма комплексу ажыўлення.

У 5 месяцаў не прыслухоўваецца да гукаў, музыкі, голасу.

У 7 — не пазнае голас мамы, не рэагуе на інтанацыю, не цікавіцца цацкамі.

У 9 — няма лепету, не паўтараюцца за дарослым гукі, склады, рухі кшталту «ладкі».

У 1 год не махае рукой, калі развітваецца, не паказвае на прадметы, не вымаўляе ніводнага слова і не выконвае простыя просьбы «Дай», «Пакажы».

У 1 год 6 месяцаў не паказвае і не называе маму і тату, не будуе вежу з 2-3 кубікаў, не выкарыстоўвае ўказальны жэст, не разумее аднаскладовую інструкцыю.

У 2 гады не карыстаецца 5-10 словамі, не паказвае на фота маму і тату, не выконвае двухскладовую інструкцыю «Пайдзі на кухню і пастаў талерку на стол».

У 2 гады 6 месяцаў маўленне не зразумелае навакольным, не сфармуляваныя паняцці аб велічыні, форме, колеры прадметаў, дзіця не агучвае сваю гульню і не кантактуе з дзецьмі.

Да 3 гадоў не размаўляе простымі фразамі, не можа назваць сваё імя і прозвішча, расказаць просты верш, не кажа пра сябе «я сам», не адказвае на пытанні.

Святлана Протас

protas@zviazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.