Вы тут

«Запоіны»


«Запоіны», або «Даць на запаведзі». Пасля ўдалага сватаўства, калі бацька і дачка давалі згоду на вяселле, пачыналіся так званыя запоіны («запівіны», «малыя заручыны», «малая гарэлка»). У гэты ж час за сталом вырашалі дзень «змовін» ці заручын. Пасля «запоін» дзяўчына лічылася засватанай. На Беларусі пра яе казалі: «яна запіта» ці «заедзена яечняй».


Калі найбольш важныя пытанні візіту дружыны жаніха былі вырашаны, надыходзіў час развітвацца. Развітанне таксама мела рытуалізаваны характар. У цэнтры ўвагі знаходзіўся, бадай, галоўны атрыбут гэтага вечара — бутэлька, з якой прыходзілі госці. У адным выпадку бацькі дзяўчыны надзявалі на бутэльку саматканы пояс, «каб не рассохлася» (г. зн. каб яна і далей поўнілася на працягу будучай вясельнай урачыстасці). Пасля гэтага нявеста ці яе маці насыпалі ў бутэльку зерне і перадавалі ў рукі жаніха. Сімволіка гэтага абрадавага дзеяння нагадвала першапачатковае стварэнне свету — зерне ў чашы як семя ва ўлонні маці: бясконцы ланцужок жыццёвых пераўтварэнняў працягваецца!

У іншым выпадку маці нявесты абвязвала бутэльку чырвоным поясам, а дзяўчына павязвала свату ручнік цераз правае плячо. Цяпер ужо не мела сэнсу хавацца, сваты спяшаліся дахаты з адпаведнымі знакамі згоды і дасягнутай перамогі ў адказнай справе.

Але пасля гэтага абраду вяселле яшчэ не было абавязковым. Калі з якой-небудзь прычыны адзін ці другі бок не выконвалі патрабаванняў, даведваліся што-небудзь дрэннае аб жаніху ці нявесце, калі ім не даспадобы прыходзіўся пасаг ці штосьці яшчэ, дамоўленасць магла быць скасавана.

«Даць на запаведзі». У бліжэйшую нядзелю пасля сватаўства маладая пара павінна была наведаць храм і паведаміць святару аб запланаваным вяселлі. Нявеста магла ўзяць з сабой брата, хросных бацькоў, жаніх ехаў з шаферам і хроснымі бацькамі. Святар рабіў пэўны запіс у метрычнай кнізе і на працягу 2-4 тыдняў у нядзелю пасля набажэнства ён абвяшчаў аб будучым вянчанні. Кожны з прысутных у храме мог паведаміць святару аб немагчымасці гэтага вянчання. І калі доказы былі відавочнымі і пераканаўчымі, святар мог забараніць шлюб.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?