Вы тут

На Асамблеі дзелавых колаў абмеркавалі Нацыянальную платформу бізнесу


Ключавой падзеяй тыдня беларускага прадпрымальніцтва з'яўляецца Асамблея дзелавых колаў. Яна ўжо 17-я па ліку і мае назву «Выклік крызісу». Традыцыйна ў ёй удзельнічаюць лідары бізнесу, заснавальнікі і дырэктары прыватных прадпрыемстваў, кіраўнікі і спецыялісты міністэрстваў і ведамстваў, дыпламаты, прадстаўнікі рэгіянальных і галіновых бізнес-асацыяцый Беларусі. Удзельнікам асамблеі прэзентавалі праект «Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі — 2016». Як адзначыў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, Асамблея дзелавых колаў з'яўляецца не толькі дыялогавай пляцоўкай, на якой выяўляюцца інтарэсы дзелавой супольнасці, але і сувязным звяном паміж урадам і бізнесам.


Рэалізавана 380 прапаноў

Правядзенне ХVІІ Асамблеі дзелавых колаў Беларусі паказчык таго, што бізнес-супольнасць займае сёння актыўную пазіцыю ў вядзенні дыялогу паміж уладай, прадпрымальнікамі і грамадзянскай супольнасцю. Данесці свае ідэі па развіцці і паляпшэнні дзелавога клімату Беларусі, пачынаючы з 2006 года, бізнесменам дапамагае Нацыянальная платформа бізнесу. Дзякуючы папярэднім яе выпускам на заканадаўчым узроўні рэалізавана больш за 380 прапаноў. Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін падчас мерапрыемства прадставіў чарговы яе праект. У гэтым годзе ў ім утрымліваецца 80 прапаноў па такіх прыярытэтных кірунках як добрасумленная канкурэнцыя, эфектыўная дэбюракратызацыя, рэгулятарная аптымізацыя, эканамічная бяспека, прыватызацыя, адказнае партнёрства. Варта адзначыць, што з Нацыянальнай платформы мінулага года прынята 26 прапаноў, яшчэ 18 разглядаюцца.

Экспартны патэнцыял будзе пашырацца

Для прадпрымальнікаў сёння вельмі важным з'яўляецца разуменне таго, якія перспектывы іх чакаюць у развіцці Вялікага шаўковага шляху, у прыцягненні інвестыцый, у развіцці экспарту. На Асамблеі дзелавых колаў гэтаму ўдзялілі асаблівую ўвагу. Падчас мерапрыемстваў міністр замежных спраў Уладзімір Макей адзначыў, што ў МЗС плануецца да канца сакавіка дапрацаваць Нацыянальную праграму «Экспарт Беларусі» на 2016-2020 гады, а затым прадставіць дакумент у Савет Міністраў. Ён падкрэсліў, што ў праграме важную ролю займае ўдзел бізнесу.

«Галоўная задача МЗС — ліквідацыя бар'ераў для беларускага экспарту. Калі мы прыцягнем да знешнеэканамічнай дзейнасці хоць бы палову ўсіх малых і сярэдніх прадпрыемстваў краіны, гэта забяспечыць прырост агульнага аб'ёму экспарту, паводле нашых ацэнак, на 25 млрд долараў», — растлумачыў міністр замежных спраў.

Зараз у Беларусі працуе больш за 22 тысячы суб'ектаў гаспадарання. З іх у экспартнай дзейнасці прымаюць удзел менш за палову — 8,8 тыс.

«Беларускі малы і сярэдні бізнес можа паспяхова канкурыраваць на знешніх рынках са сваёй ІТ-прадукцыяй, запатрабаваныя таксама транспартныя, медыцынскія, турыстычныя і кансалтынгавыя паслугі. Мы гатовыя дапамагчы прасоўваць гэтыя напрамкі на знешніх рынках. Прапановы можна накіроўваць у наш Дэпартамент знешнеэканамічнай дзейнасці», — адзначыў Уладзімір Макей.

Таксама міністр падкрэсліў, што малому і сярэдняму прадпрымальніцтву будзе аказвацца дзяржаўная падтрымка ў вытворчасці экспартаарыентаваных тавараў і паслуг. Асаблівую ўвагу пры гэтым удзеляць рэгіёнам:  для аб'яднання намаганняў малога бізнесу ў кожным з іх плануецца стварыць інтэграваныя цэнтры па развіцці міжнароднага дзелавога, тэхналагічнага і навуковага партнёрства. Дзяржпадтрымка такім аб'яднаным структурам будзе больш эфектыўнай.

Акрамя таго ён адзначыў, што цяпер у складзе міжведамаснага савета па знешнегандлёвай палітыцы, які ўзначальвае першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі, няма ніводнага прадстаўніка малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Гэты недахоп неабходна хутка выправіць.

«Зараз мы дамовіліся з Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва аб заключэнні рамачнага пагаднення аб супрацоўніцтве і стварэнні рабочай групы для ўзаемадзеяння па экспартнай тэматыцы, якая магла б абмяркоўваць бягучыя праблемныя пытанні і выпрацоўваць іх рашэнні», — падкрэсліў Уладзімір Макей.

Стратэгічны партнёр

Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі падчас Асамблеі адзначыў, што дзяржава бачыць у прадпрымальніцтве стратэгічнага партнёра, фактар устойлівага і дынамічнага развіцця эканомікі. З прычыны гэтага Міністэрства эканомікі плануе выйсці з ініцыятывай ва ўрад аб тым, каб павялічыць колькасць прадстаўнікоў дзеючага прыватнага бізнесу ў складзе грамадска-кансультатыўных саветаў (ГКС) у памеры не менш як 50%. Стварэнне ГКС пры органах дзяржаўнай улады стала адным з вынікаў Дырэктывы №4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Беларусі», прынятай у 2010-м. За гэты час створаны 31 такі савет, у 2013—2015 гадах адбылося больш за 250 пасяджэнняў ГКС і больш за 180 пасяджэнняў іншых экспертных фармаванняў. Цяпер дырэктыва абнаўляецца — яе праект знаходзіцца на разглядзе ў кіраўніка дзяржавы. Міністр эканомікі адзначыў, што ў рабоце над праектам прынялі актыўны ўдзел прадстаўнікі бізнес-супольнасці. Абноўленая Дырэктыва №4 нароўні з Дзяржаўнай праграмай па развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на 2016—2020 гады павінны стаць праграмнымі дакументамі па стварэнні спрыяльных умоў для нарошчвання патэнцыялу прыватнікаў у бягучай пяцігодцы.

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Кропкі росту

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.