Вы тут

Галоўная каштоўнасць для моладзі — бацькі і здароўе


Што ў прыярытэце ў сённяшніх юнакоў і дзяўчат? Каб высветліць гэта, Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ і Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі правялі ў 2014–2015 гадах маніторынг. Першыя вынікі даследавання былі агучаны падчас пасяджэння Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры міністру адукацыі.


Адказваючы на пытанне «Якія праблемы вас хвалююць?», большасць беларусаў ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў назвала ўзровень аплаты працы. Гэта актуальна для 55 працэнтаў моладзі. Цэны на прадукты і тавары першай неабходнасці непакояць 53,5 працэнта апытаных, жыллёвыя праблемы — 46 працэнтаў. Амаль 43 працэнты юнакоў і дзяўчат хвалюе інфляцыя і абясцэньванне грошай. У пяцёрцы праблем апынуўся таксама рост п'янства (гэту тэндэнцыю адзначыла траціна маладых людзей).

Каб жыць забяспечана, студэнты і выпускнікі гатовы «круціцца». 64 працэнты запэўнілі, што ў выпадку пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне будуць самастойна шукаць любыя шляхі паляпшэння свайго жыцця. Гэты варыянт часцей называлі дзяўчаты і тыя, каму ад 20 да 24 гадоў. Кожны дзявяты прызнаўся, што пойдзе за большасцю. Такая канфармісцкая пазіцыя ўласціва, хутчэй, моладзі ва ўзросце 18-19 гадоў. Яшчэ 9 працэнтаў адказалі, што проста будуць чакаць больш спрыяльных часоў. Сёмая частка апытаных так і не змагла вызначыцца са сваімі дзеяннямі ў крызіс. Як правіла, чым маладзейшы рэспандэнт, тым складаней яму было ўявіць выхад з гэтай сітуацыі.

У цяжкім становішчы юнакі і дзяўчаты ў найбольшай ступені спадзяюцца на сям'ю. Амаль палове апытаных родныя дапамагаюць ва ўсіх сітуацыях. Яшчэ 29 працэнтаў адзначылі, што могуць разлічваць на падтрымку сваякоў у большасці выпадкаў.

Ці праўда, што ўсё вырашаюць грошы? Пятая частка моладзі ўпэўнена: з поўным кашальком не страшныя ніякія праблемы. А два працэнты мяркуюць, што грошы ніяк не дапамагаюць па жыцці.

Пацікавіліся ў маладых людзей і пра тое, што для іх важна ў рабоце. На першае месца спецыялісты-пачаткоўцы паставілі высокі заробак. Другім па значнасці назвалі такі крытэрый, як добрыя ўмовы працы. Доступ да льготаў, сацпакета і сацыяльных гарантый мае значэнне для 44 працэнтаў апытаных. Рэспандэнты ва ўзросце 21-30 гадоў таксама хочуць паспяхова прасоўвацца па службе і рабіць кар'еру. А вось рэалізаваць свае веды, вопыт і кваліфікацыю важна толькі для чвэрці з іх.

Калі казаць пра каштоўнасці цяперашняй моладзі, то ў тройцы прыярытэтаў апынуліся бацькі, здароўе і каханы чалавек. На чацвёртае месца паставілі матэрыяльна забяспечанае жыццё.

Сярод найбольш важнага — дзеці, душэўны спакой і камфорт. А вось высокае становішча ў грамадстве, улада і магчымасць уплываць на іншых людзей апынуліся ў нізе рэйтынгу каштоўнасцяў.

Галоўным СМІ назвалі інтэрнэт. Праз сеціва беларуская моладзь атрымлівае 90 працэнтаў інфармацыі. 91 працэнт апытаных заходзяць у анлайн кожны дзень. І толькі адзін са ста рэспандэнтаў не карыстаецца інтэрнэтам увогуле. Самай папулярнай сацыяльнай сеткай у моладзі застаецца «УКантакце». На другім месцы — «Фэйсбук» і «Аднакласнікі», на трэцім — «Твітэр».

Як правесці вольны час? Вырашаючы гэта, юнакі і дзяўчаты аддаюць перавагу варыянтам, якія дапамагаюць палепшыць здароўе і падтрымаць добрую форму ці пазабаўляцца. Менш за ўсё ў вольны час моладзь хоча далучацца да мастацтва і атрымліваць эстэтычную асалоду. Таму месцамі адпачынку часцей становяцца паркі атракцыёнаў, трэнажорныя залы і кінатэатры. А вось бібліятэкі і гурткі па інтарэсах цікавяць куды менш.

На сваю будучыню моладзь глядзіць з аптымізмам. Згодна з даследаваннем, больш за палову лічаць, што ў найбліжэйшы час іх жыццё зменіцца да лепшага.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Маладыя гатовы «круціцца»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.