Вы тут

Хоць не пышна, абы зацішна


З паўночы 27 лютага ўвайшло ў сілу перамір'е ў Сірыі, гістарычнае пагадненне аб якім было дасягнута па ініцыятыве Расіі і ЗША 26 лютага ў Савеце Бяспекі ААН. На перамір'е з урадам Сірыі пагадзілася амаль сто груповак узброенай апазіцыі, якія да гэтага ваявалі з ім. Перамір'е не распаўсюджваецца на групоўку «Ісламская дзяржава» і іншыя арганізацыі, прызнаныя тэрарыстычнымі. Нягледзячы на тое, што ў многіх экспертаў ёсць сумненні ў тым, што перамір'е працягнецца доўга, гэта ўсё ж добры шанц, роўнага якому не было з 2011 года. Важным з'яўляецца разуменне, што асобныя парушэнні дасягнутага пагаднення непазбежныя, але на іх не трэба рэагаваць агульным спыненнем перамір'я. У выніку пагаднення ўпершыню ў многія раёны Сірыі пачне паступаць гуманітарная дапамога.

На парламенцкіх выбарах у Іране ўпэўненую перамогу атрымалі прыхільнікі дзейнага прэзідэнта Хасана Раўхані і ўмераныя сілы. Яны сталі большасцю ў парламенце, адцясніўшы кансерватыўна настроеных клерыкалаў. Перамога была прадказальнай, улічваючы, што дзейны прэзідэнт змог дабіцца адмены санкцый супраць Ірана, якія вельмі негатыўна ўплывалі на яго эканоміку. Зараз Іран імкліва нарошчвае экспарт нафты, размарожаны дзясяткі мільярдаў долараў у розных банках свету, да якіх урад страціў доступ пасля ўвядзення санкцый. Усё гэта дае надзею насельніцтву, што ранейшыя сур'ёзныя эканамічныя праблемы хутка скончацца і жыццёвы ўзровень пачне павышацца пасля доўгага падзення.

Пасля заключэння пагаднення з ЕС аб асаблівым статусе Вялікабрытаніі ў гэтай міжнароднай арганізацыі, брытанскі ўрад прыкладае намаганні, каб прызначаны на 23 чэрвеня рэферэндум аб членстве ў ЕС не завяршыўся прыняццем насельніцтвам рашэння аб выхадзе краіны з Еўрасаюза. У ход ідуць самыя разнастайныя аргументы, як звязаныя з сур'ёзнымі эканамічнымі непрыемнасцямі ў выпадку выхаду з ЕС, так і накіраваныя на тое, каб выклікаць страх у брытанскага насельніцтва застацца без падтрымкі з боку ЕС у ваенных адносінах. Пры гэтым прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран прама намякнуў, што ЗША ў выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС не зацікаўлены.

Праблема з наплывам бежанцаў працягвае адбівацца на ўнутранай сітуацыі ў Еўрасаюзе. На мінулым тыдні прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан паабяцаў правесці рэферэндум наконт таго, ці варта краіне згаджацца з квотамі па прыёме бежанцаў, прадпісанымі для яе Еўракамісіяй. Кіраўніцтва Венгрыі з самага пачатку выступіла супраць падобных квот, якія размеркавалі б нагрузку па бежанцах больш раўнамерна па ўсім Еўрасаюзе, але не знайшло дастатковай колькасці саюзнікаў, каб не дапусціць іх прыняцця. Калі на абяцаным рэферэндуме насельніцтва краіны выкажацца супраць прыёму бежанцаў, што зусім лёгка прадказаць, Еўракамісія апынецца ў складанай сітуацыі. Рэферэндум з'яўляецца формай прамой дэмакратыі, і яго вынікі давядзецца браць пад увагу, каб не атрымаць абвінавачванні ў парушэнні дэмакратычна выказанага меркавання венгерскага народа. Але і наплыў бежанцаў, ад якога пакутуюць у найбольшай ступені ўсяго некалькі дзяржаў ЕС, таксама з'яўляецца праблемай, якая патрабуе вырашэння.

Агенцтва Assocіated Press паведаміла пра тое, што Нью-Ёрк страціў свой статус лідара ў свеце па колькасці доларавых мільярдэраў, якія пражываюць у ім. На першае месца выйшаў Пекін, у якім па выніках 2015 года пражывае 100 мільярдэраў. Пры гэтым цікава, што ўсяго за год іх колькасць вырасла на 32 чалавекі, прытым, што Нью-Ёрк змог дадаць толькі чатырох чалавек. Гэты трэнд з'яўляецца адным з прыкмет паступовага, але ўпэўненага зрушэння цэнтра фінансавай актыўнасці ў Азію з еўраатлантычнага напрамку.

У Мінску на мінулым тыдні адбылося пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. На ім абмяркоўваліся пытанні палітычнага ўзаемадзеяння, перш за ўсё ў сферы знешняй палітыкі, па якой у рамках Саюзнай дзяржавы якраз завяршылася двухгадовая праграма ўзгодненых дзеянняў. Але, безумоўна, галоўнай тэмай стала эканоміка. Па выніках 2015 года тавараабарот дзвюх краін апусціўся да вельмі нізкага ўзроўню — 27,2 мільярда долараў ЗША. Калі ўлічыць, што па выніках 2012 года ён дасягаў 43 мільярдаў долараў, то яго падзенне за тры гады вельмі актыўных інтэграцыйных працэсаў інакш як драматычным назваць нельга. У найбольшай ступені пацярпела беларуская эканоміка, паколькі ва ўмовах недахопу сыравінных рэсурсаў у краіны не было магчымасці нарасціць золатавалютныя рэзервы, каб лягчэй перажываць цяперашнія праблемы. Па выніках сустрэчы чакаецца, што Расія акажа садзейнічанне ў выдзяленні крэдыту ў рамках Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».