Вы тут

Зала № 10. «Нашчадкі Вялікай Перамогі»


Працягваем віртуальнае падарожжа па Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Вайна, якая па маштабе, жорсткасці, людскіх ахвярах і матэрыяльных выдатках не мела сабе роўных, нарэшце скончылася. Але жыццё нядоўга было спакойным. Ваенныя канфлікты пачалі разгарацца то ў адной, то ў другой частцы свету. Уцягнуты ў іх былі і савецкія грамадзяне, у тым ліку беларусы.

У сённяшняга пакалення нашых суайчыннікаў не менш адказныя задачы. Працягваючы баявыя традыцыі нашчадкаў Вялікай Перамогі, прадстаўнікі сілавых структур стаяць на варце нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.


Вай­скоў­цы 52-га асоб­на­га спе­цы­я­лі­за­ва­на­га по­шу­ка­ва­га ба­таль­ё­на  ўно­сяць і сваю леп­ту ў за­ха­ван­не па­мя­ці аб за­гі­ну­лых у га­ды Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­ны.

Карэйскі канфлікт

Тэму «Лакальныя канфлікты і войны» раскрываюць фотаздымкі і прадметы, якія перадалі музею непасрэдныя ўдзельнікі баявых дзеянняў і іх сваякі. Прадстаўленыя экспанаты распавядаюць пра подзвігі нашых суайчыннікаў у ходзе пасляваенных узброеных канфліктаў.

Адным з першых сур'ёзных выпрабаванняў пасля Другой сусветнай стала вайна ў Карэі, якая доўжылася з 1950 па 1953 год. Удзельнікі баявых дзеянняў у гэтай краіне прыраўнаваны да ветэранаў Вялікай Айчыннай. Праўда, падчас узброенага канфлікту пра гэта маглі ведаць лічаныя людзі: карэйская кампанія не афішавалася. Савецкі Саюз аказваў інтэрнацыянальную дапамогу ў барацьбе карэйскага народа за сваю незалежнасць.

На фотаздымках — нашы землякі, якія за подзвігі, здзейсненыя на тэрыторыі Карэі, сталі Героямі Савецкага Саюза. Падпалкоўнік Леў Шчукін і старшы лейтэнант Яўген Стэльмах — лётчыкі-ветэраны яшчэ Вялікай Айчыннай вайны. Нямала баявых вылетаў падчас Другой сусветнай зрабіў і падпалкоўнік Мікалай Дрозд. Яго медалі, атрыманыя ад кітайскага ўрада за падрыхтоўку кітайскіх лётчыкаў, — у экспазіцыі. Дарэчы, па колькасці збітых самалётаў праціўніка падчас Карэйскай вайны савецкія лётчыкі займаюць тры верхнія радкі, за імі — амерыканцы. Ганаровае трэцяе месца належыць беларусу — Льву Шчукіну.

Вайна ў В'етнаме

У 1961–1974 гадах савецкія ваенныя саветнікі і спецыялісты ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях у В'етнаме. Аб падзеях тых гадоў сведчаць фотаздымкі і фрагменты збітых амерыканскіх самалётаў, дакументы ўдзельніка баявых дзеянняў Дзмітрыя Салашэнкі — пасведчанне аб уручэнні яму медаля «Згуртаванасць для перамогі над агрэсарамі». Тут жа захоўваюцца аскепкі касетных авіяцыйных бомбаў тыпу «апельсін» і «ананас», якія прымяняліся амерыканскімі ваенна-паветранымі сіламі ў В'етнаме. Алюмініевая расчоска ў форме савецкага знішчальніка належала ўдзельніку тых падзей Льву Шчукіну.

Алю­мі­ні­е­вая рас­чос­ка ў фор­ме са­вец­ка­га зні­шчаль­ні­ка (уні­зе спра­ва)  на­ле­жа­ла ўдзель­ні­ку па­дзей у В'ет­на­ме Льву Шчу­кі­ну.

Ангольскае супрацьстаянне

Практычна 27 гадоў ішла грамадзянская вайна ў Анголе. У баявых дзеяннях, распачатых у 1975-м, удзельнічалі і савецкія саветнікі. Толькі нашых суайчыннікаў — афіцэраў і салдат тэрміновай службы — налічвалася прыкладна 160 чалавек. Сярод беларусаў, якія пабывалі ў Анголе, у асноўным былі ваенныя перакладчыкі — выпускнікі Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў і Ваеннага інстытута замежных моў Мінабароны СССР.

З шасці савецкіх генералаў, якія ў розныя гады ў Анголе займалі пасаду галоўнага ваеннага саветніка пры міністры абароны, былі два выхадцы з Беларусі.

Імёны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны генерал-лейтэнантаў Ільі Панамарэнкі і Васіля Шахновіча доўгі час знаходзіліся ў цені: аб удзеле савецкіх ваенных дарадцаў і спецыялістаў у грамадзянскай вайне ўголас не казалі.

Савецкія ваенныя саветнікі і спецыялісты не мелі пры сабе ніякіх дакументаў, насілі ангольскую ваенную форму: праўда, без знакаў адрознення. Тая, што захоўваецца ў экспазіцыі, належала саветніку пры камандуючым Усходнім фронтам ангольскай арміі, палкоўніку ў адстаўцы Уладзіміру Аванэсаву.

Асобнае месца ў экспазіцыі займае агітацыйная прадукцыя. Шматлікія лістоўкі мелі вялікую сілу: вялася ідэалагічная барацьба паміж дзвюма сістэмамі — сацыялізмам і капіталізмам. Ва ўмовах Анголы гэтая барацьба трансфармавалася ў разлютаванае ваеннае і ідэалагічнае проціборства паміж урадавай арміяй і ўзброенымі атрадамі УНІТА. Адзін з удзельнікаў баявых дзеянняў у Анголе перадаў у музей спецыяльны сшытак унітаўскага афіцэра-артылерыста, захоплены ў якасці трафея падчас баявой аперацыі на поўдні краіны. Эксклюзіўны канспект у падрабязнасцях расказвае, якім чынам падрыхтаваць такога спецыяліста.

І сёння дакладна невядома, колькі чалавек з савецкага кантынгенту загінула ў Анголе. Паводле расійскага Саюза ветэранаў Анголы, каля 80 ваеннаслужачых і грамадзянскіх спецыялістаў з ліку савецкіх грамадзян (за перыяд з 1975 па 1992 год). Сярод беларусаў забітымі афіцыйна лічацца двое вайскоўцаў. Але ахвяр магло быць значна больш. І не толькі з прычыны баявых дзеянняў. На працягласць жыцця ўплываў і трапічны клімат, і характэрныя для яго захворванні.

Па­ля­вая фор­ма ка­ман­дзі­ра раз­вед­валь­на­га ба­таль­ё­на Аляк­санд­ра Пла­ці­цы­на,  які ў са­ка­ві­ку 1987 го­да ге­ра­іч­на за­гі­нуў у Аф­га­ні­ста­не.

Вайна на знясіленне

Араба-ізраільскія войны таксама сталі пляцоўкай, на якой зноў сутыкнуліся геапалітычныя інтарэсы дзвюх супердзяржаў: Савецкага Саюза і Злучаных Штатаў Амерыкі. Пра адну з гэтых войнаў, так званую Вайну на знясіленне 1967—1970 гадоў, расказваюць фотаздымкі савецкіх баявых разлікаў зенітна-ракетных комплексаў, якія неслі абарону Асуанскай плаціны. У Егіпце знаходзілася немалая група савецкіх ваенных саветнікаў — спецыялістаў войскаў супрацьпаветранай абароны.

У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі і асабістыя рэчы начальніка палітаддзела 85-й зенітна-ракетнай брыгады супрацьпаветранай абароны Мікалая Стралецкага, Іосіфа Круглікава і многіх іншых воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія пабывалі ў Егіпце. Увогуле ў розныя гады ў паўночнаафрыканскай краіне праходзіла службу каля тысячы нашых землякоў.

Карыбскі крызіс

У параўнанні з іншымі канфліктамі, Карыбскі крызіс атрымаўся амаль бяскроўным. Аднак па напружанасці пераўзышоў усе разам узятыя. Свет літаральна стаяў на парозе новай вайны — ядзернай.

У экспазіцыі — макет дызельнай падводнай лодкі «Сом». Такія субмарыны ўдзельнічалі ў аперацыі «Кама», якая праводзілася ў межах стратэгічнай аперацыі «Анадыр» па размяшчэнні савецкіх ядзерных ракет на Кубе ў красавіку 1962 года. Макет у музей перадаў ураджэнец Капыльскага раёна Мінскай вобласці, капітан 1-га рангу ў адстаўцы Міхаіл Мароз. Быўшы памочнікам камандзіра падлодкі па палітчастцы, Міхаіл Мікалаевіч удзельнічаў у паходзе эскадры падводных лодак да берагоў Кубы.

За подз­ві­гі, здзейс­не­ныя пад­час Ка­рэй­скай вай­ны,  тры на­шы лёт­чы­кі ста­лі Ге­ро­я­мі Са­вец­ка­га Са­ю­за.

Трагедыя Афганістана

Падчас дзесяцігадовай вайны ў Афганістане загінуў 771 ураджэнец Беларусі, 12 зніклі без звестак. Прозвішчы ўсіх удзельнікаў баявых дзеянняў змешчаны ў электроннай кнізе памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

У музеі захоўваюцца асабістыя рэчы, абмундзіраванне, узнагароды, фотаздымкі і лісты вайскоўцаў, узоры зброі, супрацьпяхотных мін замежнай вытворчасці, шматлікія трафеі, захопленыя ў маджахедаў. Не пакідаюць абыякавымі лісты сем'ям Дзмітрыя Манкевіча і Ігара Кароткага, у якіх бацькі даведаліся аб смерці іх сыноў.

Кніга французскага пісьменніка Барыса Віяна «Пена дзён» нагадвае аб трагедыі, якая 19 красавіка 1984 года здарылася ў небе над Афганістанам. Маджахеды збілі савецкі ваенна-транспартны самалёт «Іл-76». Згаданая кніга праз год была знойдзена сярод абломкаў самалёта. Мяркуецца, гэта быў адзін з тых камсамольскіх падарункаў, якія адпраўлялі ў вайсковыя часці.

Узо­ры фор­мы прад­стаў­ні­коў сі­ла­вых струк­тур асаб­лі­ва ва­бяць на­вед­валь­ні­каў экс­па­зі­цыі.

Героі Афгана

Воіны 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі першымі ўвайшлі на тэрыторыю Афганістана. Салдаты прабылі там амаль увесь перыяд баявых дзеянняў. На рахунку дывізіі — 8 Герояў Савецкага Саюза, чатыры з якіх — нашы землякі. Навечна залічаны ў асабовы склад славутага злучэння Васіль Шчарбакоў, Васіль Піменаў, Андрэй Мельнікаў і Мікалай Чэпік.

Герой Савецкага Саюза камандзір верталётнай эскадрыллі Васіль Шчарбакоў здзейсніў 318 баявых вылетаў. У адной з аперацый ён ажыццявіў пасадку пад агнём праціўніка, падабраў экіпаж збітага верталёта і вывез сваіх таварышаў з поля бою.

Больш як 35 баявых аперацый падчас афганскай кампаніі правёў камандзір батальёна 345-га гвардзейскага асобнага парашутна-дэсантнага палка маёр Васіль Піменаў. Будучы Герой Савецкага Саюза падчас адной з аперацый захапіў караван з лазурытам. Кошт здабычы на той час складаў 2,5 мільёна долараў. За савецкіх салдат і афіцэраў, знішчаную баявую тэхніку душманам плацілі каштоўнымі камянямі, у тым ліку лазурытам. Напрыклад, лідар таджыкскай групоўкі Ахмад Шах Масуд, які кантраляваў даліну ракі Панджшэр, мог расплачвацца рубінамі і ізумрудамі, якіх там было процьма.

У баях у Афганістане вызначыўся і кулямётчык гвардыі радавы Андрэй Мельнікаў, які ў няроўнай сутычцы з маджахедамі адстрэльваўся да апошняга патрона. Вось што пра магіляўчаніна пісалі яго таварышы: «Калі з мёртвага героя знялі бронекамізэльку, то здзіўляліся, як ён заставаўся жывым. Мяркуючы па раненнях, Андрэй павінен быў памерці яшчэ некалькі гадзін таму. Пласціны ад бронекамізэлькі былі ўціснуты ў яго цела выбуховымі хвалямі».

Яшчэ адзін герой той вайны — Мікалай Чэпік. Падчас аднаго з палявых выхадаў гвардыі старшы сяржант, намеснік камандзіра ўзвода трапіў з двума таварышамі ў засаду. Адстрэльваліся. Калі боепрыпасы скончыліся і два яго таварышы загінулі, Мікалай падарваў сябе і трыццаць двух маджахедаў супрацьпяхотнай мінай.

У сакавіку 1987 года ў Афганістане гераічна загінуў і камандзір разведвальнага батальёна маёр Аляксандр Плаціцын. Фотаздымкі, а таксама палявая форма афіцэра захоўваюцца ў музеі.

Экс­па­зі­цыя аб су­час­най бе­ла­рус­кай ар­міі выклікае ці­ка­вас­ць ма­ла­до­га па­ка­лен­ня.

На варце міру

Другая частка экспазіцыі паказвае значную ролю Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў рэфармаванні і развіцці Узброеных Сіл, надзейным забеспячэнні абараназдольнасці нашай краіны, падтрыманні міру, стабільнасці і бяспекі.

Шэраг экспанатаў і фотадакументаў распавядае аб працы па ўвекавечванні памяці загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, клопаце дзяржавы аб ветэранах, аб дзейнасці сучасных сілавых структур. Узоры формы ратавальніка, ваеннаслужачага Ваенна-паветраных сіл, супрацоўніка мытні і пагранічніка асабліва вабяць юных наведвальнікаў экспазіцыі. Не меншую цікавасць выклікаюць і макеты ваенных самалётаў, якія стаяць на ўзбраенні беларускай арміі.

Экспазіцыя знаёміць і з навучальнымі ўстановамі Беларусі, дзе можна атрымаць ваенную адукацыю. Тут жа можна даведацца і пра адметных курсантаў. Навечна залічаны ў спісы асабовага складу 1-га ўзвода 2-га курса агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі Дзмітрый Гвішыяні.
Вяртаючыся з водпуску ў ноч з 28 на 29 жніўня 1999 года на цягніку ў Мінск, юнак разам са сваімі сакурснікамі дапамагаў тушыць полымя, якое раптоўна ахапіла цеплавоз. З моцнымі апёкамі Дзмітрый быў дастаўлены ў 432-гі галоўны ваенны клінічны шпіталь, але ўрачы не змаглі захаваць хлопцу жыццё. За выключную адвагу і асабістую мужнасць, праяўленыя пры ратаванні людзей падчас пажару, курсант быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць». Курсанцкія пагоны і заліковая кніжка героя, а таксама медаль, які выдаецца ўдзельнікам міжнароднага турніру па ушу імя Гвішыяні, — у экспазіцыі.

Герой Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны сучасных Узброеных Сіл нашай краіны — Уладзімір Карват. Славуты лётчык з'яўляецца і першым Героем Беларусі.

Гэтага высокага звання ён быў удастоены пасмяротна: пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту адвёў самалёт, які падаў, ад населенага пункта.

Дзе­ся­ці­га­до­вая вай­на ў Аф­га­ні­ста­не  да­ла Бе­ла­ру­сі ча­ты­рох Ге­ро­яў Са­вец­ка­га Са­ю­за.

* * *

І ў мірны час ёсць месца подзвігам. Сёння іх здзяйсняюць дзеці, унукі і ўжо праўнукі салдат Вялікай Айчыннай вайны. Нашчадкі пераможцаў годна працягваюць традыцыі сваіх продкаў, бо, як ніхто, ведаюць, што самае дарагое на зямлі — гэта мір. Больш падрабязна пра яго значэнне і цану мы пагаворым наступны раз — ужо апошні ў межах гэтага праекта.

kanyuta@zvіazda.by

Міхаіл ПАВАЛЯЕЎ, загадчык сектара гісторыі пасляваенных узброеных канфліктаў аддзела ваенна-франтавой гісторыі Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Фо­та Аляк­санд­ра ШАБ­ЛЮ­КА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.