Вы тут

Як кітайскія рабочыя ствараюць у Беларусі новы завод


У апошнія гады на ролю аднаго з галоўных стратэгічных партнёраў нашай краіны паступова выйшаў Кітай. Разам з калегамі з Паднябеснай беларусы рэалізуюць шэраг праектаў. Адзін з іх — будаўніцтва найбуйнейшага на прасторах былога СССР завода па вытворчасці трохслаёвага кардону ў Добрушы. Стварэнне прадпрыемства агульным коштам каля паўмільярда долараў распачалося ў 2012 годзе і цяпер выйшла на фінішную прамую. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на будоўлі і даведаліся, у чым галоўныя прынцыпы будаўніцтва па-кітайску.


Тэрыторыя новага завода знаходзіцца побач са старой папяровай фабрыкай. Дарэчы, пасля здачы аб'ект будзе падпарадкоўвацца менавіта ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Беларускія шпалеры». У якасці экскурсавода па будоўлі выступае начальнік тэхнічнага ўпраўлення гэтага прадпрыемства Ігар ДЗЕГЦЯРОЎ. Паводле яго слоў, буйны праект моцна зменіць горад: з'явяцца новыя дарогі, зменшыцца транспартная нагрузка на славутыя добрушскія масты. На новым заводзе будзе створана каля 600 працоўных месцаў. Па генплане ён будзе складацца з 71 аб'екта, з іх шэсць — буйныя цэхі. Агулам фабрыка зойме плошчу ў 33 гектары.

— Пабудова комплексу — цалкам задача кітайскага боку, — распавядае спецыяліст. — Аднак беларусы таксама не засталіся без працы. Задача нашых работнікаў заключалася ў стварэнні інфраструктуры: пад'язной аўтадарогі, чыгуначнага пуці да комплексу, а таксама трансфарматарнай падстанцыі магутнасцю 55 мегават. Усе гэтыя аб'екты ўжо здадзены ў эксплуатацыю, беларускі бок цалкам выканаў свае абавязацельствы.

Як распавядае Ігар Дзегцяроў, першапачаткова час здачы завода кітайскім бокам (кампаніяй Xuan Yuan Іndustrіal Development Co., LTD) быў прызначаны на снежань 2015-га. Аднак працы запаволіліся, а ў адаптаваным праекце тэрмін вызначаецца ўжо як снежань 2016-га. Цяпер на аб'екце працуе амаль 900 кітайскіх рабочых, разам з абслугоўваючым персаналам лічба дасягае 1200. Плануецца, што яна павялічыцца да 1 500. Для размяшчэння спецыялістаў з Паднябеснай побач з будпляцоўкай з'явіліся два жылыя гарадкі: першы — для мантажнікаў, інжынераў і перакладчыкаў, другі — для рабочых.

Паводле кантракта, завод кітайскім бокам здаецца «пад ключ». Яшчэ да праходжання гарантыйных выпрабаванняў спецыялісты з КНР некаторы час будуць кансультаваць айчынных спецыялістаў, аднак эксплуатавацца прадпрыемства будзе менавіта беларусамі. Ужо цяпер фарміруецца штатны расклад, прызначаны будучыя кіраўнікі цэхаў. Дарэчы, прадпрыемства будзе працаваць кругласутачна.

Падыходзім да першага ўжо пабудаванага комплексу — водазаборнага. Зусім побач рака Іпуць, на якой больш як сто гадоў таму з'явілася першая ў Беларусі ГЭС. Адсюль будзе забірацца тэхнічная вада для вытворчасці кардону. Водаспажыванне завода па дакументах складае 15 тысяч кубаметраў за суткі, але тэхналогія зваротнага цыклу вады ў разы змяншае гэты паказчык. Тут жа з'явяцца ачышчальныя збудаванні, аналагаў якім у Беларусі няма. Гэта дазволіць звесці ўплыў вытворчасці на экалогію рэгіёна да мінімуму. Акрамя таго, атрыманы пры ачышчэнні іл будзе выкарыстоўвацца ў якасці біяпаліва.

Што ж будзе выпускаць будучае прадпрыемства? У першую чаргу, гэта трохслаёвыя кардоны SBB (мелаваны кардон з беленай цэлюлозы) і FBB (кардон для скрыняў і складной тары). Да гэтых прадуктаў выстаўляюцца высокія тэхнічныя патрабаванні, бо з іх робяць, напрыклад, упакоўкі для харчовых прадуктаў. Адпаведна, павінны быць выкананы гігіенічныя і іншыя параметры. Яшчэ адзін від прадукцыі — двухслаёвыя мелаваныя кардоны для паліграфіі і высокага ціснення, якія на постсавецкай прасторы ніхто не робіць. Аб'ёмы вытворчасці — 200 тысяч тон за год. Патрэбнасць Беларусі ў такім тавары складае 60 тысяч тон, астатняе пойдзе на экспарт у краіны СНД і Усходняй Еўропы.

Сыравіна — выключна беларуская. Будуць выкарыстоўвацца асіна і бяроза ў прапорцыі чатыры да аднаго. Неліквідны лес плануецца спальваць для атрымання энергіі.

Падыходзім да так званага цэха БХТММ (беленай хіміка-тэрмамеханічнай масы), які гатовы на 80%. Яго сэрца — рафінёр з магутнасцю электрарухавіка 17 мегават, які перамолвае драўніну да аднароднай масы. Для прыкладу, уся старая папяровая фабрыка спажывае ўсяго 5,5 мегавата. Для галоўнага рафінёра нават будаваўся асобны фундамент. Ён складаецца з дзвюх частак, паміж якімі знаходзяцца пракладкі для кампенсавання стартавай вібрацыі. Для работы такой машыны неабходна распрацаваць і сістэму плаўнага запуску, бо рэзкае ўключэнне можа выклікаць «прасадку» напругі па ўсёй Гомельскай вобласці.

Побач — цэх кардонаробнай машыны (КРМ), дзе непасрэдна і будзе вырабляцца прадукцыя. Першае, што ўражвае, — памеры збудавання. Даўжыня — каля паўкіламетра, толькі вытворчы канвеер цягнецца на 362 метры. На першым паверсе знаходзіцца ўчастак падрыхтоўкі хімікатаў, адсюль жа абслугоўваецца сама кардонаробная машына, якую манціруюць паверхам вышэй. Апарат складаецца са шматлікіх секцый, кожная з якіх адказвае за адзін з працэсаў, пры дапамозе якіх апрацоўваюць папяровае палатно: разліў, адсмоктванне вады, адцісканне, сушка, фармоўка, рэзка. Што цікава, у сістэме пасля стадыі абрэзкі не выкарыстоўваюцца прыціскныя ролікі, бо любыя няроўнасці на мелаваным кардоне лічацца бракам. Ліст утрымліваецца на канвееры пры дапамозе паддзімання — фактычна, ляціць у паветры.

Пры парушэнні вытворчага працэсу (напрыклад, абрыве кардоннага ліста) аўтаматыка спыняе канвеер і падымае спецыяльную металічную штору, за якой хаваюцца «ўнутранасці» машыны. Такім чынам, абслугоўваючы персанал адразу можа лакалізаваць праблему і правесці аператыўны рамонт.

— Завод будзе ўяўляць маленькі горад у горадзе, — распавядае Ігар Дзегцяроў. — Ад Добруша мы ніякіх інжынерных паслуг атрымліваць не будзем, тут усё сваё: водазабор, энергетыка. Ёсць праблема з падборам кадраў адпаведнай кваліфікацыі, асабліва нам не хапае інжынераў па прамысловай аўтаматыцы, праграмістаў. Цяпер агульная гатоўнасць завода знаходзіцца на ўзроўні 60%, і да завяршэння будаўніцтва мы павінны вырашыць гэта пытанне. Ужо сёння рыхтуем кадры, знайшлі перспектыўных маладых спецыялістаў, якія праходзяць навучанне, ездзяць у Кітай вучыцца на падобных заводах. Вядома, імкнёмся рабіць стаўку на добрушцаў, але прыедуць і работнікі з іншых рэгіёнаў.

Яшчэ адна дэталь, якая кідаецца ў вочы: літаральна на кожным працоўным месцы развешаны плакаты з агітацыяй. «Строгасць — значыць адказнасць за сябе і за сваіх родных», «Абавязкова адзявайце шлем», «Кожную дробязь правер, не лянуйся — выратуеш здароўе, а можа, і жыццё» і іншыя — вось яна праца па-кітайску?

— Насамрэч, у кітайскіх рабочых сапраўды асаблівая філасофія, — пацвярджае Ігар Мікалаевіч. — У іх усё па-іншаму, менш бюракратыі, больш працы. Ад задумы праекта да пачатку будоўлі праходзіць не больш за год. Атрымліваецца такая будоўля па Канфуцыю. Паміж беларускімі і кітайскімі інжынерамі ёсць адно значнае адрозненне. Калі нашы звычайна з'яўляюцца спецыялістамі шырокага профілю, то кітайцы дасканала ведаюць нешта адно і чужой працай ніколі не займаюцца. Думаю, для краіны з двума мільярдамі насельніцтва гэта правільны падыход, але не для нас.

lyskavets@zvіazda.by

Мінск—Добруш—Мінск

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Будоўля па Канфуцыю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».