Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» распавядаем пра перамогу Надзеі Скардзіны на кантынентальным першынстве, чарговы тытул Максіма Мірнага і выступленні беларускіх гандбольных клубаў на міжнародных турнірах.


Наша Надзея Еўропу бярэ

1. Надзея Скардзіна выйграла гонку праследавання і стала чэмпіёнкай Еўропы. Турнір праходзіў у Цюмені, наша спартсменка выйшла на дыстанцыю з адставаннем ад лідара немкі Надзін Хорхлер на 38 секунд. Аднак прайшла тры агнявыя рубяжы без промахаў і забяспечыла сабе камфортную перавагу ў 43 секунды. На заключнай стральбе стоячы Надзея зарабіла два штрафныя кругі, але гэта не перашкодзіла беларусцы заваяваць залаты медаль.

Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Надзею Скардзіну з заваяваннем узнагароды. «Гэту перамогу з нецярпеннем чакалі шматлікія балельшчыкі каманды Беларусі па біятлоне. Спадзяюся, што твой поспех надасць нашым спартсменам упэўненасці ў сваіх сілах перад стартамі чэмпіянату свету», — адзначаецца ў віншаванні. Аляксандр Лукашэнка пажадаў спартсменцы, а таксама яе калегам па камандзе, трэнерскаму штабу здароўя, удачы і новых перамог.

Гэтая ўзнагарода стала адзінай у скарбонцы беларускай зборнай на сёлетнім чэмпіянаце Еўропы. Адзначым, што кантынентальнае першынство для многіх біятланістаў стала кантрольным стартам перад чэмпіянатам свету, які пройдзе ў нарвежскім Халменколене з 3 па 13 сакавіка.

2. Максім Мірны і Трэт Х'юі сталі пераможцамі парнага разраду на турніры ў мексіканскім Акапулька (прызавы фонд — $1,4 млн). У фінальным матчы беларуска-філіпінскі тандэм сустракаўся з аўстрыйска-нямецкім дуэтам Александэр Пея/Філіп Петцшнэр і перамог у двух сэтах — 7:6 (7:5), 6:3. Гэта першы сумесны поспех Мірнага і Х'юі на падобных турнірах.

Адзначым, што за спартыўную кар'еру Максім Мірны 92 разы выступаў у фіналах парных турніраў пад эгідай АТП, 49 паядынкаў скончыліся перамогай пары, у складзе якой быў беларус.

3. Гандбалісты мінскага СКА ў гасцявой сустрэчы Кубка ЕГФ саступілі дацкаму «Б'ерынгбро» 26:32 і цяпер займаюць трэцюю пазіцыю ў групе «С». Наперадзе ў армейцаў яшчэ тры сустрэчы: 6 сакавіка яны згуляюць матч у адказ з «Б'ерынгбро», 20 сакавіка адправяцца ў госці да швейцарскага «Вінтэртура», а 27-га сустрэнуцца з французскім «Сэн-Рафаэлем». Нагадаем, дзве лепшыя каманды групы выходзяць у наступны этап розыгрышу кубка.

Тым часам, Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ў першым матчы накаўт-раўнда Лігі чэмпіёнаў згуляў унічыю з дацкім «Ск'ернам» 31:31. Паядынак у адказ пройдзе ў Брэсце 5 сакавіка.

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?