Вы тут

Даваць — браць


У народнай культуры лічылі, што з перадачай рэчаў можна перадаць (аддаць) і адпаведна атрымаць і іншыя даброты (дабрабыт, «спор» гаспадаркі, поспех, шчасце сям'і). Таму ў нормах побытавага этыкету і паводзін нашага народа існаваў шэраг правілаў, якіх неабходна было прытрымлівацца, калі вы пазычаеце, дорыце ці атрымліваеце тыя ці іншыя рэчы, грошы і г.д.


  • Нельга было нічога аддаваць з дому ў вялікія народныя ці царкоўныя святы, пасля захаду сонца, на пачатку і пасля заканчэння сельскагаспадарчых работ. Лічылася, што ў адваротным выпадку ў гаспадароў перастане весціся свойская жывёла, узнікнуць непрыемнасці, адным словам — як сядае за небасхіл, «сыходзіць» сонца, так «сыйдзе» з хаты і дабрабыт, і шчасце.
  • Самая строгая забарона на вынас чагосьці з хаты накладаецца на перыяд святкавання Калядаў і асноўных святочных дзён: Раства Хрыстовага (Першая куцця), Новага года (Другая куцця) і Вадохрышча (Трэцяя куцця), інакш поспех і дабрабыт «адвернуцца» ад гэтай хаты на ўвесь год.
  • Каб не жыць з адвечнай пазыкай і ў нястачы, неабходна было напярэдадні Новага года абавязкова вярнуць усе пазыкі.
  • Таксама асаблівым значэннем надзялялі той перыяд часу, калі пачыналіся сельскагаспадарчыя работы: калі ў час ворыва ці сяўбы з хаты што-небудзь аддаць ці пазычыць камусьці, ураджай і рост раслін адыдзе да таго, хто браў тыя ці іншыя рэчы.
  • Ніколі не аддавалі штосьці ці не пазычалі ў той дзень, калі з дому ад'язджаў хто-небудзь са сваякоў. Лічылася, што выкананне гэтай забароны будзе спрыяць добраму шляху і вяртанню дадому таго, хто знаходзіўся ў вандроўцы.
  • Першыя тры дні пасля нараджэння дзіцяці надзяляліся асаблівай сакральнасцю. Лічылася, што калі ў гэтыя дні штосьці пазычыць ці аддаць з хаты, то дзіця «будзе цурацца роднай хаты», г.зн. будзе вандроўнікам ці «перакаці-полем», а можа нават стаць рабаўніком.
  • Ніколі не пазычалі што-небудзь у панядзелак. Лічылася, што ў такім выпадку ўвесь тыдзень «пойдзе прахам».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.