Вы тут

«Сэрца — ідэальны орган для любові»


Толькі лянівы з маіх калег не рабіў з ім інтэрв'ю. Некалькі гадоў таму Алег РУМО стаў першым у Беларусі хірургам, які перасадзіў чалавеку печань, — і з гэтага часу прэса не пакідала яго без увагі. Сёння ён — кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак, які быў створаны дзякуючы яго намаганням, галоўны пазаштатны трансплантолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь, доктар медыцынскіх навук. За гэтымі пасадамі — гады напружанай працы і ахвяраванне вольным часам дзеля галоўнай справы свайго жыцця.

На стале Алега Алегавіча па правы бок — абраз Мікалая Цудатворца, духоўнага заступніка ўсіх лекараў. На паліцы журнальнага століка — томік Новага Запавету. Падчас нашай размовы сам-насам ён адказвае на званкі, паралельна вырашае некалькі пытанняў, але гэта не замінае яму разважаць пра гендарную роўнасць, Беларусь і тое, што «за прыгожыя вочы» нічога ў жыцці не даецца...


— Па шчырасці, я вельмі баюся крыві. Ці можа сабе такое дазволіць хірург?

— Шмат хто з будучых хірургаў на першым курсе, увайшоўшы першы раз у аперацыйную і пабачыўшы кроў, страчваў прытомнасць. У далейшым яны праяўлялі сябе як таленавітыя спецыялісты, загадчыкі аддзяленняў ці прафесары. Значэнне таго, ці баіцца чалавек крыві, перабольшанае. Чалавек такая істота, што шмат да чаго прывыкае. У тым ліку да яе. Але галоўнае, каб урач ніколі не прывыкаў да смерці сваіх пацыентаў. Бо яна — непазбежная частка нашай працы, на жаль. Прытым гэта не павінна ўплываць на сэрца доктара — каб яно не ачарсцвела, каб ён не ператварыўся ў машыну, якая дзейнічае па алгарытме.

— Значыць, хірург мае права і на настрой?

— Часта людзі кажуць, што, уваходзячы ў бальніцу, ты павінен адкінуць настрой, стаць узорам чалавекалюбства і цярпімасці. Але медык — такі ж чалавек, як і ўсе астатнія. Натуральна, калі ў яго ўсё добра дома, зарплата задавальняе, дзеці радуюць — ён прыходзіць з адным настроем. І калі б яно заўжды было так, можна было б... ставіць клінічны медыцынскі дыягназ. Вядома ж, ва ўсіх бываюць праблемы. Немагчыма ўсё пакідаць па-за межамі клінікі, але важна трымацца ў пэўных рамках. Узровень твайго дрэннага настрою ні ў якім разе не павінен паўплываць на вынік працы.

Пацыенту патрэбна прафесійная дапамога, а не ўсмешка. Хаця, калі можаш і хочаш дзяліцца добрым настроем, — выдатна, гэта толькі вітаецца.

Бывае адчуванне, што сёння ты не ў стане якасна выконваць свае абавязкі. Тады варта прасіць, каб цябе замянілі. Для гэтага, паверце, таксама трэба мець смеласць. Галоўнае ў гэтай сітуацыі — бяспека жыцця і здароўе пацыента, а не настрой доктара.

— А што тычыцца жанчын-хірургаў? Яны па прыродзе сваёй больш эмацыйныя за мужчын.

— Сёння свет змяніўся і на гендарныя пытанні глядзяць па-іншаму. Увогуле я супраць сексізму. Жанчына такая ж істота, як і мужчына, і адрозніваецца ад яго толькі праграмай, закладзенай прыродай. Яны гарманічна дапаўняюць адно аднаго.

У сучасным свеце жаночае і мужчынскае змяшалася, і няма сэнсу гэта асуджаць. Напрыклад, у нашым моўным ужытку ёсць невядомае дагэтуль слова «метрасексуал» — мужчына, які клапоціцца аб сваёй знешнасці болей звычайнага. А ў сучасных жанчынах лёгка можна ўбачыць у прэваліраванні мужчынскія рысы характару. Некаторыя з такіх часам становяцца бліскучымі хірургамі, кіруюць каласальнымі па памерах калектывамі і робяць гэта не горш за мужчын. Жанчынам, вядома, дасягаць гэтага складаней. Бо калі яна не забываецца на сваю біялагічную функцыю — працягненне роду — з'яўляецца яшчэ і сям'я, выхаванне дзяцей, догляд дома і ўладкаванне быту, клопат пра бацькоў. Гэта забірае шмат часу. Толькі таму выдатных мужчын-хірургаў болей за жанчын. Тым яны больш каштоўныя і выклікаюць больш павагі.

— Колькі ў вас працуе жанчын?

— Складана сказаць, колькі дакладна. Напрыклад, са мной працуе Алена Аўдзей. Адзіная жанчына на постсавецкай прасторы, якая можа рабіць аперацыю па трансплантацыі печані. Шмат хто з жанчын-хірургаў знаходзяць сябе ў больш дробных аперацыях ці маюць талент выходжваць, падымаць на ногі хворых. Я вельмі станоўча стаўлюся, калі нашы супрацоўніцы выходзяць у дэкрэт. І я ўпэўнены, што для іх гэта самая галоўная справа ў жыцці.

— А калі б ваша жонка была хірургам?

— Мая жонка гінеколаг і калісьці таксама праводзіла аперацыі. Я да гэтага нармальна ставіўся. Больш за тое, я б вельмі хацеў, каб мая дачка была доктарам. Але яна збіраецца стаць дыпламатам і вучыцца ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносін. Праўда, я б не пажадаў дачцэ хірургічнага лёсу, звязанага з тым, чым займаюся я. Збоку здаецца, што гэта праца пад сафітамі, на аперацыйным стале — мільянеры, а тваё прозвішча сусветна вядомае. Насамрэч гэта цяжкая фізічная работа, часта начная, ненармаваная, па 6-7, а на пачатку праграмы і па 10-12 гадзін. Гэта адбіваецца на здароўі. Такі хлеб сапраўды цяжкі, а рамантычны погляд, што займаешся вялікай, складанай, абранай справай, дзейнічае толькі ў першыя гады. Пасля гэта забываецца і жывеш у «лямцы», бо па-іншаму ўжо не можаш.

Не разумееш, што такое выхадны ў суботу. Ходзіш па кватэры і не ведаеш, чым заняцца. Дома кажуць: «Едзь ты ўжо на працу». Прывыкаеш працаваць у рэжыме «сем дзён на тыдзень і 24 гадзіны на суткі».

— А як адпачываеце?

— Я так і не навучыўся. Незадаволены тым, як гэта раблю. Не ўмею да канца абстрагавацца ад працы, і таму, калі баўлю час з сям'ёй, думкамі ўсё адно не з імі. Мая жонка часта пра гэта кажа і вельмі засмучаецца.

— І дзеля чаго ўсё гэта?

— Занадта філасофскае пытанне. Жыццё імклівае, усё мяняецца, у тым ліку мэты і жаданні чалавека. Тое, што было архіважна ў 18 гадоў, — нецікава і здаецца дробяззю ў 40. У 35 для мяне галоўным было стварыць наш цэнтр, калектыў, выканаць аперацыю. Гэта на той момант я лічыў сэнсам жыцця, быў гатовы вельмі шмат аддаць за здзяйсненне ўсяго. Нічога не змянілася з таго часу. Толькі цяпер даеш адэкватную ацэнку мінулым энтузіязму і эйфарыі. Я не аналізую сябе мінулага, а жыву цяпер і раблю сёння ўсё, што ёсць у маіх сілах.

— Вы ж не толькі доктар, але і менеджар. Гэтыя дзве іпастасі ў вас змагаюцца?

— Перашкаджаюць адна адной, чаго душою крывіць. Але праца менеджара дапамагае рэалізаваць усе даступныя магчымасці ў дачыненні не да аднаго ці некалькіх чалавек, а да ўсяго калектыву. Гэта непаўторная асалода, калі ты арганізаваў вялікую справу і яна жыве і развіваецца. Задавальненне не меншае, калі не большае, чым калі выдатна выканаеш аперацыю.

— Вы задаволены тым, як аплачваецца праца — ваша і вашых супрацоўнікаў?

— Так, болей чым. Нам няма на што скардзіцца. Увогуле, тут усё залежыць ад пазіцыі. Я перыядычна атрымліваю прапановы з-за мяжы — працаваць, напрыклад, у Пакістане за 15 000 долараў у месяц. Па еўрапейскіх мерках гэта нармальная зарплата, па беларускіх — завоблачная. Гэта не значыць, што ў нас яна нізкая. Спецыялісты цэнтра адносна сярэднестатыстычнага заробку сярод беларускіх урачоў маюць адзін з самых вялікіх. Так, я не калекцыянірую «ферары». Ды і навошта? Мне хапае тых грошай, што я атрымліваю, на задавальненне ўсіх патрэб.

Тут, у Беларусі, ёсць усе магчымасці, каб задаволіць мае прафесійныя амбіцыі; тут мае сябры, сям'я. Я магу размаўляць з блізкімі мне па духу людзьмі на роднай мове — гэта вельмі каштоўна! І галоўнае — быць побач з бацькамі, вяртаць ім тую любоў, якую яны аддавалі, калі я быў маленькім. Бачыць магілы сваіх бабуль і дзядуляў. Як усё гэта можна ўкласці ў грашовую дэльту?

— Вы казалі, што першая ваша зарплата была шэсць долараў. Сённяшнія маладыя спецыялісты таксама атрымліваюць няшмат. Калі б вы заўжды рабілі працу адпаведна таму, колькі атрымлівалі, дасягнулі б такіх поспехаў?

— Сённяшняе пакаленне адрозніваецца ад нашага. У 1993 годзе я б усё аддаў за тое, каб трапіць у 9-ю бальніцу на працу. Сучасная ж моладзь спачатку пытае, якая будзе зарплата... Маўляў, толькі сто долараў? Кватэру ж здымаць трэба! Нібы яны ўсе без бацькоў выраслі ці не могуць пайсці падпрацоўваць барменам ці грузчыкам. Ёсць адзін спосаб вырашыць праблему недахопу грошай — зарабіць.

Я дакладна ведаю, што ўсе мары, нават самыя нерэальныя, можна здзейсніць у сваёй краіне. І не асуджаю тых, хто з'ехаў за мяжу па іншую долю. Але па маіх мерках гэта баязлівасць. Вядома, усё залежыць ад абставін. Як можна асуджаць дзяўчыну, якая закахалася ў замежніка, нарадзіла шмат дзяцей і ўсё адно любіць сваю краіну, наведвае бацькоў, дапамагае ім. Ці праграмісты, якія з'ехалі, але па іх ініцыятыве ладзяцца сумесныя праекты з Беларуссю. Важна захаваць любоў да сваёй краіны.

— Гляджу на вас і не магу не запытацца: прыгожым людзям жывецца лягчэй?

— Шчаслівым жывецца лягчэй (смяецца).

— А прыгажосць на гэта не ўплывае?

— Ёй надаецца вялікае значэнне, калі табе 20-25 гадоў, — і гэта цудоўна. Калі табе трохі за сорак, да гэтага ставішся значна прасцей. А ў 50 будзеш думаць, што хто не быў неразумным, той не быў маладым, і што ўсё ў жыцці мінае.

Ёсць людзі, удачлівыя па жыцці. Ёсць і тыя, што Богам адзначаны. Яны маюць фантастычную харызму. Як у мультфільме «Чып і Дэйл»: мыш Рокі бачыла сыр, у яе загараліся вочы, і яна больш нічога не жадала... І гэтыя людзі гэтаксама ўздзейнічаюць. Але асноўная маса людзей — нармальныя. Іх адзіны інструмент — усяго дасягаць працай.

Я залічваю сябе да гэтай катэгорыі. Усё, што ў жыцці ў мяне атрымлівалася, давалася не проста так. Здабывалася ўласнымі намаганнямі, эмоцыямі і падтрымкай маёй сям'і. Калісьці мы пачыналі жыць у пакоі ў інтэрнаце, пасля — на здымнай кватэры, у бацькоў жонкі, затым набылі двухпакаёвую кватэру. Не было ў нас адразу ўласнага жытла, і яно не давалася за прыгожую ўсмешку. Тым каштоўнейшае тое, што мы здабылі. Хаця часам хочацца, каб хтосьці сказаў: «Вазьмі ўсё за так».

— У мяне да вас пытанне як да трансплантолага і хрысціяніна адначасова. Калі адбываецца перасадка органа, атрымліваецца, што адзін ахвяруе часткай сябе дзеля іншага. Гэта заўжды апраўдана?

— Безумоўна! Як можа быць некарысным тое, што робіць чалавека здаровым, дае шанц нараджаць і выхоўваць дзяцей, працягваць жыць? Я не бачу ніякіх перашкод. Дзякуй Богу, царква — як праваслаўная, так і каталіцкая — таксама. З майго пункту гледжання, ужо нічога больш міласэрнага няма. Я не бачу тут парушэнняў этычных нормаў. І спадзяюся, іх не заўважыць ніхто, ні ў адзінай краіне свету.

— У адным з інтэрв'ю вы сказалі, што аперацыя — гэта таемства.

— Аперацыя, хутчэй, тое, што не зусім паддаецца твайму асэнсаванню, вынік чаго ты не можаш прадбачыць. Кожны чалавек індывідуальны. У гэтым галоўная складанасць. Органы і тканкі — не шасцярэнька, заўжды фабрычна аднолькавая па памерах. Толькі аднаяйцавыя блізняты настолькі падобныя. І тое, нават у іх будуць невялікія, але адрозненні. Таму кожны раз, калі пачынаеш справу, не можаш са стапрацэнтнай упэўненасцю сказаць, калі і як яна скончыцца. Мая мэта — каб незалежна ад колькасці часу і ўкладзеных мною сіл чалавек жыў і быў здаровым. Ён жа яшчэ можа нарадзіць дзяцей, якія, магчыма, увойдуць у гісторыю чалавецтва як Махатма Гандзі, Марыя Складоўская-Кюры ці Святлана Алексіевіч.

— Калі б штосьці, не дай Бог, здарылася з адным з вашых блізкіх, вы б далі згоду аддаць органы?

— Я б не задумваўся ні секунды, сказаў «Так».

— А сябе?

— І сябе. Клянуся. Бо ведаю, што гэта правільна. Гэта патрэбна іншым. І ўпэўнены, што, калі раптам штосьці здарыцца са мной, мая жонка, разумеючы маю пазіцыю, таксама б дала згоду. Бо гэта справа майго жыцця. Інакш бы ўсё, што раблю, было б найвялікшай крывадушнасцю. Гэта трэба быць такім несумленным, каб усіх заахвочваць, а самому хавацца ў кусты. Думаю, і мае супрацоўнікі лічаць так сама.

— Скажыце як хірург, які трымаў у руках у тым ліку і чалавечае сэрца — у ім сапраўды жыве любоў?

— Сэрца вельмі расхваленае людзьмі. З пункту гледжання медыцыны — гэта адзін з самых простых органаў чалавечага арганізма, які працуе, як банальная помпа — падае паліва — кроў. Працуе па законах фізікі, якую пачынаюць вучыць у шостым класе. Без складаных матэрый і падлікаў. Ныркі, лёгкія, тым больш печань — на параўнанні з мозгам — куды больш складаныя органы з пункту гледжання разумення. Напэўна, такім простым сэрца было створана спецыяльна для таго, каб там жыла любоў.

Бліц-апытанне

— Раніца альбо вечар?

— Хутчэй вечар.

— Розум ці сэрца?

— Хутчэй розум.

— Справа альбо добрае стаўленне?

— Справа.

— Рамяство альбо прызванне?

— Не ведаю, па шчырасці, што такое сапраўднае прызванне, але няхай будзе яно.

— Прызванне ці прызнанне?

— Тут адназначна прызванне.

— Рызыка альбо бяздзеянне?

— Ад абставін залежыць. Але калі выбіраць з двух — першае.

— Здароўе альбо грошы?

— Дакладна здароўе.

— Сям'я ці праца?

— Няма адказу.

— Сям'я ці сябры?

— Сям'я.

— Каму б вы зрабілі апошні званок?

— Дачцэ і жонцы.

pustavit@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

 

Іншыя матэрыялы рубрыкі «Сам-насам»:

Уладзімір Пракапцоў: «Мастацтва дапамагае гуртаваць нацыю»

Васіль Дранько-Майсюк: «Варта любіць сваё»

Лідзія Ярмошына: «Сябры для таго, каб рабіць кампліменты»

Таццяна Старчанка: «Трэба ўмець рабіць нечаканыя радасці»

Іерэй Сергій Цімашэнкаў: «Слова «павінен» прыходзіць, калі знікае любоў»

Міхаіл Арцем'еў: «Беларускія вучоныя мазгавітыя і працаздольныя»

Ікар свайго часу (гутарка з рэктарам БДУ Сяргеем Абламейкам)

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.