Вы тут

Бацькі-казачнікі


Вы спрабавалі што-небудзь тлумачыць малым дзецям? Збоку гэты працэс, напэўна, нагадвае лекцыю выкладчыка, які забыў тэму занятку: пачынаеш адно, але паралельна вымушаны патлумачыць яшчэ шмат сумежных паняццяў. Пры гэтым неабходна выкарыстоўваць абмежаваны слоўнікавы запас, бо аўдыторыя яшчэ не вельмі дасведчаная, але да ведаў цягнецца прагна. Складаней за ўсё, калі гаворка ідзе пра недапушчальнасць пэўных паводзін. У такіх выпадках пачынаеш дзякаваць усім аўтарам павучальных дзіцячых твораў, ды і сам, хочаш не хочаш, ператвараешся ў казачніка.


Мне заўсёды здавалася, што павага і любоў да бацькоў закладзены на генетычным узроўні. Напрыклад, у нашай сям'і усе дзеці з маленства ведалі, што нельга крыўдзіць маму і тату. І гэтыя веды перадаваліся ад дарослых да малодшых, мы проста раслі і пераймалі адпаведную мадэль паводзін. Я нават ніколі не задумваўся, што нехта яе сфарміраваў і адрэгуляваў, што яна не ўзнікла сама па сабе. Безумоўна, гэтым чалавекам была маці, але яна рабіла гэта неяк асцярожна і незаўважна. Памятаю, аднойчы мне падарылі пісталецік. І вось падчас гульні я нацэліў яго на матулю. Я нават не паспеў зрабіць «піф-паф», як яна падышла, лагодна паклала руку на пісталет і апусціла яго. Потым паглядзела ў вочы і сказала: «А калі ён раптам стрэліць? І мамы не стане?». Я запярэчыў, што гэта цацка, а яна з усмешкай сказала: «Адзін раз на год і палка страляе». Тады мне гэта здалося простым нежаданнем гуляць са мной, я пакрыўдзіўся, але зрабіў адпаведныя высновы і больш так не жартаваў.

Некалькі месяцаў таму ў нас, маладых бацькоў, узнікла невялікая праблема з паводзінамі дачушкі. Малая пачала біцца. Часам яна рабіла гэта жартам, а часам выкарыстоўвала такі прыём, калі ёй што-небудзь не падабалася. Адным словам, у наш адрас часценька прыляталі аплявухі. «Балазе, яна не разабралася, што ў ход можна пусціць і зубы», — спачатку жартавалі мы з жонкай. Ні тлумачэнні, ні пакаранні ў выглядзе пазбаўлення ад салодкага, ні крыўды — нічога не дапамагала. Яна рэагавала на заўвагі, спачатку шкадавала, абяцала, што больш не будзе, а потым, пры першай жа нагодзе, усё паўтаралася. Безумоўна, Васіліса ў свае няпоўныя два гады не магла ўдарыць балюча, але справа была ў іншым.

Вырашыць гэтую праблему дапамаглі казкі. Наша Васіліса вельмі любіць слухаць гісторыі пра прыгоды маленькай дзяўчынкі, яе бабулі і дзядулі на лецішчы. Іх яна просіць кожны вечар перад сном. Падчас аповеду ніхто не агучвае, што гэтая дзяўчынка — Васіліса, але яна дакладна разумее, што гаворка ідзе пра яе. Дык вось, аднойчы вечарам дачка чарговы раз паказала мне свой характар аплявухай. Гэта падштурхнула да нараджэння адпаведнай гісторыі. Па тэксту дзяўчынка прыехала да дзеда з бабай на лецішча і пачала іх крыўдзіць: біцца і драпацца. Пра гэта вельмі хутка даведаўся Мышыны кароль, які сам некалі быў гарэзлівым хлопчыкам, але яго зачаравала злая фея менавіта за такія непрыстойныя паводзіны. З таго часу Мышыны кароль вышуквае шкадлівых дзяцей, ператварае іх у мышэй і забірае да сябе ў цёмную нару, каб сябраваць і разам рабіць дрэнныя ўчынкі. І вось той Мышыны кароль паслаў сваіх служак, каб яны прывялі дзяўчынку да яго. Але бабуля і дзядуля не далі ім гэта зрабіць, прапанаваўшы ў якасці выкупу ўсе ласункі, што былі ў доме. Маленькая ж дзяўчынка пачула, як яны вялі перамовы з мышамі, і вырашыла, што больш ніколі не будзе крыўдзіць блізкіх. Так з таго часу і было, ад чаго яе ўсе сталі любіць яшчэ больш.

Пасля гэтай гісторыі дачка перастала біцца. Іншы раз і нас, бацькоў, выхоўвае. Напрыклад, аднойчы яна непаслухмяна вяла сябе за сталом. Зрабіў заўвагу, калі яна не адрэагавала, паўтарыў — зноў няма рэакцыі. Давялося сказаць, што хтосьці зараз заробіць лупцака. Васіліса адрэагавала імгненна, але не так, як я чакаў.

— Тата, не гавары так, а то па цябе прыйдзе Мышыны кароль, — зрабіла мне сустрэчную заўвагу дачка.

Контраргументу ў мяне не знайшлося, але ў той жа вечар прагучала гісторыя пра дзяўчынку, якая не ўмела паводзіць сябе за сталом. Ёсць у нас казкі пра капрызную плаксу, жмінду, непаслухмяную дзяўчынку — усё гэта добрыя павучальныя гісторыі, якія нараджаюцца ў залежнасці ад паводзін малой. Дачка заўсёды слухае іх з цікавасцю і часцей за ўсё карэктуе свае паводзіны. Калі так адбылося, то потым яна абавязкова папросіць паўтарыць адпаведны аповед, каб удакладніць, што Васіліса ТАК ужо не робіць. Выходзіць, што кожны вечар мы дорым казкі ёй, а яна штоімгненне — нам.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.