Вы тут

Як першакласнікаў рыхтуюць у праграмісты


«ІТ-адукацыя для дзяцей ад 6 да 15 гадоў. На курсах школьнікі засвояць праграмаванне, вэб-дызайн, робататэхніку, камп'ютарную графіку. Адкрыты набор на новы навучальны год!» Падобныя аб'явы, расклееныя ў метро, не давалі спакою. Няўжо атрымаць прафесію з заробкам у тысячу долараў можна яшчэ ў малодшых класах? Колькі каштуе выхаваць маленькага праграміста і ці не шкодныя такія заняткі для здароўя дзіцяці — у нашым матэрыяле.


Знаёмства з клавіятурай і алгарытмамі

Прапаноў па падрыхтоўцы маленькіх айцішнікаў шмат. І попыт толькі расце. У адной кампаніі, дзе курсы запусцілі ўсяго паўгода таму, расказалі, што хутка збіраюцца пераязджаць. Не хапае месца, каб прыняць усіх ахвотных.

Найчасцей бацькі прыводзяць дзяцей ва ўзросце 6-10 гадоў. І не толькі хлопчыкаў.

— У групе па дызайне ў нас больш дзяўчат, — кажа Ігар ШАЎЧЭНКА, намеснік дырэктара па вучэбнай частцы Малой акадэміі Адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій. — Хлопчыкі ідуць непасрэдна на праграмаванне. Але гэта не значыць, што так павінна быць.

Навучанне пачынаецца з азоў. Малечы, якая пераважна «сядзіць» у смартфоне ці планшэце, паказваюць, як карыстацца камп'ютарам: вадзіць мышшу, набіраць тэкст на клавіятуры, ствараць і капіраваць папкі. Знаёмяць з алгарытмікай. Вучаць такім базавым элементам, як, напрыклад, супастаўленне. Па словах выкладчыка Аляксандра ФРАНЦКЕВІЧА, гэты навык важны не толькі для будучых праграмістаў:

— Калі ў малодшай школе настаўнік не ўдзяляе ўвагі супастаўленню, то ў старэйшых класах пачынаюцца праблемы. Дзеці не ўмеюць перанесці веды з геаметрыі і алгебры на фізіку. Думаюць, фізіка — гэта зусім іншая дысцыпліна, і нічога з таго, што вучылі на ўроках раней, нельга прымяніць. Не могуць знайсці косінус вугла ў задачах з рычагом, хоць па матэматыцы гэта ўжо прайшлі.

Заданні па праграмаванні для дзяцей падобныя да гульняў. Персанажу — кату ці сабаку — трэба задаваць пэўныя дзеянні: прайсці два крокі наперад, павярнуць направа, узяць штосьці. Не зробіш праграму — нічога не атрымаецца. Код малыя не пішуць уручную, а складаюць з гатовых блокаў (засвойваюць візуальную мову праграмавання).

— У школьнікаў часта «падаюць» адзнакі, калі яны пачынаюць вывучаць па інфарматыцы «Паскаль». Прычым горш даводзіцца тым, у каго матэматычны склад мыслення. Чаму? «Паскаль» — тэкставая мова праграмавання, там вельмі важна правільна паставіць знакі прыпынку. Гуманітарый коску з кропкай ніколі не прапусціць. Матэматык жа пра іх не думае, яго хвалюе само рашэнне задачы. На курсах дзеці спачатку вучацца алгарытмы выконваць без памылак, а потым ужо на тэкставую мову пераходзяць, — адзначае Аляксандр Францкевіч.

Заняткі праводзяцца не толькі за камп'ютарам. На ўроках па робататэхніцы шмат часу займае зборка канструкцыі. А пры вывучэнні алгарытмаў дзеці спачатку выконваюць заданні ў сшытках.

«Хачу стаць клаўнэсай»

Падобныя курсы, як, напэўна, і ўсе дзіцячыя гурткі, — выбар бацькоў.

— Усё роўна малыя ў камп'ютары сядзяць, няхай хоць карысць ад гэтага будзе, — кажа Яўгенія, маці 7-гадовага Уладзіка.

Жанчына распавядае, што яшчэ ў тры гады купілі сыну спецыяльны набор канструктара, за тысячу долараў. «Там спачатку робата збіраеш, а потым задаеш розныя праграмы, каб ён рухаўся». Хлопчык з гэтай задачкай лёгка справіўся. З будучай прафесіяй малога таксама ўжо пазнаёмілі.

— Мы з мужам займаемся арганізацыяй святаў. Праводзілі карпаратывы і для нашых ІТ-кампаній, — дзеліцца Яўгенія. — Я сыну неяк прапанавала схадзіць у адну з іх на экскурсію: «Паглядзім, як дзядзі робяць гульні». Ён, калі ўбачыў, быў у захапленні: «І я так хачу!»

У другакласніка Ягора ўсё таксама пачалося з любові да канструктара.

— А ў 2014 годзе мы выпадкова трапілі на спаборніцтвы па робататэхніцы, — дадае мама Юлія. — На курсы ходзім два разы на тыдзень. Кожны занятак доўжыцца па паўтары гадзіны.

У айцішнікі, праўда, хлопчык не збіраецца. Хоча стаць архітэктарам. «Ужо нават заяўку Дзеду Марозу на наступны Новы год пакінуў, — кажа Юлія. — У «Лега» новы набор выйшаў — «Архітэктура», вось яго замовіў у падарунак».

Увогуле, пра прафесію праграміста тут мараць не ўсе. Сямігадовая Боня прызналася нам, што, калі вырасце, будзе... клаўнэсай.

— Навошта тады ходзіш на камп'ютарныя заняткі?

— А мне падабаецца рабіць робатаў, — усміхаецца малая.

Паўгадзіны за маніторам — максімум для вучняў малодшых класаў

Арганізатары курсаў адразу папярэджваюць: яны не робяць малых спецыялістамі. Даюцца базавыя веды, якія ў школе атрымаць немагчыма.

— Прагрэс ідзе хутчэй, чым зацвярджаецца школьны план, — каментуе Ігар Шаўчэнка. — Дзеці, напрыклад, дагэтуль вучацца маляваць мульцікі ў «Flash». Нават распрацоўшчык гэтай праграмы ўжо адмовіўся ад яе, бо тэхналогія ўвогуле цяпер не запатрабавана! Лепш бы выкладалі мовы праграмавання. Больш часу адводзілі таму ж «Паскалю».

Каштуюць курсы нятанна. У залежнасці ад цэнтра, ад 650 тысяч да 1,2 мільёна ў месяц. За навучальны год атрымліваецца да 10 мільёнаў. Але ці ёсць сэнс так рана адпраўляць дзіця рыхтавацца да прафесіі?

— Праграмаваць у 6-7 гадоў школьнікі яшчэ не могуць, — упэўнены дэкан факультэта камп'ютарнага праектавання БДУІР Дзмітрый ЛІХАЧЭЎСКІ. — Але ў такім узросце не лішнім будзе азнаямленне з камп'ютарнай граматнасцю, каб дзіця ўмела не толькі запусціць гульню. Пачынаць з асноў праграмавання лепш у 11-12 гадоў.

Схільнасць да ІТ-спецыяльнасцяў можна вызначыць па інтарэсе да дакладных навук. Калі з матэматыкай і фізікай з маленства праблем няма, мяркуе Дзмітрый Ліхачэўскі, можна кіравацца ў праграмісты.

Ці не шкодныя такія заняткі для зроку, мы пацікавіліся ў галоўнага пазаштатнага дзіцячага афтальмолага Міністэрства аховы здароўя Вікторыі КРАСІЛЬНІКАВАЙ.

— Ёсць санітарныя нормы, — кажа спецыяліст. — Гэта рэкамендацыі па ўзроўні стомленасці мышц вачэй, якія адказваюць за акамадацыю. Школьнікам малодшых класаў можна праводзіць за камп'ютарам ці планшэтам максімум 30 хвілін на дзень. Абавязкова мусіць быць перапынак: напрыклад, 15 хвілін дзіця працуе, паўгадзіны адпачывае. А лепш крыху пазаймацца зранку і потым працягнуць увечары. Падлеткі 14-16 гадоў па 45 хвілін на дзень могуць карыстацца тэхнікай, але таксама з перапынкамі.

Можна працаваць за маніторам і больш, калі прытрымлівацца інтэрвалаў адпачынку. Яны мусяць быць даўжэйшымі, чым між звычайнымі заняткамі.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Канструктар за тысячу долараў і код для сабакі

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.