Вы тут

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №78


Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

23 лютага 2016 г. № 78

г. Мінск

Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь.

Галоўным прыярытэтам сацыяльна-эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца чалавек, падтрымка сям'і, дзяцей і старых. За гады незалежнасці краіны сфарміравана дзяржава для народа. Развіваецца адукацыя, ахова здароўя, інфраструктура, умацоўваецца нацыянальная бяспека.

Нарастанне негатыўных з'яў у сусветнай эканоміцы, скарачэнне попыту на нашых традыцыйных экспартных рынках, рэзкае падзенне цэн на нафту і сыравінныя тавары, геапалітычная нестабільнасць прывялі да пагаршэння ўмоў знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь.

У сучасных умовах знешнеэканамічных працэсаў і іх адмоўнага ўплыву на нацыянальную эканоміку неабходны своечасовыя меры па забеспячэнні эканамічнай бяспекі, сацыяльнай стабільнасці і фарміраванні дадатковых умоў для аднаўлення ўстойлівага эканамічнага росту. Рэалізацыя на практыцы ўнутраных рэзерваў развіцця патрабуе ініцыятыўнай і эфектыўнай работы кіраўнікоў прадпрыемстваў, прыняцця вертыкаллю ўлады рашучых і сістэмных мер.

У гэтых мэтах п а с т а н а ў л я ю:

1. Павышэнне эфектыўнасці функцыянавання эканомікі:

1.1. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:

прыняць дадатковыя меры для забеспячэння:

прыбытковай працы дзяржаўных прадпрыемстваў пры належнай якасці кіравання іх актывамі і зніжэнні сабекошту прадукцыі не менш як на 25 працэнтаў;

павышэння плацежнай дысцыпліны ва ўзаемаразліках за пастаўленыя тавары, выкананыя работы, аказаныя паслугі;

развіцця добрасумленнай канкурэнцыі на ўнутраным рынку;

росту і дыверсіфікацыі экспарту;

рацыянальнага імпартазамяшчэння;

паскоранага развіцця малога і сярэдняга бізнесу і ўключэння яго ў экспартную дзейнасць і імпартазамяшчэнне;

прыцягнення замежнага капіталу ў развіццё і стварэнне вытворчасцяў;

эканоміі рэсурсаў арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці і павышэння якасці вырабленай прадукцыі (работ, паслуг);

сумесна з Нацыянальным банкам паступальнага зніжэння ставак па крэдытах у эканоміцы;

выпрацаваць прапановы па:

прыватызацыі (адчужэнні) аб'ектаў дзяржаўнай уласнасці на прынцыпах празрыстасці, аператыўнасці і эфектыўнасці;

прымяненні спрошчаных працэдур фінансавага аздараўлення сельскагаспадарчых арганізацый;

1.2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму:

забяспечыць штогадовае павелічэнне колькасці працаўладкаваных грамадзян на наваствораныя працоўныя месцы за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў на 50 тыс. чалавек;

рэалізаваць імпартазамяшчальныя праекты з дасягненнем аб'ёму выручкі ад рэалізацыі прадукцыі не менш як 600 млн долараў ЗША штогод у прамысловай вытворчасці і сферы паслуг за кошт пазабюджэтных крыніц;

забяспечыць на працягу 2016 года скарачэнне пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці на суму не менш за 100 млн долараў ЗША;

забяспечыць належную абарону ўнутранага рынку ад нядобрасумленнай канкурэнцыі, павысіўшы эфектыўнасць сістэмы антыманапольнага рэгулявання ў Рэспубліцы Беларусь;

актывізаваць інвестыцыйную дзейнасць, забяспечыць шырокі і спрошчаны доступ да крэдытных ліній Кітайскай Народнай Рэспублікі, якія выдзяляюцца на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў, усталяваўшы галіновыя прыярытэты іх выкарыстання. Актыўна прыцягваць прамыя замежныя інвестыцыі;

забяспечыць у 2016 годзе зніжэнне затрат арганізацый, якія аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі, і своечасовае прыняцце рашэнняў па дасягненні ўзроўню іх пакрыцця тарыфамі для насельніцтва ў памеры 50 працэнтаў па ўсім комплексе названых паслуг. Дадатковыя даходы па сістэме Міністэрства энергетыкі ад зніжэння аб'ёмаў перакрыжаванага субсідзіравання накіраваць на зніжэнне тарыфаў на энергарэсурсы для прамысловых спажыўцоў у парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

1.3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук забяспечыць актыўнае ўкараненне айчынных тэхналогій у фармацэўтыку, аграпрамысловы комплекс, біятэхналагічную вытворчасць, галіны новых матэрыялаў і іншыя сектары вышэйшых тэхналагічных укладаў;

1.4. кіраўнікам дзяржаўных органаў:

забяспечыць аператыўны і ўсебаковы разгляд прапаноў прадпрымальнікаў па развіцці вытворчасцяў і стварэнні працоўных месцаў, аказваць ім усялякае садзейнічанне;

арганізаваць тлумачальную работу з насельніцтвам для папулярызацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, разняволення дзелавой ініцыятывы грамадзян;

1.5. ускласці на старшыняў раённых (гарадскіх) выканкамаў персанальную адказнасць за забеспячэнне эфектыўнай дзейнасці стратных сельскагаспадарчых арганізацый;

1.6. упаўнаважыць старшыняў раённых (гарадскіх) выканкамаў прымаць у парадку, які зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, аператыўныя рашэнні па перадачы ў давернае кіраванне прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў устойліва неплацежаздольных камунальных сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемстваў, у тым ліку з правам далейшага набыцця такіх маёмасных комплексаў даверным кіраўніком, які належным чынам выканаў умовы дагавора давернага кіравання, а таксама па адабранні і выдзяленні зямельных участкаў, якія выкарыстоўваюцца такімі прадпрыемствамі (пры захаванні мэтавага прызначэння сельскагаспадарчых земляў і земляў ляснога фонду), даверным кіраўнікам і (або) эфектыўна працуючым суб'ектам гаспадарання (інвестарам) у вызначаным парадку;

1.7. устанавіць, што:

асноўным крытэрыем для аказання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі суб'ектам гаспадарання з'яўляецца рэалізацыя імі ў межах дзяржаўных праграм інвестыцыйных праектаў, якія забяспечваюць павышэнне прыбытковасці вырабленых тавараў (работ, паслуг) і зніжэнне іх сабекошту;

экспартныя крэдыты выдзяляюцца адкрытым акцыянерным таварыствам "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" арганізацыям, якія не з'яўляюцца рэзідэнтамі, у парадку, які вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

частка працэнтаў па крэдытах, што выдаюцца банкамі-нерэзідэнтамі крэдытаатрымальнікам-нерэзідэнтам для набыцця беларускіх тавараў (у тым ліку па лізінгавых схемах), кампенсуецца Рэспублікай Беларусь у 2016 — 2017 гадах за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на адпаведныя мэты;

пачатковы кошт продажу прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў, акцый (доляў у статутных фондах) гаспадарчых таварыстваў, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай і камунальнай уласнасці, вызначаецца па рынкавым кошце ў парадку, які ўстанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

2. Збалансаванае выкананне бюджэту 2016 года і меры сацыяльнай абароны насельніцтва, дадатковай падтрымкі маламаёмных, уключаючы асоб пенсійнага ўзросту, і іншых сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян:

2.1. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму:

рэалізаваць кампенсавальныя меры падатковай палітыкі, накіраваныя на аднаўленне даходаў бюджэту і зніжэнне іх залежнасці ад кан'юнктуры знешняга попыту на сыравінныя тавары;

сфарміраваць у 2016 годзе рэзервы ў рэспубліканскім бюджэце ў памеры да 8 трлн рублёў для аказання мер сацыяльнай падтрымкі асобным катэгорыям насельніцтва, у мясцовых бюджэтах — да 2,8 трлн рублёў для фінансавання выдаткаў на выдзяленне безнаяўных жыллёвых субсідый за кошт эканоміі ў выніку зніжэння бюджэтнага субсідзіравання жыллёва-камунальных паслуг;

прыняць вычарпальныя меры па:

мінімізацыі негатыўных наступстваў, абумоўленых ростам цэн на спажывецкія тавары ў выніку прымянення мер бюджэтнай кансалідацыі. Пры гэтым прырост індэкса спажывецкіх цэн ад названых мер не павінен перавышаць 3,7 працэнта;

аптымізацыі і скарачэнні выдаткаў кансалідаванага бюджэту Рэспублікі Беларусь на 2016 год, перш за ўсё за кошт памяншэння выдаткаў на:

непершачарговыя капітальныя ўкладанні (набыццё абсталявання і іншых асноўных сродкаў, капітальнае будаўніцтва, рэканструкцыя і капітальны рамонт);

утрыманне органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовага кіравання і самакіравання за кошт аптымізацыі функцый і колькасці дзяржаўных органаў усіх узроўняў. Сродкі ад гэтай аптымізацыі накіроўваюцца на павышэнне заработнай платы дзяржаўных служачых;

пакрыццё (кампенсацыю) працэнтаў па крэдытах у беларускіх рублях, якія выдадзены альбо выдаюцца ў рамках дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў (за выключэннем крэдытаў на жыллёвае будаўніцтва), павялічыўшы стаўкі па крэдытных дагаворах на 2 працэнтныя пункты з адначасовым змяншэннем у такім жа памеры стаўкі пакрыцця (кампенсацыі) за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў працэнтаў па гэтых крэдытах;

датацыі, якія перадаюцца з рэспубліканскага бюджэту ў кансалідаваныя бюджэты абласцей і ў бюджэт г. Мінска;

2.2. кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, старшыням аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама забяспечыць першачарговае зніжэнне затрат на закупку імпартнай сыравіны (матэрыялаў, камплектуючых), скарачэнне выдаткаў на ўтрыманне адміністрацыйна-кіраўніцкага апарату, адмову ад доўгатэрміновых капітальных укладанняў у невытворчую сферу (у тым ліку за кошт валютных крыніц);

2.3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь для забеспячэння сацыяльнай абароны насельніцтва, дадатковай падтрымкі маламаёмных, уключаючы асоб пенсійнага ўзросту, і іншых сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян ўнесці прапановы па:

павелічэнні з 1 сакавіка 2016 г. бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва;

узмацненні з 1 сакавіка 2016 г. механізмаў дзяржаўнай адраснай сацыяльнай падтрымкі грамадзян, у тым ліку шляхам перагляду памераў выплат сацыяльнага характару;

укараненні з 1 кастрычніка 2016 г. безнаяўных жыллёвых субсідый для частковай аплаты асноўных жыллёва-камунальных паслуг;

2.4. Саветам дэпутатаў абласнога і базавага тэрытарыяльных узроўняў разгледзець магчымасць аказання за кошт адпаведных мясцовых бюджэтаў дадатковай сацыяльнай падтрымкі дзецям, моладзі, ветэранам, інвалідам, пажылым людзям, а таксама іншым катэгорыям грамадзян, якія маюць патрэбу ў дапамозе.

3. Забеспячэнне абслугоўвання і своечасовага пагашэння валютных абавязацельстваў:

3.1. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнаму банку:

праводзіць збалансаваную макраэканамічную палітыку, накіраваную на нарошчванне дзяржаўных золатавалютных рэзерваў да эканамічна бяспечнага ўзроўню, які пакрывае трохмесячны імпарт тавараў (работ, паслуг), а таксама кароткатэрміновыя даўгавыя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь у замежнай валюце;

забяспечваць своечасовае і поўнае выкананне абавязацельстваў, у тым ліку праз рэфінансаванне, пад персанальную адказнасць:

Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь — па пагашэнні валютнага доўгу Урадам і рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання;

Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка — па пагашэнні валютных абавязацельстваў Нацыянальнага банка;

старшыняў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама — па пагашэнні валютнага доўгу мясцовых органаў кіравання і самакіравання;

кіраўнікоў арганізацый і камерцыйных банкаў — па пагашэнні валютнага доўгу гэтых і падпарадкаваных ім арганізацый;

3.2. упаўнаважыць Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь на падпісанне міжурадавых і міжнародных дагавораў, накіраваных на прыцягненне інвестыцыйных рэсурсаў ад міжнародных фінансавых арганізацый, якія змяшчаюць палажэнні, адрозныя ад норм заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, з наступнай ратыфікацыяй такіх дагавораў у вызначаным парадку.

4. Паўнамоцтвы і адказнасць кадраў:

4.1. ацэнку эфектыўнасці работы кадраў ажыццяўляць па наступных асноўных крытэрыях:

Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь і яго Першага намесніка — па выніках забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці і эфектыўнага кіравання валютным доўгам Урада;

Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка — па выніках забеспячэння фінансавай стабільнасці ў краіне, скарачэння валютных абавязацельстваў Нацыянальнага банка, нарошчвання міжнародных рэзервовых актываў Рэспублікі Беларусь;

намеснікаў Прэм'ер-міністра, міністра замежных спраў — па росце і дыверсіфікацыі экспарту;

кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання — па аб'ёме прыцягнутых прамых замежных інвестыцый у галіну, рацыянальным імпартазамяшчэнні;

старшыняў абласных, Мінскага гарадскога выканкамаў — па аб'ёме прыцягнутых прамых замежных інвестыцый у рэгіён, рацыянальным імпартазамяшчэнні, росце і дыверсіфікацыі экспарту, стварэнні новых працоўных месцаў;

старшыняў раённых (гарадскіх) выканкамаў — па колькасці створаных новых працоўных месцаў;

кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў — па паказчыку чыстага прыбытку і скарачэнні сабекошту тавараў (работ, паслуг), што вырабляюцца;

4.2. для павышэння аператыўнасці прымаемых рашэнняў, скарачэння тэрмінаў адміністрацыйных працэдур надзяліць паўнамоцтвамі Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь усталёўваць тэрміны ўзгаднення дзяржаўнымі органамі, у тым ліку падпарадкаванымі Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, праектаў заканадаўчых актаў па найважнейшых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання ў эканамічнай сферы;

4.3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь да 1 чэрвеня 2016 г. унесці прапановы па:

скарачэнні залішніх і дублюючых функцый органаў дзяржаўнага кіравання, кантралюючых (наглядных) і праваахоўных органаў;

удасканаленні сістэмы падбору і расстаноўкі кадраў, іх навучання і перападрыхтоўкі (у тым ліку за мяжой), павышэння матывацыі на дасягненне вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця;

удасканаленні парадку і ўмоў прызначэння (вызвалення ад займаемай пасады) кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый, а таксама арганізацый, у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў акцый (доляў у статутных фондах) належыць дзяржаве;

мінімізацыі наглядных праверак, скарачэнні наглядных органаў, падстаў для правядзення такіх праверак і павышэнні ролі пракуратуры ў забеспячэнні законнасці;

4.4. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь на працягу 2016 года забяспечыць:

перагляд паказчыкаў эфектыўнасці работы фіскальных органаў у частцы зрушэння акцэнтаў з бягучага напаўнення бюджэту суб'ектамі гаспадарання на стратэгічнае забеспячэнне іх стабільнай і бясстратнай работы;

карэкціроўку абавязковых да прымянення тэхнічных нарматыўных прававых актаў, прадугледзеўшы выключэнне з іх патрабаванняў і абавязкаў, якія непасрэдна не звязаны з бяспекай прадукцыі (работ, паслуг).

5. Забеспячэнне недатыкальнасці ўласнасці:

Генеральнай пракуратуры і судам забяспечваць безумоўнае і няўхільнае выкананне гарантыі абароны ўласнасці, якая прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

6. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнаму сакратарыяту Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, Камітэту дзяржаўнага кантролю, Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнаму банку, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя захады па яго рэалізацыі.

7. Гэты Указ уваходзіць у сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка

23 лю­та­га 2016 г. № 78

г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.