Вы тут

Як у Гродзенскім раёне адкрылі Год культуры


На свята ў аграгарадок Абухава з'ехаліся творчыя калектывы і іх «балельшчыкі» з усяго раёна.

У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі Гродзенскі раён прадстаўлены ажно трыма элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны: творчасць майстра па вырабе музычных драўляных інструментаў Мар'яна Скрамблевіча, традыцыі роспісу велікодных яек у гарадскім пасёлку Сапоцкін і традыцыйная рэгіянальная кухня аграгарадка Адэльск. Гэтыя каштоўнасці беражліва захоўваюцца, іх носьбіты ўдзельнічаюць у розных імпрэзах, ладзяць майстар-класы для турыстаў і ўсіх зацікаўленых. Так было і ў Абухаве.


Мар'­ян Скрамб­ле­віч: «У кож­на­га ін­стру­мен­та свой го­лас».

Мар'ян Антонавіч спачатку іграе на адной са сваіх дудак, потым бярэцца за акарыну... Сапраўды, у кожнага інструмента свой голас: і сапрана, і тэнар, і альт, і бас. Для гэтага трэба адшукаць патрэбную сыравіну (майстар працуе з клёнам, акацыяй, ясенем, чаромхай, сасной, дубам, рабінай, чаротам і нават індыйскім бамбукам), у пэўны перыяд года яе нарыхтаваць і як след прасушыць, ад чаго напрамую залежыць гучанне будучага інструмента. Вынікі гэтай унікальнай працы цяпер можна ўбачыць у музейным пакоі народных інструментаў Мар'яна Скрамблевіча ў Адэльскім цэнтры культуры і народнай творчасці. Больш за тое, тут можна атрымаць урокі ад майстра і нават далучыцца да яго ў якасці аркестранта. На яго інструментах іграюць у Беларускай акадэміі музыкі, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, у ансамблі танца, музыкі і песні «Белыя росы»...

Дарэчы, на свята ў Абухава Мар'ян Антонавіч прыехаў не толькі з невялікай часткай сваёй калекцыі, але і з «не першай маладосці» гармонікам.

А побач, за столікам, — яшчэ адна ўнікальная з'ява. Ларыса КАСІЦКАЯ і Алена ЛАШЭВІЧ прадаўжаюць традыцыю дэкарыравання велікодных яек, якая з даўніх часоў і па сёння жыве ў пасёлку Сапоцкін, — робяць пісанкі. Сакрэты гэтага майстэрства, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне, захавала мясцовая жыхарка Антаніна ЮРЧЭНЯ. Роспіс наносіцца на яйка растопленым пчаліным воскам з дапамогай «шпількі» — палачкі з убітым у яе канец цвічком. Пасля чаго яйка апускаюць у фарбавальнік, які рыхтуюць загадзя, месяцы за два да Вялікадня. Узоры на пісанках Антаніна Лук'янаўна малюе так, як паказвала маці (рамонкі, дзьмухаўцы, лісточкі), ды і сама прыдумвае. Свае «фішкі» ёсць і ў яе вучаніц. Ларыса Касіцкая, дарэчы, перадае гэтую старажытную тэхніку гурткоўцам у Азёрскім цэнтры культуры.

У Гродзенскім раёне таксама захоўваюць і развіваюць народныя традыцыі мастацкай вышыўкі, вырабу тэкстыльных лялек, саломапляцення... Напрыклад, майстар вышыванага мастацтва Наталля КАВАЛЬКОВА перадае свае веды і вопыт дзецям на базе Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Яна стварыла выдатную калекцыю ручнікоў са старажытнымі беларускімі арнаментамі, займаецца таксама бісерапляценнем, вырабляе сувеніры з прыродных матэрыялаў. Адэльская ткачыха Тэрэза ШУПІЦКАЯ падарыла цэнтру сваю сямейную рэліквію — бабулін ткацкі станок. А вядомая ў акрузе майстрыха Рэгіна САЛОВІЧ дапамагла наладзіць яго работу, навучыла гурткоўцаў асаблівасцям тэхнікі і прыёмам ткацтва.

Рос­піс на­но­сіц­ца на яй­ка рас­топ­ле­ным пча­лі­ным вос­кам.

Усім ахвотным можна таксама павучыцца (ды і набыць выдатныя сувеніры) у майстра Галіны ЯРАШЧУК, якая вырабляе народныя тэкстыльныя лялькі. Нашы продкі лічылі, што лялькі з кавалкаў ношанага бацькоўскага адзення акумулююць жыццёвую сілу, станоўчую энергію гаспадара. Таму яны атрымліваліся не толькі мяккімі і цёплымі навобмацак, але і напоўненымі дабрынёй, любоўю, клопатам аб тых, каму адрасаваліся. Дарэчы, Галіна Ярашчук паклапацілася і пра рэканструкцыю рэгіянальнага жаночага касцюма Гродзеншчыны канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

Валерый КЛІМОВІЧ, намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама:

— Год культуры нам трэба правесці так, каб засталося добрым успамінам на ўсё астатняе жыццё. Упэўнены, што тыя шматлікія імпрэзы, што пройдуць у тым ліку і ў нашым раёне, дадуць новы штуршок для развіцця нашых традыцый і культуры, нашай роднай, мілагучнай беларускай мовы. Пры гэтым для нас вельмі важна, каб крэатыўныя ідэі сыходзілі не толькі ад работнікаў раённых структур, але і жыхароў вёсак, аграгарадкоў. Такая зваротная сувязь ужо існуе практычна ў кожным сельсавеце.

prakopchіk@zvіazda.by

Фо­та Яра­слава ВА­НЮ­КЕ­ВІЧА

Загаловак у газеце: Абухава сабрала скарбы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».