Вы тут

Не чакайце цуду, а вучыцеся бачыць яго ў штодзённым жыцці


Менавіта такі падыход прапаноўвае матушка Гаўрыіла, ігумення жаночага манастыра Раства Багародзіцы, што ў Гродне. Яна выступіла ініцыятарам прынясення ў Беларусь абраза Ісуса Хрыста з часціцай цярновага вянка, які прыбыў у Мінск у гэтую нядзелю з блаславення Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.


Сам цярновы вянок, у якім распялі Збавіцеля, знаходзіцца ў Парыжы. А вось медальён з шыпам з яго трапіў у Расію. Там ужо напісалі абраз, і святыня стала больш даступнай для хрысціянаў. «Думка прывезці яе ў Беларусь узнікла ў мяне яшчэ летась. Я даведалася ад сваякоў, якія жывуць у Маскве, што яны пакланіліся іконе Збавіцеля ў цярновым вянку, якую возяць па храмах Расіі. Цяпер выбар спыніўся менавіта на гэтай іконе, бо зараз усе мы перажываем нялёгкі час. Пакланенне ёй зможа духоўна падтрымаць вернікаў. У здзяйсненні ідэі нам дапамог Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі», — расказвае Высокашаноўная матушка.

У Беларусь прывезены абраз з зусім невялікай часціцай цярновага вянка з галавы Ісуса. «Я была ў базіліцы Святога Мікалая ў італьянскім горадзе Бары. Там захоўваецца цэлы шып з вянка — прыкладна 5 сантыметраў даўжынёй. Са слоў рыма-католікаў базілікі, ён чырванее, калі Вялікдзень супадае з Дабравешчаннем — так званая Кірыапасха. Гэта адбываецца прыкладна раз на 15 гадоў. Сотні людзей становяцца сведкамі гэтага цуду», — згадвае ігумення.

Матушка звяртае ўвагу тых, хто вырашыць прыкласціся да святыні, што не варта ісці да іконы з устаноўкай, што адразу здарыцца цуд. «Тады нічога з гэтага не атрымаецца, — лічыць яна. — Цуды, калі ўважліва прыгледзецца, здараюцца з намі штохвіліны. Яны ўсюды. І ў тым, што ў Беларусь трапіла такая святыня. І тое, што мы жывём на зямлі і нас чакае жыццё вечнае, — ужо радасць. Таму нават калі чалавек адчуў хаця б палёгку пасля прыкладання да святыні — гэта ўжо добра».

Сімвалічна, што ікона трапіла ў нашу краіну напярэдадні праваслаўнага Вялікага посту. Абраз — яшчэ нагода згадаць, што сваёй крывёю Ісус вызваліў нас ад граху і даў магчымасць жыць у радасці. Гэта нагода запытаць сябе напярэдадні «духоўнай вясны»: ці маем дабрыню ў сэрцы? Бо можна не есці анічога, акрамя бульбы і хлеба, але асуджаць іншых, зайздросціць, зласловіць. «Якое ж гэта ачышчэнне?» — задаецца пытаннем матушка. Так і да святыні мы мусім падысці са словамі: «Вінаваты, Госпадзі, даруй мне, грэшнаму. І дапамажы, калі на тое ёсць твая воля».

— Гэта вялікая каштоўнасць і міласць, што беларусы могуць няспешна, на працягу амаль трох месяцаў — да 9 чэрвеня, — у Мінску, Гродне і Жыровіцах пакланіцца абразу Ісуса Хрыста з часціцай цярновага вянка. Раю кожнаму скарыстацца гэтай магчымасцю, — запрашае наведаць святыню ігумення Гаўрыіла. Тым больш адзінае, што для гэтага спатрэбіцца, — жаданне і крыху вольнага часу.

З 21 лютага (12.00) да 24 лютага (16.00) святыня будзе даступная для пакланення вернікаў у Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска. 24 лютага а 16.30 абраз Збавіцеля з часціцай цярновага вянка будзе прынесены ў сталічны Аляксандра-Неўскі храм, дзе будзе даступны для пакланення вернікаў да 20 сакавіка (12.30). З 20 сакавіка (16.00) да 27 красавіка (12.00) святыня будзе знаходзіцца ў Раства-Багародзічным жаночым манастыры горада Гродна. З 27 красавіка (14.00) да 9 чэрвеня (13.30) абраз будзе знаходзіцца ва Успенскім Жыровіцкім мужчынскім манастыры, пасля чаго адбудзе ў Маскву.

pustavit@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?