Вы тут

На Віцебшчыне наладжваюць дыялог з індывідуальнымі прадпрымальнікамі


На Віцебшчыне ўлады імкнуцца наладзіць нармальны дыялог з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. З імі сустрэўся губернатар Мікалай Шарстнёў. 


— Вытворчасцю займаемся з 1999 года. Акрамя шкарпэтак, вырабляем калготкі, але няшмат. Умовы супрацоўніцтва з ІП, на мой погляд, прымальныя. Безумоўна, нам будзе больш выгадна, калі ў нас купяць як мінімум пар 150. Перадаплата — у любым выпадку. За месяц каля 30 дагавораў заключылі з прадпрымальнікамі. А ўсяго на сёння супрацоўнічаем больш чым са 100 ІП... Можа, кітайскія шкарпэткі таннейшыя, але ў нас якасць добрая, — распавядае галоўны інжынер фабрыкі «Васіліна» Алена Архіпава.

А ці шмат партнёраў сярод ІП у вытворцаў абутку?

— Наконт колькасці пар, якія можам прапанаваць ІП, — абмежаванняў няма, у тым ліку і па мінімуме. На прадпрыемстве вельмі гнуткая лагістыка. Стартавыя ўмовы — перадаплата 100%. У далейшым магчымая адтэрміноўка — да 30 каляндарных дзён. Летась супрацоўнічалі прыкладна з 50 беларускімі і расійскімі ІП, — тлумачыць прадстаўніца прадпрыемства «Белвест».

Што датычыцца самога прадпрыемства «Сцяг індустрыялізацыі», дзе адбывалася сустрэча, — яно вырабляе адзенне для мужчын, жанчын і дзяцей. Паліто, плашчы, курткі, штаны і іншае.

— Мы актыўна супрацоўнічаем з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Укаранілі «карту лаяльнасці». Летась пры іх дапамозе рэалізавалі прадукцыю агульным коштам 880 мільёнаў рублёў — прыкладна ў 3 разы больш, чым ў пазамінулым годзе. Гатовы прадаваць ім і маленькія партыі тавару: ад 20 адзінак. Адна ўмова: загадзя — за 2-3 месяцы — да нас звяртацца, каб мы маглі скамплектаваць неабходную партыю... У залежнасці ад аплаты і ўмоў вытворчасці кошт прадукцыі можа зніжацца прыкладна на 30%. Прымаем назад нерэалізаваны тавар, абменьваем яго на сезонны, — падзяліўся інфармацыяй начальнік аддзела маркетынгу і збыту ААТ «Сцяг індустрыялізацыі» Уладзімір Вінаградаў.

Цікава было пачуць, чаго б хацелі ад айчыннай лёгкай прамысловасці самі індывідуальныя прадпрымальнікі.

— Ад нашых вытворцаў хацелася б больш сучасных мадэляў, каб не адставаць ад моды. Цэны часам «кусаюцца»: на тое, што падабаецца, яны высокія, — кажа прадпрымальнік Руслан Буракоў.

Літаральна ў адзін голас прадпрымальнікі гаварылі, што ў турэцкіх, кітайскіх, польскіх і іншых вытворцаў выбар пакуль што больш багаты. Нешта чулі пра беларускія джынсы, зробленыя з лёну. Але ці будуць іх купляць людзі? Ну а замежныя джынсы менш чым за 600 тысяч рублёў прадаваць сёння нявыгадна.

Прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці «Беллегпрам» успрынялі крытыку ад ІП з разуменнем. Але адзначылі, што і нашы вытворцы ўжо не тыя, як калісьці. У іх ёсць канкурэнтаздольная прадукцыя, многія зацікаўлены ў рэалізацыі ІП маленькіх партый тавараў.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў асабіста пастараўся ўнікнуць у нюансы.

— Хачу, каб і вы нас пачулі, каб не было супрацьстаяння. Пастараемся стварыць умовы для кожнага прадпрымальніка, для яго развіцця, — звярнуўся ён да прысутных. І прапанаваў вытворцам зацікавіць ІП прывабнымі ўмовамі.

Наладзіць плённы дыялог заклікаў і памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр ПАЗНЯК.

— Мясцовыя ўлады павінны спрыяць дзейнасці ІП у новых умовах. На кантроль трэба ўзяць кожны праблемны сігнал. Інфармуйце, калі не выдзяляюць памяшканне, не ідуць насустрач у пытанні велічыні арэнднай платы, — адзначыў ён.

І дадаў, што дзякуючы бізнес-інкубатарам ІП могуць «пераарыентавацца» ў сваёй дзейнасці. Напрыклад, заняцца аказаннем паслуг. Інкубатары трэба стварыць у кожным раёне.

Па выніках сустрэчы будзе створана рабочая група па вырашэнні агучаных праблем.

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Шукаць і знаходзіць паразуменне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».