Вы тут

Як развіваецца сацыяльная сфера горада атамшчыкаў?


На пытанні карэспандэнта «Звязды» адказвае старшыня Астравецкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Адам КАВАЛЬКА.


— Не паспеем азірнуцца, а першая чарга Беларускай АЭС будзе ўведзена ў эксплуатацыю. Ці не адстае ад вытворчай сацыяльная сфера ў Астраўцы, што ў гэтым кірунку зроблена і якія аб'екты з'явяцца ў перспектыве?

— Да 2020 года колькасць жыхароў ў горадзе павінна павялічыцца прыкладна ўтрая — да 25 тысяч чалавек. З улікам іх патрэбнасцяў і развіваем сацыяльную сферу. Летась сетка ўстаноў адукацыі папоўнілася гімназіяй і дзіцячым садам, зараз будуецца новы лячэбны корпус раённай бальніцы. За сродкі абласнога бюджэту нядаўна пабудавалі дом сямейнага тыпу, дзе справіла ўваходзіны шматдзетная сям'я. А ў супрацоўнікаў прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Астравецкім раёне з'явіліся новыя службовыя памяшканні.

У планах на бягучы год — будаўніцтва ў гарадскім мікрараёне № 2 дзіцячага сада, а таксама фізкультурна-аздараўленчага комплексу з плавальным басейнам. Згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы, дадзеным падчас яго візіту ў Астравец, прапрацоўваем пытанне будаўніцтва ў горадзе стадыёна. Дарэчы, разлік не толькі на грошы Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Напрыклад, на рамонт сярэдняй школы № 1 у райцэнтры плануем прыцягнуць сродкі Сусветнага банка развіцця.

— Зразумела, што прадпрыемства, установа не будуць паспяховымі без кампетэнтных спецыялістаў. Што робіцца, каб забяспечыць сацыяльную сферу належным кадравым патэнцыялам?

— Вельмі прыемна, што за апошнія тры гады на Астравеччыну прыбылі, каб распачаць свой працоўны шлях, 409 маладых спецыялістаў. У тым ліку летась — 202, сярод якіх 86 — менавіта ў сацыяльную сферу. Сёлета на працу ва ўстановы адукацыі, аховы здароўя, культуры і іншыя чакаем яшчэ 88 выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

Хачу адзначыць, што мы шмат робім для замацавання маладых спецыялістаў на першым рабочым месцы. Напрыклад, тыя з іх, хто прыбыў у раён на работу па размеркаванні не па месцы жыхарства бацькоў, могуць, згодна з прэзідэнцкім Указам, атрымаць ільготны крэдыт на набыццё хатняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці. Гэтым правам за апошнія тры гады скарысталіся 44 маладыя спецыялісты. Акрамя таго, у калектыўных дагаворах прадпрыемствы і арганізацыі прадугледжваюць меры матэрыяльнай падтрымкі моладзі — пры ўступленні ў шлюб, нараджэнні дзіцяці.

Але галоўнае для маладога спецыяліста — гэта дах над галавой. У гэтым пытанні ў нас ёсць свае напрацоўкі. Напрыклад, сёлета райвыканкам прыняў рашэнне перадаць былы будынак Белдзяржстраха на баланс раённай бальніцы. Зараз там завяршаюць рамонт з пераабсталяваннем пад інтэрнат, хтосьці ўжо нават засяліўся. Другі прыклад — у аграгарадку Варняны. На вольных плошчах у былым будынку вучэбна-вытворчага камбіната арганізавалі інтэрнат для работнікаў адукацыі, дзе могуць пражываць дванаццаць, а пры неабходнасці і больш маладых спецыялістаў.

І яшчэ. У канцы 2015-га як навагодні падарунак для ўсіх спецыялістаў сацыяльна-культурнага комплексу раёна падпісаны Указ № 524 Прэзідэнта Беларусі, які дае падставу для выдзялення жылля з фонду РУП «БелАЭС» педагогам, медыкам, спартсменам і работнікам культуры.

— Ці зацікаўлены інвестары ў будаўніцтве ў горадзе атамшчыкаў сацыяльных аб'ектаў?

— Лічу, што ў нашым раёне створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. І многія дзелавыя людзі гэтым ужо скарысталіся. Напрыклад, дзякуючы інвестыцыям турэцкай кампаніі ў Астраўцы будуюць гасцініцу. У міжнародным пагранічным пункце пропуску «Катлоўка» з'явілася аўтазаправачная станцыя, у планах — будаўніцтва стаянкі і станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў, гатэля. Адкрытае акцыянернае таварыства «Гроднажылбуд» плануе пабудаваць дом з далейшым продажам у ім кватэр.

Варта адзначыць, што інвестараў найбольш цікавяць гандлёвыя аб'екты. Пры гэтым ад буйных сеткавых кампаній не адстаюць і нашы мясцовыя інвестары. Прыкладам можа служыць комплекс «Талер», дзе пяцёра астравецкіх прадпрымальнікаў на плошчы больш за 1000 квадратных метраў арганізавалі 15 гандлёвых аб'ектаў. Добра зразумеў выгады інвеставання ў Астраўцы і Ашмянскі мясакамбінат. Гэтае прадпрыемства ўжо прадстаўлена ў нас кавярняй і шэрагам крамаў як у старым горадзе, так і ў новых мікрараёнах.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».