Вы тут

Гараж як мікрамадэль жыцця


Мы можам па-добраму смяяцца з саміх сябе.

Беларуская ва ўсіх сэнсах гэтага слова карціна «Гараш», дзе сцэнарыстам і рэжысёрам выступіў Андрэй Курэйчык, падкупляе ў першую чаргу сваёй гучнасцю. Гісторыя яе стварэння, абмеркаванне і адносны поспех у пракаце ідуць наперадзе самога твора. Пра фільм, заяўлены як трагікамедыя, мы ведаем ад самага пачатку працы над ім. Памятаем пра беспаспяховую спробу знайсці сродкі на здымкі з дапамогай краўдфандынгу. Пра рашэнне ўкласці ў праект уласныя грошы (у выніку бюджэт фільма склаў каля пяці тысяч долараў). Пра выкананне роляў рок-музыкантамі гурта Neuro Dubel Аляксандрам Кулінковічам і Юрыем Навумавым. Пра поўныя залы падчас паказу фільма ў рамках Нацыянальнага конкурсу кінафестывалю «Лістапад». Пра тое, што 11 лютага карціна выйшла ў рэспубліканскі пракат і хутка тройчы акупілася (гэта яшчэ не канец — «Гараш» будзе ісці ў пракаце да 24-га). Але наступае момант, і доўжыцца ён гадзіну, калі нам прыходзіцца бачыць і ацэньваць сам фільм.


«Гараш» мае прэтэнзію на беларускасць, праўда, на адлюстраванне не метафізічных катэгорый кшталту «беларускай душы», а цалкам зразумелых і відавочных — сістэмы і грамадства. Таму невыпадкова і цалкам лагічна, што сюжэт адштурхоўваецца ад ненавязлівага параўнання жыцця нашай краіны з пэўным абсалютам, што мільгае ў беларускіх стэрэатыпах, з ЗША. Віталя Барзова, ураджэнца Астраўца, дэпартавалі са Злучаных Штатаў, дзе ён жыў са сваімі сябрамі, працаваў у крутым аўтасэрвісе і фарміраваў свае «амерыканскую мару» і сістэму каштоўнасцяў. Вымушаны вярнуцца на радзіму, малады чалавек вырашае не ехаць у родны горад, а застацца жыць у сваёй бабулі ў Мінску. У пошуках працы, ды яшчэ і без пашпарта, які сам парваў, Віталь трапляе на свой апошні варыянт — аўтамайстэрню «Гараж» у Шабанах. Тут на працу яго бяруць два механікі ў выкананні Аляксандра Кулінковіча і Юрыя Навумава. Ролю Віталя сыграў акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Арцём Курэнь.

Хлопец са сфарміраваным за пяць гадоў жыцця ў Сэнт-Луісе мысленнем амерыканца трапляе ў абставіны, закліканыя на кантрасце адлюстраваць прынцыпы, асаблівасці і колеры жыцця ў Беларусі. Таму, напэўна, брудная аўтамайстэрня (затое з партрэтам Сяргея Ясеніна на паліцы) становіцца месцам дзеяння — яна выгадна для драматургіі фільма дысануе з нашымі глянцавымі адрэтушаванымі ўяўленнямі пра Злучаныя Штаты. Нарэшце шматгадовая дзейнасць Галівуда, які гэтыя карціны з зайздросным пастаянствам пастаўляў нашаму гледачу, чым дазволіў яму кампетэнтна разважаць пра заморскае жыццё, спатрэбілася для справы.

Андрэй Курэйчык, як сцэнарыст, не паглыбляецца ў складаныя катэгорыі і працуе з павярхоўнай, часам рэальнай, а калі трэба — стэрэатыпнай інфармацыяй, якая не прэтэндуе на дакладнасць. Праўда, гэта не робіць павярхоўным сам фільм. Многае з выкарыстаных стэрэатыпаў можна паставіць пад сумнеў, але тым не менш жарты з экрана лёгка счытваюцца і эмацыйна ўспрымаюцца беларускім гледачом. Злучаныя Штаты тут дарэчы. На іх месцы без страт магла б аказацца, напрыклад, Еўропа, замяніць толькі «амерыканскую мару» на «еўрапейскія каштоўнасці».

Значыць, на адным баку вобраз быццам ідэальнай і правільнай амерыканскай краіны, а з другога — ужо візуалізаваны «Гараж» у самым, як кажуць, крымінагенным раёне сталіцы (крымінальнасць якога, дарэчы, таксама можна паставіць пад сумнеў) з тыповай забудовай «постсаўка».

На фонавым супрацьпастаўленні прастораў адбываецца развіццё альбо перавыхаванне галоўнага героя Віталя, які лічыць, што рукі ў яго растуць адкуль трэба. Спачатку можа падацца (і на гэта штурхае мысленне шаблонамі кіно), што малады і саманадзейны чалавек вярнуўся ў краіну і з'явіўся ў новай для сябе сістэме, каб змяніць яе. У любым выпадку зачын прадугледжваў два шляхі развіцця сюжэта і даволі сімвалічна, што фільм пайшоў па другім сцэнарыі — не Віталь Барзоў прынёс новае дыханне ў аўтамайстэрню, а яна (і мужчыны, што тут працуюць) навучыла яго новаму жыццю.

Кірунак гэты стаў канчаткова зразумелы, калі «амерыканец» не змог выканаць тэставае заданне без спецыяльных прылад, а сапраўдны беларускі аўтамеханік вырашыў пытанне сурова, груба, нядбайна і, галоўнае, хутка і танна.

Прыемна, што на вялікім экране ў беларускім пракаце можна паглядзець фільм, у якім іранічна, яскрава і шчыльна, амаль адзін на адным, сабраны нюансы беларускага жыцця. Кожны з іх мы ведаем, разумеем, можам агучыць падчас кухонных размоў, але ўсё ж такі ў фільме фразы кшталту «У нас казіно больш, чым паліклінік», «Два дэманы — пажарнік і санэпідэмстанцыя», «Па законах працаваць нельга і не працаваць па законе нельга» рэпрезентуюць нашу рэальнасць і аб'ядноўваюцца ў агульны вобраз. Сугучна з якім «генетычна» Беларусь, на шчасце, — не Злучаныя Штаты і не Расія, і Еўропай з'яўляецца толькі па геаграфічных параметрах. «Гараш» мне бачыцца якраз спробай паказаць, што наша краіна — унікальная. Са сваімі, зразумела, казусамі і кур'ёзамі, але яны выклікаюць у нас замілаваную ўсмешку — чайны грыб з гарэлкай, продаж калгаснай саляркі (неразведзенай), вакальны конкурс «Люблю Беларусь» са старшынёй зорнага журы Аляксандрам С... (голас дыктара па радыё перарываецца).

Які б узровень іроніі ці сарказму ні счытваўся з экрана, фільм усё роўна падыходзіць да вобраза краіны з жыццесцвярджальнай любоўю. Невыпадковы для гэтай канвы эпізод з другарадным персанажам, што любуецца ўрбаністычным пейзажам Шабаноў: «14 мільярдаў гадоў сусвет развіваўся дзеля гэтага». Іронія, так, але і неад'емная да гэтага эклектычнага вобраза краіны прыхільнасць (ці нават адданасць). Мы маем права з пэўных выключных беларускіх з'яў кпіць і маем права з гэтага па-добраму смяяцца.

Нельга не адзначыць феерычнае «іграючае» з'яўленне Эвеліны Сакуры ў ролі супрацоўніцы «собеса», якая падпрацоўвае стрыптызёршай і называе Серабранку прыстойным раёнам. Той яшчэ вобраз, той яшчэ кантраст (толькі ўжо унутры адной сістэмы) і той яшчэ жарт.

Большасць жа рэчаў, што характарызуюць рэальнасць, была выказана ў маналогах персанажа Аляксандра Кулінковіча. Сцэнарыст увогуле захапіўся слоўнымі формамі і страціў у дзеянні, дынаміцы, жывасці. Затое беларуская кінематаграфія можа пахваліцца такой «блізкай» сучаснасці карцінай, напэўна, упершыню. Праект і прадугледжваўся злабадзённым і актуальным (я ўжо не кажу пра імкненне прадэманстраваць, што вартыя адзінкі беларускага кіно могуць здымацца без вялікага бюджэту і дзяржаўнай дапамогі). Гэтым ён і бярэ — поспех у беларускага гледача тлумачыцца простымі законамі поспеху ў цэлым — сенсацыйнасцю, блізкасцю ў часе і блізкасцю геаграфічнай. Першае забяспечвае сам Андрэй Курэйчык — так дарэчы ён валодае талентам стварэння шуму. Але і без гэтага, трэба прызнаць, «Гараш» не можа не прыцягнуць увагу.

На фільм варта глядзець не патрабавальнымі, не прыдзірлівымі да рэжысуры вачыма. Галоўнае — ён паказвае нашу краіну з гумарам, трапнасцю і любоўю. Спроба адлюстраваць вобраз Беларусі вымушае працягнуць гэтую тэму і не толькі дапоўніць яе лакальнымі заўвагамі, але і абагульніць гэта ўсё ў суцэльную карціну. Пачатак ёсць.

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.